“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.
На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Brazgotka.
Жыве Іран!
Падзеі ў Іране выклікалі ў блогераў высновы, што мы жывем у недадыктатуры. Карыстальнікі вывешваюць фота акрываўленых людзей, якія лепш не глядзець, асабліва ўражлівым.
“Вось як дзейнічаюць сапраўдныя рэвалюцыянэры супраць сапраўднае дыктатуры. І ім пагражае не 15 сутак. А мы ўсё сакавіцкую плошчу-2006 узгадваем як нейкі касьмічны ўчынак, Дзень міжвольнае Волі сьвяткуем. Эх, рэвалюцыянэры... Вось дзе воля! Жыве Іран!” — маніфэстуе sanczenia ў суполцы by_politics.
Zmagarka піша: “Пакуль амаль уся афіцыйная прэса маўчыць. дакладней, дзейнічае асьцярожна. каб дай божа чаго лішняга пра гэтых “жахлівых чурак-тэрарыстаў” не сказаць. тое самае і з Грузіяй было ў мінулым жніўні. і шмат зь якімі яшчэ краінамі. “маральнай” адмашкі чакаюць. азіраюцца на ЗША — калі тыя гучна заявяць пазыцыю, тады і гэтыя падцягнуцца”.
“Шмат хто, я гляджу, радуецца таму, што адбываецца ў Іране. Маўляў, рэвалюцыя, народ прагне свабоды й хоча скінуць таталітарны рэжым… Нехта сур'ёзна лічыць, што пасьля перамогі Мусаві Іран ператворыцца ў краіну кшталту Бэльгіі? Ці хаця б Турэччыны? Адзін мусульманскі лідэр зьменіць іншага. Мусаві, дарэчы, ужо заявіў, што не адмовіцца ад ядравай праграмы”— сумняецца browar-dryhvy.
Чые?
Мала хто не жахаўся з публікі, прыведзенай (цяпер ужо невядома кім) на Дэмакратычны кангрэс. Фота іх яшчэ ў суботу разьмясьціла ў сваім блогу Юлія Дарашкевіч. Некаторыя камэнтары да фота:
— гопнікі таксама людзі
— Чамусьці фатаздымкі толькі першых шэрагаў, дзе засела гэтая скрабцоўская водмаразь. 97% залі былі нармалёвыя людзі.
— цікава, чэл паказвае “фак” — эўрапейска-амэрыканскую каштоўнасьць.
У традыцыйнай для яго манеры камэнтуе гэтыя фота карыстальнік lesnoi-slon:
“Як вам новыя твары беларускай апазыцыі?Адна рэч — на кангрэсе пераможнага лукашызму сьпяць тоўстыя старшыні калгасаў альбо там на зьезьдзе КПСС сьпяць старыя пёрдалы з абласьцей, але калі на зборышчы змагароў з рэжымам у сьпячцы палова залі... Зрэшты, якое змаганьне, такія і змагары... Шаноўныя, ці ня вы гэта кандомы з вакна мне на клюмбу перад пад’ездам кідаеце? Відаць, у слоўніку сынонімаў зьявіўся новы запіс: быдла-гопнік-апазыцыянэр.”
А хлопцы выявіліся зязюльчынымі дзецьмі, вось ужо Сяргей Скрабец ад іх адмаўляецца:
“Гэта наагул ня нашыя людзі. Гэта людзі, якія належаць да аднаго вядомага грамадзкага руху, нядаўна зарэгістраванага зь вельмі падобнай назвай”.
У ЖЖ камэнтуюць:
— Засталося толькі арганізаваць вочную стаўку Скрабца і fotaczka, якая кажа, што “гэтыя былі скрабцоўскія, ён мне сам сказаў”, і мы дазнаемся праўды”.
— Па-мойму, калі ў ліку арганізатараў шоў Скрабец, Сіўчык, Макаеў і Дранчук, іншыя правакацыі не патрэбныя ў прынцыпе. Наўрад ці іх туды Мілінкевіч высунуў.
Ці трэба перакладаць?
Учора Тацяна Заміроўская адрэагавала сваім меркаваньнем на паведамленьне пра тое, што Юра Дземідовіч у хуткім часе засьпявае пра чароўнага трусіка па-беларуску:
“Здарылася ў Беларусі (альбо ў сувязі зь ёю) нешта добрае, сьветлае, чыстае і выдатнае — дык давайце перакладзем гэта на беларускую! Мажліва, тады яно стане больш нашым? Калі Аляксандар Рыбак выйграў “Эўрабачаньне”, у Сеціве тут жа распачаўся конкурс найлепшага перакладу песьні “Казка”. Наш, беларускі хлопчык перамог; усё, што зь ім трэба зрабіць — гэта перакласьці, каб канчаткова замацаваць духоўную перамогу нейкім лінгвістычным маркерам, саліднай пазначкай, зарубкай на пракаветным дрэве беларускай культуры. Калі “Чароўны трусік” Юры Дземідовіча абышоў увесь інтэрнэт, песьню таксама кінуліся перакладаць. Цяпер, падаецца, канчаткова зацьверджаны варыянт, дзе “чароўны трусік малюе крэйдай плюсік”. Тут важна ўсьведаміць момант пераходу поўнай дзэнскай адсутнасьці, чароўнага абсалюту Нішто ў ціхі знак ухваленьня, дадаваньня і нават прыбаўленьня. Кролик рисует нолик — сьвет абнуляецца. На яго ўяўных аскепках паўстае наш, беларускамоўны трусік і пачынае маляваць плюсік — усё пачынаецца наноў, спадарства, плюсадзін!”
Блогеры ў адказ з імпэтам выказаліся пра журналістку Заміроўскую і праблему ў цэлым. Вось некаторыя з водгукаў на артыкул:
— проста Трусік стаў у нечым падставай для таго, каб закрануць тэму мовы ў музыцы. І, як на мяне, яна не дае адназначнага адказу, бо ўвесь час і сама ня ведае, як ставіцца да тых ці іншых перакладаў і г.д. Мне падаецца, даволі слушна ўвогуле выказалася.
— Мне падабаецца стыль Тацяны, і я разумею, што яна неабыякавы чалавек. Але сапраўды складаецца ўражаньне, што часам ня ведае, якое ў яе стаўленьне да той ці іншай зьявы.
— Яна, канечне, хацела сказаць даволі рацыянальную і разумную рэч. Што перакладам на мову мы ня робім гэта сваім, і што гэта ненатуральна — перакладаць дзеля перакладу, а ня дзеля мастацкай вартасьці. Але я не разумею, ці гэта ёй перашкаджае? Навошта цэлы артыкул пісаць на гэтую тэму.
— Расейская мова з вуснаў беларусаў гучыць там, дзе маўчыць беларуская. Таму любое слова, любы пераклад, любы наватвор, зроблены па-беларуску — гэта крок. Крок наперад па дарозе ў 7000 міляў. “За выбор темы” Тацьцяне Заміроўскай “садись, кол”.
— Баба разумнага ніколі не напіша.
Abrykos напісаў з гэтай нагоды асобны пост пад назвай “За вакном застой, а працэсы ідуць”, у якім разважае, калі “поп-эстрада засьпявае беларускай (калі гопнікі і прастытуткі загавораць беларускай калялітаратурнай мовай) і пры гэтым будзе прадавацца” і колькі ўсяго для гэтага неабходна.
Чаго яшчэ не хапае беларусам? Сhris_gomel у запісе пад назвай “Трындим по-белорусски! Жупім па-беларуску!” дублюе і захоўвае для нашчадкаў пераклад некаторага набору ў рознай ступені карысных выразаў:
Ты что, тормоз? — Гальмар, ці што?
Хочешь в морду, да? — Дастаць у мызу хочаш?
Сколько пар завтра? — Колькі спарышоў заўтра?
А е-ndrus выклаў прысьпеў адной вядомай беларускай песьні па-літоўску. Здаецца, нескладана ўгадаць:
Mes, partizanai, — karo vaikai
Mes, partizanai, — Lietuvos sūneliai
Mes, partizanai, mylim mūsų Tėvynė
Nuvalsim mūsų gimtinė nuo
Безназоўнае
Паэт Аdamovitch на выходных прысьвяціў balachon’у вясёлую казань:
1. Сяргею, Сяргею,
2. сапраўды, сапрады Вам кажу
3. лыжы.
4. Сапраўды Вам кажу: лыжы ёсьць сымбалем гей-культуры. І вось, браце мой, пільная ёсьць патрэба пакласьці на іх забарону. Бо лыжы і два кіі сымбалізуюць чатыры чэлесы. Той казаў, прыйшлі яны да нас з Бабілёну-гораду. Пайшлі яны ад парэнчаў бабілёнскае вежы — ідэі чэлесу, юру і распусты, бо ў сярэдзіне мела тая вежа дзірку. А чатыры чэлесы — гэта грэх купны, які пад пільнаю забаронаю ёсьць.
У камэнтарах: “Новая зорка на затуманеным небасхіле беларускага пастарства... Добрая штука!”
Нескладана здагадацца, якім бокам гэтая казань да календара з аголенымі літаратарамі. З прэзэнтацыі календара ёсьць цікавыя фота ад карыстальніка aliaksei і поўны вусьцішы ад сутыкненьня з Тагасьветным водгук пісьменьніцы Вольгі Грамыкі:
“Падняўшыся на другі паверх, мы з Генам, Колем і Жэнем пабачылі цёмнае прытхлае памяшканьне, на падлозе якога віліся правады, а ўздоўж сьцяны стаяла некалькі дзясяткаў крэслаў. Народ паводзіў сябе вельмі сьціпла, як і належыць на сходзе таемнага таварыства. Усе касавурыліся адзін на аднаго і відавочна пачуваліся няёмка. Мяне так і падмывала выхапіць з сумкі чырвоны членскі білет і залямантаваць: “Усім
Дабрыня і мяккасьць
Kapialush “убачыў мудакоў, якія ВНЕЗАПНО перафарбавалі белую вежу белага касьцёла ў жоўты колер” і выказвае сваё меркаваньне, што варта рабіць з рэстаўратарамі:
“Рэзаць, вешаць, забіваць, паліць на вогнішчах, катаваць гішпанскім сапагом, разрываць на дыбе, спальваць у крэматорыях”.
donjeune задумаўся над тым, што ўсе ведаюць галубоў, але ніхто ня бачыў, як выглядаюць іх птушаняты. Аказваецца, вось так:
“Маленькія пухнатыя дзюбатыя прышпільныя камячкі. Не назваў бы іх прыгожымі, але ёсьць рэчы і больш агідныя”.
А што можа адказаць суполка minsk_by чалавеку, які шукае крылы анёла?
“Шаноўная супольнасьць! Думаю, адказ на гэтае пытаньне можа цікавіць ня толькі мяне аднаго. Дзе ў Менску можна набыць крылы анёла?”
Нехта — па сутнасьці — падказвае адрасы. Астатнія — па традыцыі:
— унівэрсам “Сталічны”, на мінулым тыдні бачыў замарожаныя, 7500 за кг.
— Адгадаваць.
— Самому зрабіць слабо?
А yahorava раздае шчанятак :
“Самы вялікі зь іх — белы гладкі хлопчык зь вялікімі суууумнымі вачыма. І ўвогуле выгляд даволі пародзісты, падобны да Снупі”.
Вось так.