Сёньня ў Менску з візытам знаходзіцца кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін. Ён сустракаецца зь беларускім кіраўніком А. Лукашэнкам і правядзе пасяджэньне Савета міністраў так званай Саюзнай дзяржавы.
Уладзімер Пуцін прыляцеў у Менск са спазьненьнем на адну гадзіну і адразу накіраваўся да Аляксандра Лукашэнкі. У размове зь апошнім расейскі прэм’ер выказаў спадзеў на захаваньне дынамікі расейска-беларускага таваразвароту: “Мы церпім ад крызысу, але нам удалося зьбіць тэмпы падзеньня таваразвароту, ёсьць магчымасьць спыніць гэтае падзеньне”.
За першыя тры месяцы 2009 году таваразварот паміж Расеяй і Беларусьсю скараціўся на 42%, беларускі экспарт – на 47. Беларускія пастаўкі скараціліся ў 71 рэгіёна Расеі з 81 суб’ектаў Фэдэрацыі.
Відаць, менавіта гэтыя лічбы меў на ўвазе Аляксандар Лукашэнка, калі заявіў Уладзіміру Пуцін пра наяўнасьць праблем у адносінах з Расеяй, зьвязаных у тым ліку і з сусьветным эканамічных крызісам.
А. Лукашэнка выказаў спадзеў на рух у будаўніцтве саюзнай дзяржавы і пэўным чынам увязаў эканамічныя праблемы з “усім спэктрам двухбаковых дачыненьняў”, палітычнымі пытаньнямі і пытаньнямі супольнай абароны ў саюзнай дзяржаве.