“Куба на ўсходзе Эўропы”

Эўрапейскія аглядальнікі працягваюць абмяркоўваць тэму дачыненьняў ЭЗ зь Беларусьсю, у тым ліку і ў рамках праекту “Ўсходняе партнэрства”. Адны лічаць, што эўрапейская праграма — сапраўдная надзея для Беларусі. Іншыя кажуць, што “партнэрства” — гэта адначасова і супрацоўніцтва, і аддаленьне.

Аўтар артыкулу ў сёньняшнім нумары маскоўскага англамоўнага выданьня The Moscow Times, брытанскі палітык-кансэрватар, дэпутат Эўрапарлямэнту, намесьнік старшыні парлямэнцкай дэлегацыі па дачыненьнях з Украінай Чарлз Танак параўноўвае Беларусь з “Кубай на ўсходзе”.

Паводле спадара Танака, апошнім часам Эўразьвяз пачаў праводзіць палітыку “канструктыўнага ўзаемадзеяньня” зь Беларусьсю. Аднак зусім ня хуткімі тэмпамі. Ранейшы зьмест беларускай палітыкі ЭЗ зводзіўся да таго, каб ізаляваць гэтую краіну.

Са спазьненьнем і зь ня надта вялікім жаданьнем лідэры ЭЗ, аднак, прызналі, што яны мусяць будаваць з Лукашэнкам прагматычныя стасункі, калі хочуць паспрыяць рэформам у Беларусі, а таксама выхаду краіны з залежнасьці ад Расеі.

Рэалізацыя гэтай палітыкі не азначае, што Эўропа павінна заплюшчваць вочы на асаблівасьці беларускага рэжыму. У ЭЗ занепакоеныя правамі чалавека ў краіне, якую некаторыя называюць “Кубаю на ўсходзе”. У Беларусі па-ранейшаму існуе ціск на апазыцыю, незалежныя СМІ, няўрадавыя арганізацыі. Праўда, тое ж самае — і, магчыма, нават горшае —можна сказаць і пра Кітай, аднак ЭЗ інвэставаў туды вялікі палітычны капітал і ўсталяваў стратэгічныя партнэрскія дачыненьні зь яго кіраўніцтвам.

Паводле аўтара, пасьля доўгіх гадоў атрафіі супрацоўніцтва паміж ЭЗ і Беларусьсю надышоў час надзеяў. ЭЗ павінен прыкласьці ўсе намаганьні для інтэграцыі Беларусі ў сям’ю эўрапейскіх народаў, да якой тая належыць. Першы крок на гэтым шляху — уключэньне краіны ў праграму “Ўсходняе партнэрства”, піша на старонках The Moscow Times брытанскі палітык Чарлз Танак.

Тым часам некаторыя аўстрыйскія назіральнікі ставяцца да праграмы “Ўсходняе партнэрства” нашмат больш крытычна і папярэджваюць, што такое стаўленьне да рэгіёну зь цягам часу адпомсьціць за сябе.

Артыкул пад назвай “Як з эўрапейцаў робяць “партнэраў” зьмешчаны ў венскім штодзённым выданьні Der Standard.

Венскі журналіст Ёзэф Кірхенгаст піша, што для Беларусі, як і для пяці іншых постсавецкіх краін, “Усходняе партнэрства” — гэта збліжэньне без далучэньня. ЭЗ прапануе шасьці краінам шчыльнейшае супрацоўніцтва, але насамрэч трымае іх на адлегласьці.

Паводле журналіста, “кропкі над і” ў пытаньні стаўленьня да ўдзельнікаў праграмы ЭЗ расставіў нідэрляндзкі прэм’ер Ян-Пэтэр Балкенэндэ. Тры тыдні таму на праскім саміце ён сказаў наступнае: “Мы можам спакойна гаварыць пра “эўрапейскіх партнэраў”. Калі ж ужываць тэрмін “эўрапейскія краіны”, то паўстае пытаньне аб іх сяброўстве ў ЭЗ”.

Пры далейшым садзейнічаньні Нямеччыны, Бэльгіі і Люксэмбургу тэрмін “эўрапейскія краіны” ў дачыненьні да Беларусі, Украіны, Малдовы, Армэніі, Азэрбайджану і Грузіі быў заменены ў заключнай дэклярацыі саміту на выраз “ўсходнеэўрапейскія краіны”. ЭЗ такім чынам дакладна праартыкуляваў, што “партнэры” не павінны мець нейкіх ілюзіяў адносна будучага далучэньня да Зьвязу.

Як мяркуе аўстрыйскі журналіст, у сваім канчатковым выглядзе цяперашняя праграма вельмі далёкая ад таго, што ўяўлялі сабе яе аўтары — Польшча ды Швэцыя. Што да сумы — 600 мільёнаў эўра — зь якой ЭЗ да 2013 году будзе спрыяць усялякім рэформам у рэгіёне, то гэтыя грошы можна назваць хіба што “пылам у вочы”. Адносна выдзяленьня далейшых сродкаў на “Ўсходняе партнэрства” сярод краін ЭЗ кансэнсус існуе толькі мінімальны. Як паказаў праскі саміт, лідэры Францыі, Італіі, Гішпаніі і Вялікабрытаніі ўвогуле праігнаравалі сустрэчу. “Аднак такая абыякавасьць да Ўсходняй Эўропы яшчэ адпомсьціць за сябе”, — засьцерагае венскі журналіст.