"Рэзэрвы будуць заканчвацца раней, чым крызіс”

Нацыянальны банк пашырыў калідор ваганьня беларускага рубля адносна кошыка валют удвая — ад +/-5% да +/-10%. Цяпер гэтыя межы складаюць ад 864 да 1056 рублёў, то бок пашыраны на 48 рублёў у абодва бакі.
Таксама Нацбанк адзначае, што цяпер няма перадумоваў для значных ваганьняў валютнага курсу. Цягам бліжэйшых месяцаў курс беларускага рубля адносна кошыка валют застанецца на ўзроўні, “максымальна блізкім да таго, які склаўся цяпер”. А ў выпадку практычнага выкарыстаньня ў пэрспэктыве пашыранага калідору курсу беларускага рубля “яго зьмены адносна кошыка валют у той ці іншы бок будуць праводзіцца плаўна, без выкарыстаньня значных разавых карэкціровак”.

Чым выклікана такое рашэньне Нацбанку?Чаму ўлады абяцаюць адно, а робяць іншае?

На гэтыя патаньні адказвае фінансавы аналітык Сяргей Чалы.

Чаму МВФ рэкамэндуе павялічыць аб’ём дапамогі Беларусі? Бо, відаць, у сьнежні не даацанілі глыбіню крызісу
Дашчынскі:
“Яшчэ ў сярэдзіне траўня Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад Пятра Пракаповіча “безумоўнага выкананьня” рашэньня пра захаваньне да канца года курса рубля “строга ў межах +/-5%”. На гэтым, здавалася, пытаньне было вычарпана. Прадстаўнікі Нацбанку абвяргалі ўсялякія чуткі пра дэвальвацыю. Яны запэўнівалі, што ваганьне курсу рубля застанецца ў абяцаных межах да канца года. Але апошнімі днямі кошт кошыка валют трымаўся на верхняй мяжы калідора. І нарэшце гэту мяжу падвысілі....”

Чалы: “Даўно трэба было гэта зрабіць. Хутчэй за ўсё гэта было часткай сьнежаньскага пляну, выпрацаванага зь місіяй МВФ. Звычайна крэдыт стэнд-бай суправаджаецца праграмай макраэканамічнай стабілізацыі. Спачатку вылічылі 20%-ы скачок курса. Цяпер зразумела, што гэтага недастаткова. Пасьля рубель прывязалі да кошыка валют. Ідэя была зьбіць адначасова інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканьні. І пасьля варта было пераходзіць да пашырэньня калідору. Бо ва ўмовах высокай унутранай інфляцыі такая жорсткая прывязка зноў назапашвае дэвальвацыйны патэнцыял. Таму трэба было зьбіць паніку і перайсьці да пашырэньня межаў, а потым і цалкам да плаваючага курсу. Але ж у нас пастаянна распаўсюджвалі чуткі пра дэвальвацыю і новы абвал. Потым яшчэ заява Кудрына падагрэла гэтыя настроі. Таму не ўдавалася перайсьці да гэтага мэханізму. Проста адцягвалі гэтае рашэньне, бо баяліся панікі. Таму гэта сьмелы крок. І пабачым, як на гэта адрэагуе насельніцтва”.

Дашчынскі: “У выніку мы зноў сутыкаемся з праявай дэвальвацыі. Фактычна, улады сваімі паводзінамі выклікаюць недавер у насельніцтва.”

Чалы: “Яшчэ на пачатку студзеня нармальнай мовай не змаглі патлумачыць, што адбываецца. Калі пайшлі дзікія страхі наконт дэнамінацыі. Ніхто не ўзяўся простай мовай патлумачыць, што адбываецца ў нас з эканомікай. Калі не хапае інфармацыі, чуткі нараджаюць паніку. Таму даводзілася стрымліваць курс даляра даўжэй, чым гэта было неабходна.

Можна абысьціся без дэвальвацыі, калі скарачаць унутраныя выдаткі. Але гэта дастаткова балючыя меры нават у палітычным сэнсе. Таму складана сказаць, якім шляхам мы пойдзем. Падобна гэта разумее і МВФ, і Ўсясьветны банк”.

Дашчынскі:
“Паводле прагнозу Міністэрства фінансаў, абменны курс даляру ў канцы гэтага года складзе 3028 рублёў, а эўра – 3937 рублёў. Цяпер узьнікае пытаньне, а ці ўдасца ўтрымацца ў новых межах калідору?”

Чалы: “Калі ўсё будзе нармальна з фінансаваньнем МВФ і расейскай траншай крэдыту, калі раптоўна нічога не адбудзецца на ўсясьветных рынках, то ўпэўненасьць Нацбанку можна лічыць шчырай. Чаму МВФ рэкамэндуе павялічыць аб’ём дапамогі Беларусі? Бо, відаць, у сьнежні не даацанілі глыбіню крызісу. А з пачатку года, ня выключаны, новы крэдыт ад МВФ. Таму Беларусь і МВФ зацікаўлены пераседзець крызіс на пазыках. Цяпер ідзе пэўная гонка, што раней скончыцца, нашы рэзэрвы ці крызіс? Чым большай будзе надзея пераседзець нічога не робячы, тым горш. Бо структурна нічога ў эканоміцы не мяняецца. Я мяркую, што рэзэрвы будуць заканчвацца раней, чым крызіс”.

Алесь Дашчынскі