Нацыянальны банк прыйшоў да высновы, што мэтазгодна зьмяніць межы дапушчальных ваганьняў курса беларускага рубля адносна кошыку валют ад +/-5 да +/- 10%.
Цяпер гэтыя межы складаюць ад 864 да 1056 рублёў, ці пашыраны на 48 рублёў у абодва бакі.
Адпаведнае рашэньне Праўленьня Нацыянальнага банку прынята сёньня.
У афіцыйным паведамленьні Нацбанк патлумачыў прычыны такога рашэньня. Маўляў, Нацбанк сумесна з урадам працягвае рэалізацыю ўсіх неабходных захадаў, каб абмежаваць уплыў усясьветнага крызісу на эканоміку краіны. “Нягледзячы на некаторыя прыкметы стабілізацыі эканомік шэрагу краінаў, захоўваецца няпэўнасьць у разьвіцьці ўсясьветнай эканомікі ў цэлым і рызыкі зьнешнеэканамічнага асяродзьдзя. Прысутнічае высокая ўзаемная няўстойлівасьць сусьветных валют”, — гаворыцца ў паведамленьні Нацбанку.
Паводле Нацбанку, пашырэньне калідора створыць “рэзэрвовую магчымасьць больш гнуткай рэакцыі курсавой палітыкі ў выпадку зьяўленьня дадатковых неспрыяльных зьнешніх фактараў”.
Таксама Нацбанк адзначае, што цяпер няма перадумоваў для значных ваганьняў валютнага курсу. Цягам бліжэйшых месяцаў курс беларускага рубля адносна кошыка валют застанецца на ўзроўні, “максымальна блізкім да таго, які склаўся цяпер”. А ў выпадку практычнага выкарыстаньня ў пэрспэктыве пашыранага калідору курсу беларускага рубля “яго зьмены адносна кошыка валют у той ці іншы бок будуць праводзіцца плаўна, без выкарыстаньня значных разавых карэкціровак”.