Будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі, выдзяленьне крэдыту Міжнароднага валютнага фонду, галадоўка прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.
Будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі — адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў “Свабоды”.
Пятро Жураўлёў, Менск: “Добрай раніцы, “Свабода”! Хачу выказаць сваю заўвагу наконт прэс-канфэрэнцыі, якая адбылася на мінулым тыдні і ўрыўкі зь якой прагучалі на Радыё Свабода наконт будоўлі атамнай станцыі ў Астравецкім раёне. Нейкі чыноўнік, адказваючы на пытаньне карэспандэнта, зазначыў, што нібыта той разлом, які турбуе там кагосьці, знаходзіцца ад пляцоўкі будоўлі АЭС на адлегласьці 160 кілямэтраў. Я маю адукацыю горнага інжынэра-геоляга, і мне няцяжка было зірнуць на мапу тэктанічных разломаў, якія існуюць на тэрыторыі Беларусі. Дык вось, разлом, які так і называецца — Астравецкі разлом, праходзіць непасрэдна праз Астравецкі раён, а побач зь ім яшчэ Дзятлаўскі, Карэліцкі, Заслаўскі, а між імі яшчэ некалькі разломаў бяз назваў. І ўвогуле ўвесь фундамэнт Беларусі, то бок так званыя карэнныя крышталічныя пароды, паколатыя разломамі на шматлікія блёкі, якія цягнуцца з захаду на поўнач, і з захаду на ўсход, і з поўдня на поўнач праз усю Беларусь. Вядома, гэтыя разломы схаваныя пад асадкавымі пародамі на рознай глыбіні. Ад Астраўца да Менску 125 кілямэтраў, і як будуць паводзіць сябе гэтыя разломы падчас землятрусу, мне цяжка сказаць. З павагай”.
У наступным тэлефанаваньні слухач задае пытаньне:
Сяргей: “Прывітаньне, Свабода! 5 чэрвеня па канале СТБ прайшла інфармацыя: для таго каб атрымаць крэдыт Міжнароднага валютнага фонду, Беларусь ня выканала адну ўмову, але там не сказалі, якую. Мяне вельмі цікавіць гэтае пытаньне: якую ўмову ня выканала Беларусь, каб атрымаць крэдыт ад фонду?”
Адказвае эканаміст Леанід Заіка:
“Умовы атрыманьня крэдыту не апублікаваныя. І мы дакладна ня ведаем, але гэтыя ўмовы могуць быць наступныя: каб падтрымліваць беларускі рубель, не падвышаць заробкі, лібэралізацыя эканомікі, прыватызацыя і іншыя. Могуць быць і іншыя ўмовы, і мы зараз дакладна ня ведаем, якія. Але я пералічыў галоўныя. МВФ не друкуе сваіх дамоў з урадамі краін, зь якімі супрацоўнічае. Наш урад таксама не друкуе гэтых умоў”.
Працягваем праграму выказваньнем у зьвязку з галадоўкай, якую трымае ў турме прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч.
Спадарыня: “Сьледчы Мікалая Аўтуховіча выконвае замову ўсёмагутнага і ўсёмоцнага замоўніка. Ня маючы канкрэтных фактаў для абвінавачаньня, больш за трое сутак ніхто ня мае права трымаць пад арыштам ні ў чым не вінаватага чалавека. Зараз жа вызваліце Мікалая Аўтуховіча, які памірае ў турме. І як сьледчы вы абавязаны аднавіць яму здароўе за ваш кошт, бо праз вас ён пайшоў на гэтую акцыю”.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.