4 месяцы таму байцы падраздзяленьня “Алмаз” уварваліся ў дом Мікалая Аўтуховіча, правялі вобшук і арыштавалі гаспадара дому. Вынікам стала крымінальная справа, якая дагэтуль не завершаная. На знак пратэсту Мікалай Аўтуховіч трымае галадоўку.
СЛУХАЦЬ:
54-ы дзень галадуе ў Менскім сьледчым ізалятары Мікалай Аўтуховіч, прадпрымальнік з Ваўкавыску, якога падазраюць у падпальваньні дома мясцовага міліцыянта. Сам Аўтуховіч мяркуе, што зь ім вырашылі паквітацца за грамадзкую і апазыцыйную дзейнасьць. Паводле апошніх зьвестак, Мікалай Аўтуховіч за час галадоўкі схуднеў больш як на 25 кіляграмаў, яго ўтрымліваюць у мэдычнай частцы ізалятара. Адвакат Павал Сапелка кажа, што ягоны падабаронны “настроены рашуча і гатовы працягваць акцыю да выкананьня ягоных патрабаваньняў”. Нагадаю, Аўтуховіч патрабуе альбо перадачы справы ў суд, альбо вызваленьня пад падпіску аб нявыезьдзе.
Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны дакладна 4 месяцы таму. Паводле зьвестак праваабаронцы Алега Воўчака, — таксама былога аўганца, як і Аўтуховіч, — каб яго арыштаваць, зь Менску ў Ваўкавыск 8 лютага прыехаў атрад байцоў спэцпадразьдзяленьня “Алмаз”, натрэніраваных для захопу асабліва небясьпечных злачынцаў:
“Прыехалі а 6 гадзіне раніцы, сьведкі налічылі больш за 40 чалавек, “Алмаз”. Прычым былі камандзіры “Алмазу” і опэрупаўнаважаныя зь Менску з камітэту па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, падпалкоўнікі, капітаны. Гэта вельмі рэдка бывае, каб такая колькасьць і такі ўзровень. Можа, падумалі, што ў Аўтуховіча, як былога аўганца, у двары стаіць танк і ён будзе адстрэльвацца. Зразумела, што гэта была такая акцыя застрашваньня, толькі невядома для каго”.
Былы сьледчы Алег Воўчак тлумачыць: ператрусу звычайна папярэднічае допыт, падчас якога падазроны можа сам заявіць пра захоўваньне забароненых рэчаў. “Аўтуховічу такой магчымасьці не далі, а ўчынілі допыт пасьля ператрусу. Ня ведаю, што там знайшлі, але не выключаю, што нічога, інакш бы справу ўжо даўно завяршылі і перадалі ў суд”, — мяркуе Алег Воўчак.
2 сакавіка тагачасны міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў заявіў журналістам, што затрыманыя ў Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка нібыта даюць паказаньні адносна захоўваньня выбухоўкі і зброі і гэтая справа неўзабаве патрапіць у суд. Вось фрагмэнт таго інтэрвію:
“Захоўвалася зброя і выбухоўка. Іх плянавала ўжыць група асоб, у якую ўваходзіць і грамадзянін Аўтуховіч. Зараз усе гэтыя асобы затрыманыя, мы маем нашмат болей інфармацыі, бо фактычна шмат хто зь іх супрацоўнічае са сьледзтвам. Мяркую, пакуль мы яшчэ ў поўным аб’ёме дзяліцца інфармацыяй ня будзем, але ў бліжэйшыя тыдзень-два мы яшчэ выставім новыя абвінавачаньні, зьвязаныя з падрыхтоўкай асабліва цяжкіх злачынстваў. Ня думаю, што мы доўга будзем расьсьледаваць гэтую справу. Цягам некалькіх месяцаў яна пойдзе ў суд, дзе вы ўсе зможаце зь ёй азнаёміцца”.
Адвакат Мікалая Аўтуховіча Павал Сапелка адзначае, што заява былога міністра Навумава пра хуткую перадачу справы ў суд супадае з патрабаваньнем ягонага падабароннага Аўтуховіча, але пакуль ня выкананая:
“Паглядзім, што народзіць гэтая гара. Пакуль сьледзтва не завершанае і няма чаго камэнтаваць. Ці выставілі іншае абвінавачаньне — пра гэта мне таксама невядома. Таму — дачакаемся заканчэньня расьсьледаваньня”.
Нагадаю, расьсьледаваньне цягнецца ўжо 4 месяцы і невядома, калі скончыцца. На пачатку чэрвеня яно было працягнута яшчэ на месяц. Адной з прычын, якія падштурхнулі Мікалая Аўтуховіча да галадоўкі, паводле адваката, было тое, што з удзелам Аўтуховіча фактычна не вядуцца ніякія сьледчыя дзеяньні.
Мікалаю Аўтуховічу выставілі абвінавачаньне ў падпале дому міліцыянта ў 2005 годзе. Між тым за гэтае злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а сам пацярпелы ня мае да Аўтуховіча прэтэнзіяў. Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку падазраюць у садзейнічаньні Аўтуховічу. Справу вядзе сьледчы з гарадзенскай міліцыі Віталь Кухаронак, які адмаўляецца ад кантактаў з журналістамі.