Крызіс: людзі эканомяць на абедах

<a href="#dar">Кавярня «Дарожная»</a><br />

Міністэрства гандлю Беларусі падлічыла, што насельніцтва краіны ў&nbsp;час эканамічнага крызісу стала менш траціць на&nbsp;сталоўкі, кавярні і&nbsp;рэстарацыі.
Паводле афіцыйных дадзеных, у сярэднім за месяц беларускія прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня зарабляюць каля 80 мільёнаў даляраў. Гэта прыкладна па 600 рублёў на чалавека, што адпавядае кошту адной булачкі.

Карэспандэнты“Свабоды” ў рэгіёнах высьветлілі, як адбіўся крызыс на сыстэме грамадзкага харчаваньня.

ГАРАДЗЕШЧЫНА

Рэстарацыі і кавярні — у дзяржаўнай уласнасьці

У будні шараговыя грамадзяне перакусваюць, як правіла, на працоўным месцы, у полі, заводзкіх “пакоях адпачынку”. Рэстараны і кавярні ў гэты час найчасьцей пустуюць.

Вялікая Бераставіца, дзе цяпер 20 тысяч насельнікаў, — тыповы гарадок. Тут ёсьць адзін рэстаран і тры невялічкія кавярні. Усе гэтыя ўстановы дагэтуль у дзяржаўнай уласнасьці.

Дырэктарка рэстарану Сьвятлана Пісанка распавядае, што крызіс адчулі і тут. Зрэшты, і раней новыя кавярні і рэстараны ў гарадку не адкрываліся. Удзень местачкоўцы да іх практычна не заходзяць: рэстаранам карыстаюцца тыя, хто прыяжджае ў камандзіроўку.

Пісанка: “Грошай у людзей няма, таму і попыт зьменшыўся”.

Дырэктарка таксама кажа, што наагул яны імкнуцца абслугоўваць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, якія замаўляюць абеды для сваіх рабочых. У выходныя тут адзначаюць вясельлі, дні нараджэньня і падобныя сьвяты. Дзякуючы такім замовам і выжываюць.

Сэрвіс слонімцаў не задавальняе. І ў Горадні ня тое, што ў Літве ці Польшчы.
У Слоніме — 50 тысяч жыхароў. Тут тры рэстараны і некалькі кавярняў.

Мясцовы журналіст Сяргей Чыгрын, які неаднойчы пісаў на гэтую тэму, найперш кажа, што такіх устаноў замала для гораду. А па-другое, ён ведае, што сэрвіс слонімцаў не задавальняе.

Чыгрын: “Сэрвіс на вельмі нізкім узроўні: мэню не разнастайнае, дый нясмачна гатуюць. Абслугоўваньне не вытрымлівае крытыкі. Адзін мой знаёмца распавядаў, што яму прынесьлі віно ў шчарбатым графіне. Ён зьвярнуўся да афіцыянткі, а яна яму параіла, каб ён наліваў з таго боку, дзе няма шчарбінкі”.

Нягледзячы на тое, што старажытная Гародня яшчэ ўражвае ня толькі беларускіх, але і замежных турыстаў, хутка і смачна, ды каб па грашах, у цэнтры гораду паесьці нерэальна. Мясцовы жыхар Уладзімер Хільмановіч скардзіцца:

“Цяпер, па сутнасьці, няма такіх пунктаў, нават у цэнтры гораду, дзе можна было б хутка, смачна і якасна пад’есьці. Горадня ў гэтым сэнсе абсалютна няразьвіты горад, і яе нельга параўнаць з гарадамі Літвы і Польшчы, дзе гэты сэрвіс на высокім узроўні”.

ГОМЕЛЬ


У Гомелі цяпер зачыненыя рабочыя сталоўкі на аўтарамонтным й вагонарамонтным заводах, прадпрыемстве вымяральных прыбораў ды іншых. Як правіла, у былых сталоўках разьмяшчаюцца крамы побытавай тэхнікі ды розных будаўнічых матэрыялаў.

Зачыніліся кавярні: “Дарожная” на вуліцы Шылава, “Пунсовая кветачка” ў мікрараёне “Стары аэрадром”.

“Пунсовая кветачка” завяла;

Меркаваньне спадара Міхаіла, які стала жыве ў густанаселеным мікрараёне “Стары аэрадром”:

“Нязручна тут. Няма месцаў адпачынку — зайсьці ў кавярню, пасядзець. Частку былой кавярні арандуе МТС, а больш нічога й няма”.

Сярэдні кошт заказу ў “Эўропе” — 90 тысяч рублёў
А вось што кажа спадарыня Наста:

“У нас, на „Аэрадроме“, няма куды пайсьці. Няма нават кавярні, каб можна было прыйсьці, перакусіць, пасядзець зь сяброўкамі. Самая бліжэйшая — ля ўнівэрмагу. Мы тут зь дзяцінства жывём — кепска, што закрылі”.

У кавярнях, якія ёсьць, — высокія кошты. Да прыкладу, кавярня “Бамонд” прапануе фірмовы салат за 25 тысяч рублёў, філе сьвініны з грыбамі — звыш 30 тысяч. Наведнікаў тут надзвычай мала.

Былая рэстарацыя “Беларусь” побач з аблвыканкамам пасьля рэканструкцыі пераўтворана ў культурна-забаўляльны цэнтар “Эўропа”. Тут — казіно, більярд, начны клюб. Сярэдні кошт заказу — 95 тысяч рублёў.

Шараговыя гараджане такія абноўленыя пункты грамадзкага харчаваньня абмінаюць. Маладыя гамельчукі наагул прызвычаілася бавіць час зь півам у сквэрах, у дварах. Чаму? Гаворыць 22-гадовы спадар Ігар:

“У кавярні даражэй, нашмат даражэй, чым у краме, купіць квасу ці піва і пасядзець на лаўцы. Сьвежае паветра, і проста таньней. Тым больш што ў кавярнях такія жудасныя нацэнкі. Выгадней, нашмат выгадней пасядзець так”.

МЕНШЧЫНА

Праграма ёсьць, а наведнікаў — няма


Кавярня “Гасьцінец” на аўтатрасе Бабруйск — Івацэвічы пабудавана ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі дзяржаўнай праграмы “Дарогі Беларусі”. Пры адкрыцьці кавярні афіцыйная газэта “Рэспубліка” паведаміла, што “зьявіўся яшчэ адзін прыстойны аб’ект прыдарожнага сэрвісу”. Мінуў год.

Кіраўнікі Клецкага райспажыўтаварыства, ва ўласнасьці якога прыдарожная кавярня, хацелі б абслугоўваць і тых, хто праяжджае па трасе, і ўласна жыхароў Грыцэвічаў, якіх тут 700 чалавек. Кажа старшыня праўленьня Галіна Шастак:

“Задума была, каб людзі маглі спыніцца на гарачае і халоднае сілкаваньне. А тут цэнтар гаспадаркі, моладзі шмат, павінна дзесьці пасядзець і культурна адпачыць. Там дранікі, мачанка — нацыянальныя беларускія стравы…”

Насельніцтва стала бяднейшае: самі ведаеце — крызіс…
У “Гасьцінцы” пасярод дня я ня ўбачыў ніводнага наведніка. Не было і памянёных дранікаў з мачанкай — няма каму іх гатаваць. Супрацоўнікі паскардзіліся, што дзённая выручка ў будні складае максымум 100 тысяч, у выходныя дасягае 500. Наракае і спадарыня Шастак:

“Кавярня стаіць не пры самай дарозе — фура зойдзе і ня можа вывернуць. У сельскай мясцовасьці насельніцтва стала бяднейшае. Самі ведаеце — крызіс і па малацэ, і па тым, і па тым — а заробак ад выпрацоўкі…”

Дарэчы, на беларускіх дарогах цяпер больш як 200 прадпрыемстваў грамадзкага харчаваньня. Стабільны прыбытак, паводле дадзеных Мінтрансу, маюць толькі некаторыя з тых, што на магістралі М1/Е30 (Берасьце — Менск — мяжа Расеі).