Леаніда Сьвеціка судзяць за нібыта датычнасьць да напісаньня і распаўсюду лістоў з пагрозамі ад імя “Русского Национального Единства”, якія ў 2006-07 гадах атрымлівалі віцебскія апазыцыянэры і прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі.
Справу, якая складаецца з 11-ці тамоў па 200-250 старонак кожны, разьбірае судзьдзя абласнога суду Галіна Ўрбановіч. Калі яна прызнае яго вінаватым, паводле артыкулу 130 часткі 1 Крымінальнага кодэксу праваабаронцу пагражае да 5-ці год пазбаўленьня волі.
Спадар Сьвецік свае віны катэгарычна не прызнае. Ён перакананы, што абласная ўправа КДБ ініцыявала супраць яго гэтую крымінальную справу, каб запалохаць або адпомсьціць за праваабарончую дзейнасьць. Праваабаронца кансультаваў віцебскіх актывістаў, якія атрымлівалі лісты ад імя “віцебскай філіі “Русского Национального Единства” і разам зь імі патрабаваў, каб міліцыя і КДБ знайшлі тых, хто пагражае ім расправай за. Але цягам двух гадоў адпаведныя органы заяўнікам адмаўлялі, спасылаючыся на тое, што “РНЕ” — не зарэгістраванае грамадзкае ўтварэньне.
20 траўня мінулага году крымінальную справу ўсё ж завялі, аднак спачатку сьведкам, потым падазраваным і ўрэшце абвінавачаным КДБ прызнаў менавіта Леаніда Сьвеціка.
Сьледчая група ад пачатку абвінаваціла яго ня толькі ў распальваньні міжнацыянальнай і міжканфэсыйнай варожасьці, але і ў паклёпе на прэзыдэнта РБ. Аднак абласная пракуратура скасавала гэта абвінавачаньне.
Вядомыя віцебскія апазыцыйныя актывісты – Барыс Хамайда, Алена Залеская, шэраг сябраў КХП БНФ, якія ў розны час атрымлівалі лісты з пагрозамі расправы за палітычныя погляды і грамадзкую актыўнасьць, -- лічаць праваабаронцу ні ў чым не вінаватым, а справу супраць яго – адмыслова сфабрыкаванай.