Зьмітру Хведаруку забараняюць гаварыць па-беларуску?


Салдат-апазыцыянэр Зьміцер Хведарук паведаміў сваім сябрам пра пагрозы з боку камандаваньня часткі. Паводле Зьмітра, яму забараняюць падчас дзяжурства аддаваць каманды па-беларуску. Ён сьцьвярджае, што камандзіры тлумачаць гэта патрабаваньнямі вайсковага статуту, які нібыта забараняе ў беларускім войску карыстацца іншымі мовамі, акрамя расейскай.

СЛУХАЦЬ:


Хведарука запэўнілі, што за сыстэматычнае парушэньне статуту справу перададуць у пракуратуру. Камандаваньне ж часткі абвяргае выказваньні актывіста.

Актывіст “Маладога фронту” Мікола Дземідзенка распавёў “Свабодзе” пра тэлефонную размову са Зьмітром Хведаруком:

“Казаў, што на яго ціснуць з-за таго, што ён аддае каманды, заступаючы ў нарады, па-беларуску. Тлумачылі, што гэта не стасуецца са статутам, і пагражалі перадаць справу ў пракуратуру”.

Сябры Зьмітра адзначаюць, што стаўленьне да Хведарука ў войску пагоршылася літаральна цягам апошніх двух тыдняў. Яны лічаць, што камандаваньне часткі атрымала загад зьверху стварыць для апазыцыянэраў больш жорсткія ўмовы службы.

Франак і Вінцук Вячоркі
З гэтым пагаджаецца Вінцук Вячорка. Ягоны сын Франак служыць у Мазыры:

“Камандаваньне часткі заявіла, што Франку забараняюцца звальненьні і сустрэчы з гасьцямі. Казалі, што супраць яго могуць быць распачатыя справы адразу па некалькіх матывах.

Не сумняваюся, што на мінулым тыдні паралельна з калегіяй уздымалася пытаньне палітычных прызыўнікоў. Стаўленьне зьмянілася да горшага”.

Выканаўца абавязкаў намесьніка камандзіра па ідэалёгіі Сяргей Лапанік даведаўся, што інфармацыя пра забарону размаўляць па-беларуску набыла галоснасьць. Ён заявіў “Свабодзе”, што Зьміцер Хведарук з гэтае нагоды напісаў пісьмовае тлумачэньне.

“Забароны не было. Казаў нам, што чуў, без усялякіх прозьвішчаў. Мы ж самі разумеем, што згодна з Канстытуцыяй — дзьве мовы, і ўсім зразумела. У тлумачэньні ён напісаў, што чуў, а прозьвішча не назваў”.

Прадстаўнік упраўленьня інфармацыі Міністэрства абароны, кіраўнік агенцтва “Ваяр” палкоўнік Андрэй Шубадзёраў сьцьвярджае, што ў войску няма ніякіх перашкодаў для беларускай мовы.

“У нас афіцыйны сайт Мінабароны мае беларускамоўную вэрсію. У газэце “Во славу Родины” публікуюцца артыкулы на беларускай мове. Гэта дзяржаўная мова. Якія праблемы ў нас могуць быць у гэтым пляне?”

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў раіць зьвяртацца ў пракуратуру на кожны выпадак забароны карыстацца роднай мовай.

“Калі ўзьнікае такая калізія, калі ў войску, міліцыі, КДБ ад салдат патрабуюць не размаўляць па-беларуску, то такім чынам парушаецца дзейнае заканадаўства і закон аб мовах. Таму трэба адразу напісаць на гэтага афіцэра скаргу генэральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь”.

Назіральнікі лічаць, што праблема ня ў тым, можна ці не размаўляць па-беларуску, а ў тым, што салдаты-апазыцыянэры — на асаблівым рахунку, і каманда знайсьці нейкія недахопы ў часе службы будзе выканана.

29 чэрвеня ў Менскім гарадзкім судзе будзе разглядацца касацыйная скарга Зьмітра Хведарука на рашэньне раённага суду, які прызнаў законнымі дзеяньні мэдыкаў і вайскоўцаў падчас гвалтоўнага прызыву актывіста ў войска.