Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 24 траўня
ВЫДПРАЦЭС
УЛАДЗІМЕР СІЎЧЫКАЎ: “МЫ ХОЧАМ ВЫДАЦЬ ТРЫЦЦАЦЬ ГРАМАТЫК ЗАМЕЖНЫХ МОВАЎ”
Выдавецтва “Радыёла-плюс” распачало новую кніжную сэрыю “Беларускія Эўраграматыкі”. Яна адрасаваная тым, хто хоча вывучаць замежныя мовы і перакладаць зь іх без расейскае мовы-пасярэдніцы, як гэта амаль спрэс па-ранейшаму практыкуецца ў Беларусі. Праект задуманы як працяг выдадзенага летась унікальнага беларуска-лаціна-эўрапейскага слоўніка, складзенага вядомым філёлягам і перакладчыкам Лявонам Баршчэўскім. Аднак пляны выдаўцоў сягаюць далей за эўрапейскі лінгвістычны абсяг. Пра гэта ў гутарцы з Валянцінай Аксак расказаў дырэктар выдавецтва Ўладзімер Сіўчыкаў.
Валянціна Аксак: “Спадар Сіўчыкаў, як нарадзілася гэтая сэрыя ў вашым выдавецтве?”
Уладзімер Сіўчыкаў: “Рух ішоў з двух бакоў. Адзін бок — гэта тое, што сэрыя ёсьць пэўным разьвіцьцём „Эўраслоўніка“. Я спадзяюся, што слухачы памятаюць гэтае леташняе вельмі адметнае выданьне, якое спадар Баршчэўскі, наш даўні і вельмі актыўны аўтар, падрыхтаваў, а мы выдалі. У ім беларуская мова, лаціна і яшчэ дваццаць сем эўрапейскіх моваў. З другога боку — ініцыятыва ішла і ад аўтараў граматык. Да прыкладу, Якуб Лапатка, які доўгі час жыве ў Хэльсінках, даслаў нам сваю граматыку фінскай мовы. Па шчырасьці, першая наша рэакцыя на яе была такая — паціснулі плячыма. Пэўна, тады мы яшчэ не разумелі, каму гэта трэба. Не выдаваць жа, думалі, для трох ці пяці чалавек. Але потым, паразважаўшы, мы прыйшлі да высновы, што акрамя чыста практычнага карыстаньня, такія граматыкі маюць культурніцкую і нават геапалітычную ролю”.
Аксак: “У новай кніжнай сэрыі ўжо выдадзеныя кароткія граматыкі лацінскай, польскай, латыскай, швэдзкай і ангельскай моваў. Якія рыхтуюцца наступныя?”
Сіўчыкаў: “Мы б хацелі зрабіць гэтую сэрыю з дваццаці ці нават з трыццаці томікаў. А ўжо падрыхтаваныя да выданьня і выйдуць бліжэйшым часам граматыкі ўкраінскай, фінскай, нямецкай і партугальскай моваў”.
Аксак: “Ці ёсьць водгукі прафэсіяналаў на першыя пяць тамоў вашай сэрыі?”
Сіўчыкаў: “Так. Загадчык катэдры агульнага і славянскага мовазнаўства Белдзяржунівэрсытэту Барыс Норман, калі пабачыў першыя томікі гэтай сэрыі, быў неверагодна ўсьцешаны і падзяліўся са мной сваімі праблемамі. Як выкладчыка, як навукоўцу, як кіраўніка катэдры яго хвалюе, што некаторыя спэцкурсы ён ня можа пры ўсім сваім жаданьні адкрыць, таму што элемэнтарна не хапае мэтадычнай і навуковай літаратуры. Сытуацыю з гэтым заклікана палепшыць наша сэрыя. Яе адметнасьць у тым, што беларусы могуць без расейскай мовы-пасярэдніцы наўпрост вучыць замежныя мовы. Бо абсалютны нонсэнс у тым, што беларус вывучае, скажам, польскую ці ўкраінскую мовы праз расейскую”.
Аксак: “А якую самую рэдкую ці экзатычную мову змогуць беларусы беспасярэдне вывучыць, дзякуючы вашым граматыкам?”
Сіўчыкаў: “У нас пляны вельмі амбітныя, і нам хацелася б верыць, што ў бліжэйшыя два-тры гады мы адолеем ня тое што дваццаць-трыццаць граматык, а ў працэсе набудзем большы імпэт. І ў гэтым сэнсе прыемна тое, што да нас са сваімі прапановамі зьвяртаюцца маладыя аўтары. Асьпіранты і нават студэнты амбітна заяўляюць, што хочуць напісаць сэрбскую ці харвацкую граматыку. Ёсьць задумы наконт валійскай мовы, мальтыйскай. А чаму б і не? Паўтараюся, мы бачым у гэтым ня толькі практычны бок, але і культурніцкі, і геапалітычны. Калі ўсё пойдзе добра, то мы хацелі б перасягнуць эўрапейскі лінгвістычны прастор і выдаць паралельна гэтай сэрыю „Граматыкі моваў сьвету“. Можа быць, пачнём зь японскай мовы ці іўрыту”.
Аксак: “Вашы аўтары — пераважна беларусы, але існуе меркаваньне, што вучыць замежнай мове павінны носьбіты гэтай мовы. Як вы ставіцеся да падобнага меркаваньня?”
Сіўчыкаў: “Справа ў тым, што якраз задумка гэтых граматык у тым, што яны напісаныя беларусамі для беларусаў зь беларускай мэнтальнасьцю, зь беларускімі прыкладамі. Гэта ня проста ўзятыя выдадзеныя ў Маскве ці Лёндане падручнікі і адаптаваныя пад нас. Гэта кнігі, напісаныя, паўтараю, менавіта беларускімі аўтарамі, якія ведаюць беларускія рэаліі і адметнасьці беларускага мэнталітэту. У гэтым сэнсе, мне здаецца, слушны такі падыход. Прынамсі, ён мае права на жыцьцё”.
АЎТАР І ТВОР
ВІКТАР ЖЫБУЛЬ: “НА СЛЭМЕ Ў КІЕВЕ Я СПРАБАВАЎ ЛЁТАЦЬ”
З 16 па 19 траўня ў Кіеве праходзілі Дні беларускай культуры, падчас якіх адбываліся сустрэчы ўкраінскай публікі з беларускімі літаратарамі, мастакамі ды музыкамі. У межах фэстывалю прайшоў і беларуска-украінскі паэтычны слэм, з удзельнікам якога, паэтам Віктарам Жыбулем па ягоным вяртаньні ў Менск сустрэўся Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Віктар, у Кіеве даволі нестабільная палітычная сытуацыя. Ці не перашкаджала гэта наладжваньню літаратурных імпрэзаў? Ці была цікавасьць да іх з боку ўкраінскай публікі?”
Віктар Жыбуль: “Безумоўна, цікавасьць была. Нягледзечы на палітычную нестабільнасьць, на фэстываль сабралася даволі шмат народу, прычым ня толькі з Украіны, бо імпрэза мела міжнародны статус. У Кіеў прыехалі паэты з Беларусі, з Расеі, з Грузіі. Што датычыць палітычных падзеяў, то на слэме, напрыклад, мне давялося выступаць у пары з украінскім паэтам Арцёмам Паляжакам, які чытаў вершы, напоўненыя менавіта ўкраінскімі палітычнымі алюзіямі. Дзякуючы гэтаму, напэўна, яму ставілі болей балаў, чым мне”.
Скобла: “І вы прайгралі?”
Жыбуль: “Так. Украінскі бок вельмі хацеў нас перамагчы. І яны свайго дамагліся”.
Скобла: “На вашу думку, як трывала заморская зьява — слэм — прышчапілася да беларускай літаратуры?”
Жыбуль: “Гэта, сапраўды, зьява заморская. Слэм, умоўна кажучы, спаборніцтва ці паэтычны турнір па артыстычным чытаньні вершаў. Гэта ня проста выразнае чытаньне, падчас яго паэт можа, напрыклад, выкарыстоўваць мэлядэклямацыю, рухі, міміку, жэсты, танец — розныя рэчы, зьвязаныя зь ня ўласна з паэзіяй, а, хутчэй, з тэатрам”.
Скобла: “У Кіеве вы чыталі вершы пад уласны танец?”
Жыбуль: “Я падчас выкананьня вершаў даволі шмат рухаўся, бо вершы былі рытмічныя. Напрыклад, адзін зь вершаў быў пра Ікараў і Карлсанаў, і я рабіў нейкія падобныя рухі, як пэрсанажы гэтага верша”.
Скобла: “Спрабавалі лётаць?”
Жыбуль: “Амаль. Узьляцець было цяжка, паколькі ў адной руцэ быў мікрафон, але нешта падобнае на палёт атрымалася”.
Скобла: “У Кіеў вы езьдзілі разам са сваёй жонкай — паэткай Джэці, якая нарадзілася ва ўкраінскай сталіцы. Ці не прад’яўлялі вам украінцы прэтэнзій, што вы скралі ў іх таленавітую творчую асобу? Калі б Джэці засталася ў Кіеве, дык сёньня ўзбагачала б украінскую літаратуру.”
Жыбуль: “Такіх прэтэнзій не было. Прэтэнзіі былі іншыя. Па-першае, мы ў Кіеў езьдзілі ня толькі з жонкай. На слэм з Беларусі акрамя нас езьдзілі яшчэ Марыйка Мартысевіч — трэнэр каманды, Уладзь Лянкевіч, Валярына Кустава, Анка Ўпала. А ў Кіеве да нас далучыўся Сяргей Прылуцкі, вядомы таксама як Пістончык. Якраз наконт яго і былі прэтэнзіі, украінцы казалі, што ён у Кіеве жыве ўжо цэлы год. Яны хацелі спачатку яго перакупіць, забраць ва ўкраінскую каманду. Але паколькі адзін з нашых паэтаў, Віталь Рыжкоў, не даехаў, мы Пістончыка не аддалі. Тут сапраўды былі невялічкія спрэчкі, але ўсё прайшло няблага”.
Скобла: “У асабістым заліку вы пацярпелі паразу. А як выглядала ў Кіеве беларуская каманда ў цэлым?”
Жыбуль: “Наколькі я памятаю, разрыў паміж баламі быў, здаецца, 45”.
Скобла: “На чыю карысьць?”
Жыбуль: “На карысьць украінцаў. Яны вельмі дамагаліся гэтай перамогі. Было заўважна, што публіка ставіла нам двойкі і адзінкі, а сваім — лепшыя адзнакі. Некаторыя ацэньвалі беларусаў ніжэй таму, што кепска разумелі беларускую мову. Мы спадзяёмся, што нам удасца запрасіць украінскую каманду ў Беларусь, тады і паглядзім, хто насамрэч мацнейшы”.
ВІКТАР ЖЫБУЛЬ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ
* * * Прывітаньне. Я. Плюшавы. Мішка. Ня. Проста. Мішка. А. Мішка. Гамі. Я. Ляжу. У. Цацачнай. Краме. Дагары. Нагамі. На. Мяне. Зьніжка. Я. Такі. Мяккі. Пухнаты. Ды. Варта. Прынесьці. Мяне. Дахаты. Як. Я. Расшчаплюся. На. Атамы. Быў. Белым. А. Стану. Шызым. Я. Мішка. Зь сюрпрызам. Увесь. Мой. Сюрпрыз. Вы. Пабачыце. Дома. Калі. Націсьнеце. На. Чырвоную. Кнопку. Ува. Мне. Зашыта. Нэўтронная. Бомба. Вы. Зразумееце. Калі. Я. Лопну. * * * Ты памятаеш бамбасховішча на вуліцы Максіма Багдановіча? У гэтым бамбасховішчы ты трапіла ў цікавае становішча. Ды колькі досьведу ні набывай, табе ўсё роўна будзе мала. Трапляць штодзённа пад адзін трамвай - вось карма экстрэмала. І можа, ў бамбасховішчы на вуліцы Максіма Багдановіча ў цікавае становішча ты трапіш зноў яшчэ! ВУЧОНЫ Ў ЧАРЗЕ ПА ПІВА Стаіць вучоны ў чарзе па піва, ад суму ногі перамінае. Не зачаўрэе навукі ніва, калі падрыхтавана пасяўная! Ён моўчкі думкі перабірае, а думкі танчаць і ўюцца роем, перапаўняюць мазгі да краю тым, што калісьці спазнаў-засвоіў. І ў прадчуваньні глыткоў крамяных у галаве круціліся праграмы: і паралелі, і мэрыдыяны, і мэдыяны, і паралелаграмы, анжамбэманы, баляды, оды, супэрфасфаты, бутадыены, упанішады, брахеаподы, пралегамоны і параліпамэны! І слоў апошніх тугія хвалі тут не стрывалі — упалі долу і атмасфэру яны ўзарвалі, нібы хавалі тры тоны толу. А за вучоным стаяў рабочы з паяльнай лямпай і ключом-адмычкай. Ён быў цікаўны, і вочы ў вочы спытаў: “Таварыш, што ты там мармычаш?” Уранам зьзяе ягоны позірк, тырчыць з кішэні круг абразіўны… Застыў вучоны ў шаманскай позе, усіх бянтэжыць усьмешкай дзіўнай і прамаўляе, але ўжо ўголас, і вельмі гучна, усе каб чулі: “Катангенс, тангенс, Купала, Колас, Папоў, Марконі, Ампэр, Мічурын, гастраміцэты, тэстастэроны, нарвасадаты, алігафрэны, упанішады, пралегамоны, брахеаподы і параліпамэны…” І людзі побач сказалі: “Супэр! Мы разумеем! Мы — не дэбілы!” Яны забылі пра сум і ступар. Яны спазналі навукі сілу. Яны адчулі вагу таксама слоў, Абсалюту адрасаваных, і з мозгу ў мозг пацякла праграма надземных дум электрызаваных. Да краю піва ліецца ў куфлі, а людзі танчаць і ўюцца роем. Хто ім насыпаў гарчыцы ў туфлі? Хто шал у іхніх нутрах утроіў? І ўсе, хто быў там, крычалі хорам, грымела рэха ў дварох і арках: сіфанафоры… сэмафоры… Сакрат, Пэтрарка… сакратарка… І ўсё зьлілося зь піўною пенай і зашумела, хоць стой, хоць падай: пралегамоны, параліпамэны, брахеаподы і упанішады! * * * Вядзьмарка на сьвежай магіле расчэсвае валасы. Колькі аўтамабіляў зьмяшчаецца ў кроплі расы! Танчаць пад рэтра жырафы ў краіне вечнага ню. Колькі рэфрыжэратараў месьціцца ў іскры агню! Бурбалкі бура палопала - нарадзілася з кожнай дзіця. У жменьцы збуцьвелага попелу мільярды гектараў жыцьця! ПАЛЯНЭЗ Я адбітак свой пабачыў у шкле, усьміхнуўся: “Так, я ўсё яшчэ той”. Па вільготнай напаўсоннай імгле я іду, як і далей, пехатой. І нікога больш у гэтым паўсьне, нібы ў сьвеце я застаўся адзін, ды загадкава вітаюць мяне амбасады невядомых краін. Мне зь вітрыны падміргне манэкен і прыўздыме над ілбом капялюш. Ува мне звышабаяльнасьці ген: спакушаю нават целы бяз душ. Пазаўчора запрашалі мяне на падводную выставу карцін. Хто пайшоў туды — дагэтуль на дне. Я адмовіўся — застаўся адзін. Кіне блікі на глухую сьцяну заблукалае начное аўто. Прыпынюся, пагляджу, пазяхну… Хто кіруе ім? Напэўна, ніхто. Нешта белае ляціць на зямлю — ці то сьнег з дажджом, ці то гераін. Сустракаю вас і вельмі люблю, амбасады невядомых краін! |
КРЫТЫКА
ДВА ЦЭНТРЫ АДНОЙ ЭЎРОПЫ
ДВА ЦЭНТРЫ АДНОЙ ЭЎРОПЫ
Уладзімер Някляеў. Цэнтар Эўропы: Апавяданьні, аповесьці. — Менск: “Медысонт”, 2009. — 440 стар.
Адзін зь лепшых сучасных паэтаў Беларусі Ўладзімер Някляеў на зломе двух вякоў вырашыў паспрабаваць сябе і ў прозе. Як у яго гэта атрымалася — чытач ужо можа меркаваць па толькі што выдадзенай кнізе прозы “Цэнтар Эўропы”. Гэта своесаблівае “выбранае”, паколькі туды ўвайшлі творы, напісаныя цягам амаль 30 гадоў, ад 1980 году пачынаючы (ад аповесьці “Вежа” да найсьвежых апавяданьняў “Юзік” і “Цмок”, напісаных у 2008-м і 2009-м). Усяго ў кнізе 13 апавяданьняў і паўдзясятка аповесьцяў. Пазнакі пад імі сьведчаць, шго ствараліся яны па ўсёй Эўропе: у Польшчы, Фінляндыі, Швэцыі, і, зразумела, у Менску і крэўных Смаргоні і Крэве (мясцовасьць Каруны і героі карунскія ў апавяданьні “За сьцяной” — адтуль).
Чытаючы прозу Ўладзімера Някляева, пераконваесься: калі талент — ён талент ва ўсім. I неадчэпна пульсуе думка: якой багатай выглядала б айчынная літаратура, каб усе нашыя выдатныя паэты, пачынаючы ад Яна Чачота з Дуніным-Марцінкевічам да Пімена Панчанкі і Максіма Танка пасьпелі выдаць сваю мастацкую прозу (дзёньнікі-мэмуары тут не ў залік). Бадай, на прозу ўзьбіўся адзіны “буйны” паэт, былы старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Пятрусь Броўка. На жаль, як з паэзіяй, так і з прозай Броўкавай (маю на ўвазе раман “Калі зьліваюцца рэкі”), цяпер мала хто абазнаны. Хоць герой з апавяданьня “Музэй Броўкі, альбо За шчасьце выпіць з Шульманам”, падвыпіўшы, сьпявае: “Пахне чабор, пахне чабор”. Сьпявае і прыгаворвае: “Вось вам Броўка ў песьнях савецкіх кампазытараў, каб ня думалі, што ня ведаю, хто такі беларускі паэт Броўка…” Аскар Шульман нават ведае, што Броўка “праставіў некалі пляшку каньяку расейскаму літаратару Эрэнбургу”. Аднак, ня ведае (і ня чуў!), хто такі Юры Семяняка. Хоць і працуе ў менскай філярмоніі. Вось такая беларуская “інгэлігенцыя”.
Мастацкая проза — гэта наймоцны сплаў рэальнасьці, факталёгіі і аўтарскай фантазіі, дзякуючы якой паўстае іншы сьвет, у існаваньне якога ты пачынаеш верыць. I калі верыш, што геаграфічны цэнтар Эўропы ў Беларусі, што “Батый быў паганцам, ягоны сын Саргак — хрысьціянінам, а брат Батыя Бэркэ — мусульманінам (апавяданьне “Залатая Арда”), дык і паверыш, што амэрыканскія мільярдэры Морганы запачаткаваліся ад Кірылы Моргаўкі са Стрыпунаў…
Чытаць прозу Някляева — як слухаць музыку. Напеўнасьці ёй дадае міжвольнае рыфмаваньне дыялёгаў ці думак аўтара (празаіку не ўдаецца аддзяліць сябе ад паэта нават у прозе):
“Паляк-то ён паляк, ды не багацее ніяк”; “вы і ў жыцьці былі хоць і мажны, але нейкі незаўважны”; “герой Марыш, пра што ты марыш?”; ці амаль народнае: “што ж цяпер баба Грудзя ды рабіць будзе”…
Варта заўважыць, што ў кнізе Някляева няма твора з назваю “Цэнтар Эўропы”. I ў гэтым таксама праглядаюцца аўтарскі падыход і канцэпцыя. Як, скажам, у даўнім аднатомніку незабыўнага Ўладзімера Караткевіча “З вякоў мінулых” (1978) — кнізе этапнай ня толькі для творцы, але і для ўсёй беларускай літаратуры. Гэтаксама этапным для сучаснай літаратуры бачыцца аднатомнік Уладзімера Някляева. Бо ў “Цэнтры Эўропы” паказаны беларус з ягоным мэнталітэтам — як прадстаўнік нацыі між Усходам і Захадам.
Загаловак “тлумачыцца” ў аповесьці “Вяртаньне Веры”, калі ейны герой Сьвятаслаў “не паленаваўся, зьезьдзіў ды паглядзеў” на тое месца, што завуць Цэнтрам Эўропы. Балазе, іх не адно, а цэлых два. I абодва ў Беларусі. Адзін цэнтар на дне возера Шо, а другі — непадалёк вёскі Чыжахі пад Чэрвенем-Асіповічамі.
Там на беразе дзед вудзіў рыбу, і на ўсе пытаньні Сьвятаслава наконт Цэнтру Эўропы, пра Расею і Беларусь адказваў: “А пайшлі яны на…”. Бо ягоная Беларусь — “во, ён кіўнуў у бок вёскі. Астатняе — на…!
— На…?
— А куды ж яшчэ? — Чалавек у цэнтры Эўропы плюнуў на чарвяка. — Туды ўсе, адтуль нікога“.
I герой твора, у былым — прыхільнік Беларускага Народнага Фронту, што стаўся ў ІІІвэцыі забойцам, падумаў: “Прападаюць не ў Бэрмудзкім трохкутніку. Прападаюць тут, у трохкутніку беларускім. У самым цэнтры Эўропы…”
Магчыма, тая трагічная акалічнасьць, што ў Беларусі бяз сьледу зьнікалі вядомыя людзі, і паспрыяла нараджэньню і хуткаму сталеньню Някляева-празаіка. Бо пра гэтую хатнюю вайну, як і пра чачэнскую (апавяданьне “Хайбах”) рыфмаваць складана. А як выявіць, што Янкі ці Міроны ў нас будуць жыць вечна — свае на сваёй зямлі?
- Мірон, ты чаму сына, як сябе, назваў?
— Вечны буду. Памру, а ўсё роўна Мірон Стаўбун на зямлі застанецца…
Застанецца ў нашай літаратуры і выдатнае суквецьце паэзіі ды прозы Ўладзімера Някляева. А яшчэ можна прыгадаць з паўдзясятка ягоных песьняў, сярод якіх слынная “Гуляць — дык гуляць”.
Што ж, прыемна ўсьведамляць, што створаная табою паэзія становіцца народнай песьняй, а проза — культурным здабыткам. Ня толькі Беларусі, але і Эўропы.
Язэп ЯНУШКЕВІЧ