“Славянскі базар” выбірае паміж карнавалам і зонай

Сяржук Серабро

Грамадзкі рэдактар тыдня – Сяржук Серабро. Нарадзіўся ў 1975 годзе ў Вёсцы Баяры Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і вясковага настаўніка. Журналісцкую працу пачаў у 1995 г. у газеце “Выбар”, якую рэдагаваў вядомы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда. З 1999 года — кіраўнік выдавецкіх праграмаў ГА “Цэнтр моладзевых ініцыятываў “Контур”, а ў 2001 годзе стаў галоўным рэдактарам заснаванай “Контурам” абласной газеты “Віцебская трыбуна”. Нажаль у 2004 годзе газету пазбавілі ліцэнзіі. У якасці фотажурналіста супрацоўнічаў з газетай “Віцебскі кур’ер”. У 2006 годзе стварыў уласную інтэрнэт-газету “Народныя навіны Віцебска”, якую на сённяшні момант штодня наведваюць каля 600 чалавек. Вядзе блог у Жывым Журнале.

Ліпень для Віцебска азначае “Славянскі базар”. У фэстывальныя дні насельніцтва гораду павялічваецца ўдвая, правінцыйная разьмеранасьць жыцьця мяняецца на мітусьлівасць сталіцы, хай сабе толькі культурнай.


Пік папулярнасьці “Славянскага базару ў Віцебску” як музычнага фэстывалю даўно мінуў: канцэртная праграма з кожным годам робіцца менш разнастайнай, нават прымадона-пэнсіянэрка Ала Пугачова ўжо колькі гадоў не зьяўлялася на віцебскай сцэне, “гала-канцэрт майстроў украінскай эстрады” ў мінулым годзе складаўся з адной Русланы, а ў гэтым увогуле будзе нейкі танцавальны ансамбль.


Аднак “Славянскі базар” чакаюць. Чакаюць не расейскіх поп-зорак, якія даўно намулялі вочы, і білеты на іх канцэрты даводзіцца праз прафкамы распаўсюджваць сярод працоўных калектываў. Чакаюць той настрой, які прыходзіць у Віцебск разам з задушліва вільготнай сьпёкай, і які называецца словам, што гучыць зусім не па-беларуску, а хутчэй па-бразільску — карнавал.



Так, карнавал! З сапраўднымі трапічнымі залевамі і навальніцамі, гарачымі потнымі жанчынамі і цёплай гарэлкай замест тэкілы. У чаканьні гэтага карнавалу народ цэлы год адкладае капейчыну, каб сьвяточна паесьці недасмажанага “шашлыка”, які яшчэ ўчора спрабаваў цапнуць за лытку госьця культурнай сталіцы каля Дома-музэя Шагала на Пакроўскай вуліцы.


А які карнавал без параду? Парад пачынаецца бліжэй да ночы. Падвоенае насельніцтва горада выліваецца на вуліцы і– імкнецца. Куды імкнецца –незразумела, бо парад мае беларускую адметнасьць: кожны паасобку кудысьці рухаецца, але натоўп застаецца на месцы. Віруе! Бурлівая людзкая плынь рознакалярова мігціць кітайскімі лямпачкамі электрарагоў, электравушэй і яшчэ халера ведае чаго. Тут і там вырываецца на свабоду паветраны балёнчык і наўздагон яму ляціць пакрыўджаны разьвітальны віск дзіцёнка. Раніцай шлях натоўпу можна прасачыць па тоўстым слоі сьмецьця, які пакрывае асфальт.




Так было ад году ў год, і з веку ў век, пакуль 3 ліпеня ня грымнуў выбух у Менску. Леташні фэстывальны Віцебск нагадваў хутчэй Белфаст пад час Troubles, чым Рыо-дэ-Жанэйра ў пару карнавалу. Горад быў падзелены турнікетамі на сэктары, часам на працягу ста мэтраў чалавек быў вымушаны тры разы прайсьці праз вароты-мэталядэтэктар, яго абшуквалі і адбіралі пакункі з сокам ці бутэлькі з напоямі. Зразумела, пра гарэлку і размовы ісьці не магло – ні пра халодную, ні пра цёплую. Які ўжо тут карнавал? Ня выратавалі сытуацыю і сэксапільныя рэгуліроўшчыцы ў міні-спадніцах, што зьявіліся на віцебскіх перакрыжаваньнях у фэстывальныя дні.




Што будзе сёлета? Вернецца ў ліпеньскі Віцебск карнавальны настрой, ці стане традыцыйным леташняе пачуцьцё “зоны”? Пажывем — убачым. Міжнародны фэстываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пачнецца 10 ліпеня. Горад у прадчуваньні...