Гомельскае малако трапіць ва Ўкраіну пад чужым брэндам

Малочная вайна з Расеяй змушае беларускія прадпрыемствы арыентавацца на рынкі іншых краінаў. І вось першая вестка: акцыянэрнае аб’яднаньне “Гомельмясамалпрам” спрабуе далучыцца да экспарту прадукцыі ва Ўкраіну. Дзеля гэтага, праўда, давядзецца выкарыстаць чужую гандлёвую марку.

Пасьля расейска-беларускай “малочнай вайны” ў Гомелі з удзелам акцыянэрнага таварыства “Жытомірскі маслазавод” і “Гомельмясамалпраму” стварылі сумеснае прадпрыемства “Беларуска-ўкраінская кампанія”.


“Альтэрнатыўныя рынкі шукаць трэба, і мы гэтым займаемся”


Расказвае намесьнік генэральнага дырэктара “Гомельмясамалпраму” Генадзь Раманенка:

“Стварылі разам прадпрыемства. Зараз яно ў стадыі афармленьня. Патрэбна рэгістрацыя ў вэтэрынарнай службе Ўкраіны. Вядзецца звычайная ў такіх выпадках праца. У нас там два прадпрыемствы — з Жытомірскім маслазаводам адно, другое — зь фірмай у Чарняхове. Гэта горад-спадарожнік Жытоміра. Увогуле, замяніць усходні напрамак цяжка, дый, выглядае, ня трэба, бо яны нашыя партнэры, і мы будзем зь імі працаваць. А альтэрнатыўныя рынкі шукаць трэба, і мы гэтым займаемся”.

Масла ў Жытомір гомельскія малочнікі пастаўляюць ад восені. Масла й сухое малако экспартуецца таксама ў некаторыя іншыя гарады Ўкраіны.

Учора ў Гомельскім аблвыканкаме з удзелам прадстаўнікоў малакаперапрацоўчай вытворчасьці Палтаўскай вобласьці Ўкраіны ладзілася нарада з мэтай апэратыўнага стварэньня сумесных прадпрыемстваў на базе малочных камбінатаў у Рагачове й Калінкавічах. Паводле зьвестак рэгіянальнага аблсельгасхарчу, гомельскія вытворцы рыхтуюць зараз буйную партыю канцэнтраванага малака, якое будзе пастаўлена паўднёвым суседзям.


“Украінскі рынак для беларускай малочнай прадукцыі можа быць толькі часовым”


Наколькі пэрспэктыўным выглядае пашырэньне экспарту беларускай малочнай прадукцыі ва Ўкраіну? Пра гэта распавёў нашаму радыё прадстаўнік “Украінскага клюбу аграрнага бізнэсу” Ўладзімер Лапаў:

“На ўкраінскім рынку малочнай прадукцыі прадстаўлены як украінскі, так і замежны бізнэс. Украіна таксама зьяўляецца экспарцёрам малочнай прадукцыі. І тут, я баюся, той выпадак, калі беларуская прадукцыя будзе мець невялікія шанцы на ўкраінскім рынку. Хутчэй за ўсё, нам трэба змагацца за іншыя рынкі збыту. Наколькі я ведаю, і Ўкраіна, і Беларусь намагаюцца выйсьці на эўрапейскі рынак. Украінскі рынак для беларускай прадукцыі можа быць хіба толькі часовым. Стратэгічна, я думаю, мы свой рынак будзем забясьпечваць самі”.


“Могуць быць наладжаны хіба толькі каапэратыўныя стасункі”


Суразмоўца кажа, што беларускае масла займела пэўную долю ўкраінскага рынку. Некаторыя сувязі захаваліся яшчэ з часоў былога Савецкага Саюзу. Беларускае масла ва Ўкраіне фасуецца і трапляе ў гандлёвую сетку пад маркай украінскіх фірмаў:

“У дадзеным выпадку як з маслам, так і зь іншымі прадуктамі размова можа ісьці пра наладжваньне каапэратыўных стасункаў. У прынцыпе, на ўкраінскі рынак, калі браць розьнічны альбо дылерскі гандаль, выйсьці ня так проста. Там жорсткія ўмовы, існуе вялікая растэрміноўка плацяжоў, рэкляма сваёй прадукцыі й гэтак далей. Выйсьці на гэты рынак са сваімі гандлёвымі маркамі складана. А на ўзроўні каапэратыўных стасункаў гэта будзе зрабіць лягчэй”.

Паводле зьвестак Украінскай аграрнай канфэдэрацыі (УАК), ва Ўкраіне ў траўні 2009 году, у параўнаньні з папярэднім годам, вытворчасьць малака павялічылася на 16%, масла — на 71%, кісламалочных прадуктаў — на 21%.