Беларусь хоча заблякаваць стварэньне калектыўных сіл АДКБ

МЗС Беларусі паведаміла, што Беларусь нязгодная з рашэньнямі саміта АДКБ, на якім хочуць стварыць Калектыўныя сілы хуткага рэагаваньня арганізацыі.
Паводле прэсавай службы МЗС Беларусі, у сакратарыят АДКБ сёньня перададзеная афіцыйная нота беларускага боку. У ёй гаворыцца, што згодна са статутнымі дакумэнтамі АДКБ няўдзел Беларусі ў саміце гэтай арганізацыі (у пасяджэньнях Рады калектыўнай бясьпекі, Рады міністраў замежных спраў, Рады міністраў абароны) “абазначае адсутнасьць згоды Беларусі на прыняцьце разгляданых гэтымі органамі рашэньняў і адпаведна адсутнасьць кансэнсусу для прыняцтьця рашэньняў у адпаведнасці з правілам 14”.

Беларускі бок спасылаецца пры гэтым на правілы працэдуры органаў АДКБ.

Асноўны пункт парадку дня сёньняшняга саміту АДКБ – стварэньне калектыўных сіл хуткага рэагавання АДКБ. Такім чынам Беларусь заяўляе пра сваю нязгоду на ўдзел у гэтых сілах і нават спрабуе заблякаваць іх стварэньне кансэнсусным шляхам.

Паводле артыкулу 12 Статуту АДКБ, падпісанага 7 кастрычніка 2002 года, рашэньні Рады калектыўнай бясьпекі, Рады міністраў замежных спраў, Рады міністраў абароны і Камітэту сакратароў радаў бясьпекі АДКБ прымаюцца кансэсусам. Выключэньне складаюць працэдурныя пытаньні. Стварэньне калектыўных сілаў рэагаваньня да працэдурных не адносіцца.