Бел-чырвона-белыя хвалі над Клецкам

Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”, эфір 28 траўня.
Адметнасьць вандроўкі ў Клецк я адчуў зь першых жа хвілін, калі за пышнай, рудой барадой Сяргея Панамарова, калі той падышоў, убачыў дзьве характэрныя постаці, якія тут жа нэрвова схапіліся за “сотавікі”. Хата Сяргея ў цэнтры, акурат на павароце на пляц, дзе адбываюцца ўсе афіцыйныя ўрачыстасьці. Так што праз пару соцень мэтраў ад цэнтральнага прыпынку я не паверыў вачам — над невялікім аднапавярховым будынкам лунаў бел-чырвона-белы сьцяг! Я ўключыў магнітафон…

Панамароў: “Першы раз сьцяг я павесіў у 2005-м, калі пасьля парлямэнцкіх выбараў пачаўся моцны ціск. У мяне канфіскавалі сталярны цэх на 730 квадратаў. Мяне асудзілі за, нібыта, „узбагачэньне“. За цэх, які выкупіў у дзяржавы за свае грошы з дазволу райвыканкаму, з заключэньнем дамовы. Грошы не вярнулі, навесілі вялізны сустрэчны пазоў у 10 мільёнаў. Год я судзіўся, і калі прайграў апошні суд па цэху, у мяне застаўся апошні гроб з чучалам — зладзіў кампанію „пахаваньне прадпрымальніцтва“. І вывесіў сьцяг. Тры тыдні ён лунаў на ветры, днём і ноччу былі супрацоўнікі міліцыі. Міліцыянты не зрывалі, бо на ланцугу ратвэйлер, а я фатаграфаваў кожнага, хто падыходзіў. І калі міністру, да якога адносілася праца маёй жонкі, паклалі фотаздымак на стол, зь міністэрства ёй сказалі, што „калі муж ня зьніме сьцяг, разумееце, што будзе“. Паколькі мы аплачвалі валютны крэдыт сына — а ў яго дзіцёнак нарадзіўся — я сьцяг зьняў…”

Спадар Сяргей быў даверанай асобай у жонкі, спадарыні Сьвятланы — дэмакратычнага кандыдата на тагачасных выбарах у парлямэнт. Але да палітычных бітваў Сяргею Панамарову не прызвычайвацца. 57-гадовы праваабаронца, рэдактар незалежнай газэты “Бойкі Клецк” быў пастаўлены на ўлік у КДБ за занятак іканапісам. Мастак-дызайнэр паводле адукацыі, пасьля прыезду ў Беларусь у 91-м ён завёў уласны бізнэс, а ягоныя творы разьбярства разыходзіліся ва ўсе бакі — да памянёных падзей.

Найперш вырашаем адарвацца ад “віжоў”, якія, кажа, суправаджаюць кожны крок. Яго сябра прыпыняе аўто на павароце, і перабягаем на паралельную вуліцу. Хутка былі ля майстэрні 47-гадовага Івана Пятроўскага. Спадар Іван займаецца грузаперавозкамі, і пакуль дазваляліся найманыя рабочыя, меў 2 самазвалы. Цяпер адзін, у якім корпаўся, калі мы прыйшлі.



Пятроўскі: “У гэтым годзе я працаваў толькі тыдзень, таму што няма працы. А калі ёсьць заказы — неплатаздольныя там і тут. На хлеб зарабляеш, каб з маслам памазаць, а „бугор“ нам толькі сьніцца…” (Сьмех.)

Але ўвесь Клецак ведае, як спадар Пятроўскі хадзіў да мясцовага кіраўніка Анатоля Бойкі.

Панамароў: “Кіраўнік вэртыкалі славіўся лаянкай. Той запісаў у часе сустрэчы і даў яму паслухаць, я выдаў у „Бойкім Клецку“. Чыноўніка такога рангу трэба вучыць культуры, бо гэта цынікі, мацяршчыньнікі ды грубіяны…”

Зварочваем да падворку 70-гадовага спадара Ўладзіміра Ёсіка. Проста на гародзе — рэшткі фарнага касьцёла Сьвятой Тройцы 15-16 стагодзьдзя.



А вось і гаспадар — гарбаплечы, высакарослы — глядзіць спадылба.

Ёсік: “Казаў у музэі, каб зрабілі таблічку, а яны прынесьлі фанэрку гэту на шчыце — насьмешка! Разбамбілі савецкія войскі — заўважылі там карэкціроўшчыкаў, якія перадавалі, куды біць. Як далі прамой наводкай — 4 жаўнеры і афіцэра выкінула з вакна. Пасьля вайны старшыня райвыканкаму сказаў пагарэльцам — „разьбірайце касьцёл ды будуйце печы“. Людзі супраць былі, накупілі бляхі і думалі аднавіць яго. Ксёндз паглядзеў, што ад бальшавікоў нічога не дачакацца, і прадаў бляху. А сам уцёк у Польшчу. І тут пачалі яго разьбіраць. А сюды людзі вазілі сьмецьце, котак, парасят дохлых. Старшыня гарсавету кажа мне: калі закрыеш яму, бяры соткі ў цэнтры гораду — тут табе і на гарод хопіць. А тут пустэча была. Во і паставіў хату. Было гэта ў 50-х гадах…”

Падыходзіць спадарыня Іна Кебікава, настаўніца ангельскай ды беларускай моваў. Нават ня верыцца, што гэтая невялікага росту, з удумлівымі вачыма жанчына брала ўдзел у выбарах ад Партыі БНФ, выйграла суд у загадчыка райана. Але, адпаведна месцу, размова пераходзіць на рэлігійныя тэмы.


Кебікава: “Сьвятар, айцец Матвей, сам вырашыў правесьці рэканструкцыю царквы ў „расейскім“ стылі — усталявалі залатыя цыбуліны на купалах. Мяне раздражняе, што ён гаворыць не па-беларуску і нават не па-расейску, а на царкоўнаславянскай. Гэта настолькі нудна, незразумела, што людзі адбываюць альбо ходзяць пабачыцца са сваімі знаёмымі, як у клюб. Я праваслаўная, але туды не хаджу…”

Панамароў: “Айцец Матвей забараняе жанчынам хадзіць у царкву ў штанах. Апошнім часам забараніў духавыя аркестры — кажа, калі ёсьць, не пайду на адпяваньне…”

Кебікава: “Калі мой тата будаваў касьцёл, я думала — о, будзе беларускі асяродак! Але па раскладзе адна служба па-беларуску, астатнія на польскай мове. Дык атрымліваецца: царква — гэта прапаганда расейшчыны, а касьцёл — прапаганда Польшчы. У канфэсійным Клецку няма месца Беларусі…”

* * *


Апоўдні ідзем са спадаром Панамаровым у офіс яго жонкі — спадарыні Сьвятланы. Сяргей называе яе для сябе “падарункам лёсу”. 18 год пераносяць разам усе нягоды, у тым ліку палітычныя. Па дарозе разважае:

Панамароў: “Праблема рэгіянальных партыйных суполак у тым, што сталічныя лідэры зусім забыліся на свой працуючы актыў. Мне, як кіраўніку рэгіянальнай суполкі Партыі БНФ, за 3 з паловай гады не паказаўся тут ніводзін, хоць тройчы ж абяцалі мне. Хлопцы мясцовыя прыходзілі, чакалі. Правінцыя кінутая! На рэгіёны скідваюцца толькі пэргамэнты для тлумачэньня па электроннай пошце. Таму да нас людзі не ідуць, бо бачаць, што мы адзінкі. Нас садзяць, запалохваюць, трагічна скончыла жыцьцё Яна Палякова з Салігорску. Таму шмат сьвядомага народу, што не атрымлівае аб’ектыўнай інфармацыі, на нас глядзяць са шкадаваньнем і боязьзю. Яны ня бачаць нашых лідэраў — сілу партыі!”

Мы ў Клецкім бюро Агенцтва дзяржнерухомасьці. Знаёмлюся са Сьвятланай Панамаровай. Яна — рэгістратар, высокаадукаваны юрыст. Ва ўважлівых вачах гэтай прыгожай, статнай жанчыны адчуваецца воля. Пытаюся, як удалося вытрымаць ціск пасьля парлямэнцкай кампаніі, у часе якой…

Панамарова: “Неафіцыйная інфармацыя была. Я атрымала больш за палову галасоў. З боку кіраўніцтва прэтэнзій не было. А адміністрацыя раёна імкнулася зрабіць непрыемнасьці. Званілі майму кіраўніцтву, прасілі, каб звольнілі з працы, на што адказвалі, што прычын няма — я атэставаная, адукацыя адпаведная. Анатоль Сьцяпанавіч Бойка — „тое няправільна, тое няправільна…“Але ўсё непрафэсійна…”

Цікаўлюся, як сёлета зьмянілася сытуацыя на рынку нерухомасьці ў Клецку.

Панамарова: “У нас купляліся кватэры ў асноўным за крэдыты, бо ў нашым рэгіёне няма людзей зь вялікай заработнай платай. Таму цяпер мала купляюць. У Клецку самая вялікая сума, за якую прадалі аднапакаёўку, — 21 тысяча даляраў. А ў асноўным — 15 тысяч. Але гэта па крэдытах! Я думаю, шмат людзей забудуць пра мары пра кватэру, калі ня будзе дапамогі ад дзяржавы. Для 10-тысячнага Клецку гэта, можа, і пад сотні. Цяпер купляюцца дамы толькі ў вёсках — тысяча, 700 даляраў. Іх прадаць за такую цану проста, каб не стаялі і не псаваліся. Крэдыты ж выдаюцца пад такія працэнты, што людзі ня будуць браць, бо нерэальна разьлічыцца…”

Мы ў сьціплай кватэры 82-гадовай карэннай жыхаркі, былой фэльчаркі, спадарыні Пальчынскай. У часе Другой сусьветнай была актывісткай Саюзу беларускай моладзі. Яна раскладае пажоўклыя здымкі, і мы разам зь ёй паглыбляемся ў тыя часы…


Пальчынская: “У Баранавічах адкрылі вучэльні — мэдыцынская, гандлёвая. Мне мэдыцына бліжэй была. І ў 42 паступіла. Дырэктарам быў айцец Леў Гарошка — усе яго ведаюць, вельмі прыгожая мова ў яго была, ён выкладаў пра ВКЛ, Багдановіча, Гаруна. Усьвядомленыя і распаленыя былі. Сабралі нас у СБМ у 43 годзе. Асновай было вывучэньне гісторыі, складалі патрыятычныя песьні, вальсы, гімны. Да прыходу Саветаў мы разьбегліся — кіруючыя на Захад, а мне 17 год, я яшчэ баялася. Але як прыйшла Савецкая ўлада, аб’явілі, што вучэльні будуць рэканструявацца. У школу прыходзілі ў цывільным, але далі закончыць. І накіраваньне ў Клецк! Але тут ведалі, што я прыяжджала ў форме СБМ. А я ў паліклініцы была рэдактарам сьценгазэты. І ў Дзень вызваленьня ад белапалякаў трэба было напісаць “перадавіцу”. Я мела неасьцярожнасьць напісаць: “Пры паляках ніхто ня ведаў беларускай мовы — мы былі „крэсы ўсходні“. Пры немцах было страшна вучыцца і жыць. А прыйшлі Саветы — таксама „пад падазрэньнем“. І тут жа выклікалі ў райкам партыі — „вы пры немцах у арганізацыі беларускай былі“. Ну, я і не адмахвалася. У іх вачах мы ворагі. У 50-я ўжо была замужам, дзяўчынцы год і месяц. Загадалі ехаць у Баранавічы атрымаць мэдыкамэнты. Мне кажуць — трэба пачакаць. Прыходзяць удвох і павялі мяне ва ўпраўленьне НКУС. І мяне закрылі. Я кажу — у мяне дзіця някормленае. „Няпраўда, вы ня корміце грудзьмі, у нас даведка.“ І затрымалі з санкцыяй, пастрыглі, памылі.І потым праз Воршу, Ленінград у валагодзкі край…”

Паводле артыкула 52/76 “за антысавецкую прапаганду” спадарыня Ірына была асуджаная на 10 гадоў лягераў, 10 паражэньня ў правах з канфіскацыяй маёмасьці. З 1950 па 56 яна правяла ў Каргапальскім лягеры.

Пальчынская: “Першы час выходзіла на лесапавал, улетку на сенакос. Потым захварэла, даведаліся, што мэдработнік, стала лягчэй — то ў стацыянары, то ў лягерным пункце. І перад вызваленьнем, пасьля сьмерці Сталіна паслалі ў лягер Шэлуці — туды маці і дачушка прыехалі. Муж паехаў да сваёй радні на Ўкраіну і даслаў падпісацца на развод праз паўтара года пасьля арышту…”

Карэспандэнт: “Ёсьць паралель паміж сталінізмам і тым, што завецца „лукашызмам“?”

Пальчынская: “На адным узроўні. Мо тэрору крыху менш, але палітыка такая ж. Маўляў, калі скажу я — рабіце, як я, не са мной — значыць, супраць мяне. Мы там не адчувалі сябе беларусамі, і тут не адчуваем…”

Я выходжу на аўтобусны прыпынак з хаты Сяргея Панамарова і яшчэ раз фатаграфую яго ля хаты, на фоне асобна ўзятага, відочнага, бел-чырвона-белага астраўка. Памятаеце, мінулая частка размовы скончылася тым, што вымушаны быў яго зьняць. Аж не — лунае ізноў. Спадар Сяргей працягвае:



Панамароў: “Я тры дні хварэў, ня ведаючы, што рабіць. А тут наступае 3 ліпеня — іх Дзень незалежнасьці. Я сабраў апошнія грошы, купіў фарбаў бел-чырвона-белых і пафарбаваў дахі — адзін памаранчавы, два нашых. Ідзе парад, аркестры. І тут яны бачаць дахі. І з тае пары дахі пафарбаваны. Сьцяг лунае. На ноч з§дымаю, бо Роцьці сьпіць. А зараз, калі я на сьвяты выкідаю двухмэтровыя сьцягі, міліцыянты са мной ня зьвязваюцца. І “Хартыя”, і “Наша ніва” ў воплескі, калі дзесьці ён на гадзіну. А ў Клецку ён лунае не гадзіну-паўтары, а ўвесь сьветлы дзень. Таму я і пісаў у Менск — “у 2-мільённым горадзе ў знамянальныя дні сотнямі павінны зьяўляцца нашы сьцягі, а ня жабіста-чырвоныя, Сталіным падораныя. Жахліва жыць у краіне, дзе цісьнецца малейшая самастойнасьць. Таму сьцяг — я хачу чысьціні ў нашых шэрагах…”