“Фэстываль малака” пасярод “малочнага канфлікту”

Фота Лоры Зайцавай

У нядзелю ў Менску прайшоў “Фэстываль Малака”. Сябры “Саюзу прадпрыемстваў малочнай галіны Рэспублікі Беларусь” зьехаліся ў сталіцу, каб прыцягнуць увагу да айчыннай прадукцыі малака і малочных прадуктаў.
Фэстываль прапаноўваў дэгустацыю, продаж вырабаў, музычны канцэрт, нумары артыстаў цырку і бясплатныя атракцыёны для дзяцей.


“Фэстываль малака” заплянавалі значна раней за пачатак “малочнага канфлікту” з Расеяй. Прычына - зьніжэньне попыту на малочную прадукцыю. Фэстываль – адно з шэрагу мерапрыемстваў, заплянаваных “Саюзам прадпрыемстваў малочнай галіны” для падвышэньня культуры спажываньня малака і малочнай прадукцыі. А “малочная вайна” – ні пры чым, распавядае спэцыяліст па сувязях з грамадзкасьцю Ірына Урбановіч:

“ На дадзены момант нашы заводы як працавалі – гэтак і працуюць. У той сьпіс забароненых прадуктаў амаль нічога не патрапіла з іх шэрагу экспарту ў Расею. Як бачыце – працуюць усе актыўна, каля кожнага шапіка – чэргі”.