Чым цяжэй уладзе, тым больш у яе “ворагаў”

У сваім інтэрвію кіраўнікам расейскіх друкаваных СМІ Аляксандар Лукашэнка расказаў пра ўласны досьвед барацьбы з карупцыяй у Беларусі. На канкрэтнае пытаньне — “Як дамагчыся таго, каб гэтае зло не разрасталася па меры ўзмацненьня барацьбы зь ім?” — Лукашэнка заявіў: “Трэба пасадзіць усіх карупцыянэраў ня побач з сабой за стол, а туды, куды трэба”.
Сёньня карэспандэнты “Свабоды” распавядаюць пра апошнія затрыманьні і арышты кіраўнікоў, абвінавачаных у карупцыі.

Гомель

Аднаго генэральнага дырэктара застрэлілі, другога — арыштавалі

Буйное акцыянэрнае таварыства “Гомельшкло” засталося без кіраўніка. Генэральнага дырэктара Юр’я Ільева арыштавалі супрацоўнікі КДБ.

Арышт стаўся нечаканым для калектыву.

“Усе рабочыя ў шоку, – гаворыць адзін з тамтэйшых працаўнікоў. – Ільеў — граматны кіраўнік, сумленна выконваў свае абавязкі. Многія з цэхаў, у прыватнасьці, наш цэх пенашкла яму проста абавязаны. Лінію ў нас закрылі, але людзей не скарацілі, а разьмеркавалі па заводзе, каб яны маглі зарабляць хоць якія грошы. Нават гэта кажа, што ён добры чалавек. Усё імкнуўся рабіць сумленна, каб людзям было добра”.

Таксама людзі апавядаюць, што шклозавод цяпер, хаця й не бязь цяжкасьцяў, але працуе поўны тыдзень. Калектыву ніхто не патлумачыў, у чым правініўся генэральны дырэктар:

“Нічога асаблівага ня кажуць. Чуваць было, што затрымалі. Здаецца, ня першы раз. Нейкія там падазрэньні былі. Камусьці, можа, гэта й трэба было. Можа, хочуць іншага дырэктара”.

Сярэдніх гадоў спэцыяліст зьвяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі ад кіраўніка, які прыпаў не да спадобы, можна лёгка пазбавіцца:

“У нас у краіне такое становішча, што людзей, якія не да спадобы, можна пры жаданьні заўсёды адставіць убок. Таму цалкам магчыма, што гэта чыёсьці жаданьне”.

“Камусьці трэба падзяліць грошы. Усё тут адбываецца з-за грошай”

Іншы працаўнік дадае:

“Асабіста я думаю, што камусьці трэба падзяліць грошы. Магчыма, заводзкія, магчыма, яшчэ дзе-небудзь. Проста так не бывае — усё з-за грошай”.

У сьнежні гэтага году ў акцыянэрным таварыстве плянавалі запусьціць новую лінію, каб выпускаць ліставое паліраванае шкло. Наўрад ці Юры Ільеў выканае даручэньне кіраўніка дзяржавы, які падчас наведваньня “Гомельшкла” наказваў гэтую лінію зрабіць недарагой і адпаведнай эўрапейскім узорам.

Выканаўцам абавязкаў кіраўніка прадпрыемства цяпер прызначаны намесьнік Ільева па будаўніцтве Рыгор Казак.

Папярэдняга генэральнага дырэктара “Гомельшкла” Ўладзімера Запольскага застрэлілі ў Гомелі ў 2000 годзе ў пад’езьдзе ягонага дому, калі ён прыехаў на абед. Забойства дагэтуль не раскрытае.

Магілёў

“Прычыны магілёўскай карупцыі варта шукаць у Менску”

На Магілёўшчыне самы распаўсюджаны від карупцыйных злачынстваў — хабарніцтва.

Пра затрыманьні хабарнікаў рэгулярна паведамляюць афіцыйныя крыніцы. Вось толькі некаторыя факты апошніх двух месяцаў. Пры канцы красавіка зьняволілі чыноўніка Быхаўскага райвыканкаму. Нібыта яму спрабавалі даць хабар у памеры 800 даляраў. 12 траўня затрымалі супрацоўніка газавай гаспадаркі вобласьці. Ён за дадатковую плату вырашаў праблемы газыфікацыі насельніцтва. Дваццаць шостага траўня, таксама пры атрыманьні хабару, злавілі супрацоўніка гарвыканкаму.

Найчасьцей у рэгіёне арыштоўваюць чыноўнікаў зь сярэдняга зьвяна выканаўчай улады. Па камэнтар мы зьвярнуліся да Рыгора Кастусёва. Ён цяпер каардынуе працу рэгіянальнага камітэту “Грамадзкі кантроль”.

“Ёсьць неафіцыйнае ўказаньне — прадстаўнікоў улады да ўзроўню намесьнікаў старшыні райвыканкамаў альбо адпаведных пасадаў не затрымліваць без каманды зьверху, нават калі і ёсьць канкрэтныя факты карупцыі. Аднак, ведаючы, што трэба рабіць справаздачы, што барацьба з карупцыяй вядзецца, здаюць ніжэйшых”.

Сярэдні памер хабару на Магілёўшчыне вырас ад $600 да $1500

Тое, што Магілёўшчына — карумпаваны рэгіён, заявіў і Лукашэнка. Менавіта пасьля ягонай крытыкі пачасьціліся паведамленьні сілавых структураў пра выкрыцьцё карупцыянэраў.

Рыгор Кастусёў лічыць, што прычыны магілёўскай карупцыі варта шукаць у Менску:

“Найбольшая колькасьць прадстаўнікоў найвышэйшага эшалёну ўлады — гэта выхадцы з Магілёўшчыны. А прадстаўнікі ўлады на Магілёўшчыне, маючы “дах” у выглядзе вялікага начальства ў краіне, квітнеюць за кошт карупцыі”.

І яшчэ адна карупцыйная адметнасьць. Сярэдні памер хабару ў рэгіёне вырас за няпоўны год з шасьцісот даляраў да адной тысячы пяцісот даляраў.

Горадня

Карупцыйныя скандалы буйных чыноўнікаў ня тычацца

На Гарадзеншчыне карупцыйныя скандалы закранаюць толькі сярэдні ўзровень чыноўнікаў.

Адна з такіх спраў разглядалася ў Смаргоні. Вядучы інжынэр прадпрыемства “Смаргоньсылікатабэтон” быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі “за сыстэматычнае атрыманьне хабару ад падначаленых”.

Усяго па ягонай справе было выяўлена 5 эпізодаў атрыманьня хабару на агульную суму 510 тысяч рублёў. Рабочы прадпрыемства спадар Віталь кажа, што ўсе былі абураныя такім прысудам, бо чалавеку было 58 гадоў, ён лічыўся добрым спэцыялістам і шмат у чым дапамагаў людзям:

“Мне падаецца, што правасудзьдзе занадта жорстка, не разабраўшыся, асудзіла. Так не павінна быць. Я разумею, што калі па-сапраўднаму вінаваты — атрымай пакараньне. Але ж мы бачылі гэтага чалавека. Іншыя крадуць мільярды і атрымліваюць два гады. А тут чалавек яшчэ і з хваробай сэрца”.

“Чалавек, які ня мае блізкага дачыненьня да адміністрацыі ў Менску, ніяк не адкупіцца”

Мясцовы праваабаронца Алесь Дзергачоў лічыць, што пакараньне відавочна несувымернае злачынству. Ён нагадвае пра справу Галіны Жураўковай з адміністрацыі прэзыдэнта і робіць наступныя высновы:

“Атрымліваецца, што гэты чалавек, які ня мае блізкага дачыненьня да адміністрацыі прэзыдэнта, ня можа ніяк адкупіцца і павінен адбываць тэрмін пакараньня”.

Яшчэ адзін выпадак здарыўся ў Ваўкавыску. Дырэктара мясцовага таварыства паляўнічых і рыбаловаў асудзілі на 7 гадоў пазбаўленьня волі за хабар ад грамадзяніна, каб яму не перашкаджалі ў атрыманьні арэнды паляўнічых угодзьдзяў.

У ваўкавыскім таварыстве на былога кіраўніка хутка забыліся, і ніхто нічога адносна ягонай справы сказаць ня мог. А вось у абласным таварыстве паляўнічых і рыбаловаў спадар Віктар патлумачыў мне, што дагэтуль ня можа паверыць, каб за такія рэчы маглі даваць такі хабар.

Ён кажа, што ў апошнія гады людзі сыходзяць з таварыства, бо паляваньне стала дарагой забавай. Зь яго слоў, цяпер ліцэнзія на дзіка да двух гадоў каштуе 200 тысяч рублёў:

“Ды не паверу я, і нават слухаць не хачу. Вось вы заплацілі б такія грошы нават за арэнду паляўнічых угодзьдзяў?”

Суразмоўца ўпэўнены, што справу аб карупцыі прыдумалі мясцовыя начальнікі, каб замяніць прынцыповага чалавека на паслухмянага ім чыноўніка.

Берасьце

Арыштаваны бізнэсовец, які накіраваў у аблвыканкам антыкрызісныя прапановы

У Берасьці арыштаваны заснавальнік тамтэйшай швейнай асацыяцыі “Дыёма” Валянцін Дандорф. Адбылося гэта пасьля раптоўнай праверкі ўсіх прадпрыемстваў “Дыёмы” ды канфіскацыі абсталяваньня і матэрыялаў.

“Дыёма” — пачынальнік швейнага прадпрымальніцтва ня толькі ў Берасьці, але і ўва ўсёй Беларусі. Як лічыць намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Віктар Чайкоўскі, пасьля арышту кіраўніка асацыяцыі беспрацоўнымі апынуліся больш як 300 швачак:

“Гэта вынік нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку дзяржавы. Вырабы “Дыёмы” карысталіся павышаным попытам у Расеі і ва Ўкраіне. Калі ж гаварыць пра дзяржаўныя прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці, то яны на Берасьцейшчыне працуюць пераважна на склад”, — тлумачыць Віктар Чайкоўскі.

Сваю думку выказвае таксама берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін:

“У рэгіёне, як і ўва ўсёй Беларусі, ідзе наступ менавіта на сярэдні слой прадпрымальнікаў з той мэтай, каб засталіся толькі буйныя. Гэты бізнэс ачольваюць блізкія да ўлады людзі. Менавіта яны вырашаюць свае праблемы і здабываюць прыбыткі за кошт ліквідацыі слабейшых канкурэнтаў”.

Нашаму радыё стала вядома, што апошнім часам Валянцін Дандорф распрацоўваў антыкрызісныя захады, яго канкрэтныя прапановы абмяркоўваліся ў аблвыканкаме.

У сям’і арыштаванага шасьцёра дзяцей.

Камэнтар “Свабоды”. Пра абвешчаную Лукашэнкам вайну з карупцыяй выказваецца былы старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал-маёр міліцыі Мечыслаў Грыб:

“Увесь гэты час, цэлае дзесяцігодзьдзе ідзе пошук ворагаў. Калі ворагаў у краіне няма, тады гэтая ўлада жыць ня можа. Чым цяжэй будзе ўладзе кіраваць, тым яна больш заўзята, больш актыўна будзе шукаць ворагаў. Таму што трэба ж будзе гэтыя правалы на некага сьпісваць. 15 гадоў — яны ні разу не сказалі, што мы там і там ня мелі рацыі. Але калі гэтыя заявы будуць разыходзіцца з рэальным становішчам у краіне, калі будзе пагаршацца жыцьцё, скарачацца працоўны дзень і г.д., трэба ж на некага казаць. І чым будзе горш у краіне, тым больш актыўна будзе ісьці гэтая праца, будуць шукаць ворагаў — унутры краіны і за яе межамі”.