“Кантакты паміж Менскам і Масквой будуць зьведзены да чыста фармальных стасункаў”

Андрэй Суздальцаў

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў назваў недапушчальнымі з пункту гледжаньня дыпляматычнай этыкі выказваньні на адрас прадстаўнікоў расейскага кіраўніцтва, якія дазволіў сабе кіраўнік адной з краінаў — бліжэйшых партнэраў Расеі.
Ён падкрэсьліў, што ў Расеі “ніколі не дазвалялі і ня будуць дазваляць сабе асабістых характарыстык адносна кіраўнікоў іншых краін. Хаця мы маглі б сказаць што-небудь адносна эфэктыўнасьці эканамічных захадаў, якія імі робяцца, чаму яны зьвяртаюцца да нас па дапамогу, падтрымку”.

Камэнтуючы сытуацыю, маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў адзначыў:

“Там такая сытуацыя атрымалася, што 29 чысла кіраўнік Беларусі назваў Кудрына “казлом”. Вы разумееце, які стан расейскага істэблішмэнту?!

Такі ўзровень стасункаў, такія абразы — гэта ня тое што не прынята. Гэта ж войны пачыналіся з-за меншых нагодаў. Гэта неспасьціжна. Кантакты паміж Менскам і Масквой будуць зьведзены да чыста фармальных стасункаў. Людзі, якія ўваходзяць ва ўсясьветны істэблішмэнт, прыяжджаюць у невялікую дзяржаву, якая жыве за кошт крэдытаў і зьнешняй падтрымкі, і там цябе называюць “казламі”. Проста Лукашэнка пацьвердзіў сваю поўную недамоваздольнасьць. Ну як даваць грошы хуліганам, якія ня ўмеюць сябе проста паводзіць?!”