Суд над фігурантам “справы 14-ці” Максімам Дашуком пачнецца 15 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Менску.
Першапачаткова разгляд крымінальнай справы моладзевага актывіста Максіма Дашука быў прызначаны на 1 чэрвеня. Судовае паседжаньне было перанесенае з-за хваробы аднаго з народных засядацеляў на працэсе.
Актывісту выставілі абвінавачаньне ў парушэньні ўмоваў адбыцьця пакараньня (артыкул 415 Крымінальнага кодэксу). Максіму пагражае зьняволеньне тэрмінам ад шасьці месяцаў да трох гадоў.
У дзень прад’яўленьня абвінавачаньня, 23 лютага, Максім Дашук быў зьмешчаны ў Менскі СІЗА, але на наступны дзень пракурор зьмяніў зьняволеньне на падпіску аб нявыезьдзе.
Паводле праваахоўных органаў, Дашуку было вынесена некалькі папярэджаньняў за парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня ў выглядзе “хатняга” арышту. Паводле М.Дашука, усе папярэджаньні былі вынесеныя за тое, што ён не знаходзіўся ў кватэры ў патрэбны час.
Нагадаем, Максім Дашук у 2008 годзе быў асуджаны на паўтара года пазбаўленьня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Максіма Дашука вязьнем сумленьня.