Бэніта Фэрэра-Вальднэр назвала гутарку з А.Лукашэнкам “вельмі прадуктыўнай”. Гаварылі пра фінансавую дапамогу, візы і правы чалавека.
Эўракамісар у справах зьнешніх сувязяў Бэніта Фэрэра-Вальднэр паведаміла, што за дзьве з паловай гадзіны перамоваў яна і Аляксандар Лукашэнка закранулі ўсе пытаньні, якія тычацца стасункаў Беларусі і Эўразьвязу.
“Я думаю, што гэта быў добры старт таго, што, я спадзяюся, будзе эпохай у нашых дачыненьнях”, - падсумавала яна на выніковым брыфінгу для журналістаў.
Эўракамісар таксама паведаміла, што Эўракамісія прыкладае намаганьні, каб Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, а таксама Эўрапейскі інвэстыцыйны банк аказалі фінансавую дапамогу Беларусі.
Фэрэра-Вальднэр нагадала, што Эўразьвяз і Эўракамісія чакаюць ад Беларусі выкананьня галоўных умоваў:
- Сумесная праца зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) у справе зьмяненьня выбарчага заканадаўства Беларусі, каб наступныя выбары праходзілі паводле новага заканадаўства;
- Свабода СМІ;
- Свабода сходаў;
- Рэгістрацыя недзяржаўных арганізацыяў;
- Вызваленьне палітзьняволеных.
Яна таксама паведаміла, што ў часе перамоваў у Менску паўставала пытаньне пра зьмяншэньне кошту візаў для грамадзянаў Беларусі. У прыватнасьці, беларускі бок жадае, каб віза патаньнела з 60 да 35 эўра.
“Я падтрымліваю гэтую прапанову і пастараюся давесьці неабходнасьць гэтага да краінаў, якія ўваходзяць у Эўразьвяз”, - зазначыла Эўракамісар у справах зьнешніх сувязяў Бэніта Фэрэра-Вальднэр.