Пра гэта заявіў журналістам кіраўнік цэнтру інфармацыі КДБ Беларусі Валеры Надтачаеў.
Паводле ягоных словаў, аб’ём незаконных паставак хімічнай сыравіны для наркавытворчасьці, якія ідуць з Расеі празь Беларусь у Польшчу, павялічыўся за апошні год у 7 разоў. “Міжнародны наркабізнэс актыўна карыстаецца выгодным геаграфічным месцазнаходжаньнем Беларусі і яе адкрытымі межамі з Расеяй”.
Ён таксама дадаў, што апошнім часам істотна ўзрасла кантрабанда сынтэтычных наркотыкаў з Польшчы і краін Балтыі ў Беларусь.
На межах з Польшчай і краінамі Балтыі кантраляваць сытуацыю Беларусі ўдаецца больш пільна, і ўсё ж кантрабандысты знаходзяць шляхі праз памежныя лясы ці балоты, часам нават з дапамогай мясцовых жыхароў, якія зацікаўленыя ў дадатковых даходах.
Як заявіў Надтачаеў, “Польшча паступова ператвараецца ў адзін з усясьветных лідэраў па вытворчасьці сынтэтычных наркотыкаў.
Тым часам у рэгіёне дзейнічаюць шмат міжнацыянальных арганізаваных злачынных груповак, у якія ўваходзяць грамадзяне Польшчы, Беларусі, Расеі, Украіны і краін Балтыі”.
Паводле Надтачаева, наркарынак у Беларусі цяпер забясьпечваюць дробныя наркадылеры. Летась у краіне былі распачатыя 122 крымінальныя справы ў сувязі з кантрабандай наркотыкаў. Былі асуджаныя 67 чалавек, канфіскавана амаль 20 кіляграмаў наркатычных і псыхатропных рэчываў.