Грамадзкі рэдактара тыдня Валер Дранчук нарадзіўся на стаўпецка-нясьвіскім памежжы, на родавым хутары, дзе рэчка Гавязьнянка і лес Замкавое. У 1994-м зрабіў самотнае падарожжа на ровары па ваколіцах польскай правінцыі. Выдаваў прыродалюбную газэту “Белавеская пушча”. Аўтар кніг, экалягічных выданьняў і фотавыставаў. Сёлета выдаў фотакаляндар “Сьвятая вада Беларусі” – восьмы па ліку ў сэрыі “Маляўнічая Бацькаўшчына”.
ФОТАГАЛЕРЭЯ
Трохі пра хутар, вяртаньне да вытокаў і жаданьне назаўжды застацца ў спадчынным гнязьдзе
Я ня ведаю, дзе і калі я памру, але ведаю, я так вырашыў, што пахаваюць мяне на родным хутары. І ўсе мае сьцежкі-дарожкі, зямныя шляхі завяжуцца тут, у ступах і засені родных дрэваў – ясеняў, клёнаў, ліп і дубоў.
Гэта файная пэрспектыва, яна мяне цалкам задавальняе і супакойвае, бо я пэўны, што вярнуся дамоў назаўжды, каб застацца і сьцерагчы гэты кут сваіх продкаў, спрыяць нашчадкам, праводзіць і сустракаць іх.
Пытаньне, дзе пахавацца, паўстала гадоў дзесяць таму, калі я пачаў даглядаць магілы сваіх продкаў (пасярэдзіне кладаў, побач труны майго дзеда вырасла сьмецьцезвалка; малюнак несуцешны і крыўдны, і я шчасьліва ўявіў, што труны дзядоў маглі б ляжаць і на нашым хутары, зялёным і чыстым, у дагледжаным, аздобна ўрачыстым ды ганаровым месцы).
Усё, што я сёньня раблю альбо зьбіраюся тут зрабіць, – гэта як мага захаваць сваю малую спадчыну, бацькаўшчыну-Айчыну, улоньне і схоў для сябе і тых, хто заступіць пасьля мяне. Сёньня тут шмат разназёлу, травы, выводзяць патомства птушкі, гудуць чмялі, і дрэвы растуць зь цішыні. Усё цьвіце і буяе. Пяе салавей, кувае зязюля, стукае дзяцел, вупае ўдод і ў высокім палёце бляе бакас.
Я зьберагаю ня толькі дух продкаў, іх зямлю і спадчыну, але часьціну сьвету і Беларусі, што адыходзіць ад нас далей і далей. Насуперак адыходжаньню і аддаленьню я спрабую застацца, не аддаляючыся. Застацца ў праўдзівай бацькаўшчыне і праўдзівай краіне. Тут ніякай глямурнасьці, позы або рэклямы. Хутчэй выпрабаваньне. Можа, экспэрымэнт. Але йнакш у мяне не атрымліваецца: я незваротна набліжаюся да вытоку. Пра Айчыну і продкаў, паснулых навек, вельмі трапна і мужна казаў Караткевіч: “Яны аддалі нам меч і касу, Слова з вуснаў, цяпер нямых... І нам немагчыма пайсьці адсюль І пакінуць са сьмерцю іх”. Геніяльны запавет: бараніць зямлю і вытокі, роднае слова, прыроду і сваю памяць!
Мой хутар – гэта бяскрайнасьць, усе бакі сьвету наўзвоч. У адзін дзень я магу сесьці на ровар і наведаць блізкі Нясьвіж, у другі -- праехаць шляхам Сыракомлі, трапіць у Мір і Стоўбцы. Альбо ўзяць паўночны разьбег ды праз гадзіну-паўтары апынуцца пад Мікалаўшчынай, павітацца зь лілеяй на нёманскай старыцы... Ёсьць асаблівая дарога, якою мама хадзіла ў школу вучыць вясковых дзяцей. Яе толькі ўмоўна можна назваць дарогай, бо сёньня гэта цяжкі дыягназ стану сучаснага асяроддзя. Сям-там на працягу тыдня апынемся мы разам, я правяду і пакажу, а заадно і сам шмат на што гляну яшчэ ды яшчэ раз.