Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Ірына Віданава. Сёньня Ірына разважае пра сяброў – бобо.
Мае сябры – бобо, хаця яны, мабыць, пра гэта не здагадвацца. Яны з асалодай пацягваюць капучына і разьбіраюцца ў тонкасьцях розных гатункаў зялёнай гарбаты. Яны ўважліва ўчытваюцца ў этыкеткі на прадуктах харчаваньня і аддаюць перавагу найбольш натуральным зь іх. Стыль і індывідуальнасьць – у вопратцы, інтэр’еры і аксэсуарах – грае важную ролю, бо ад гэтага залежыць якасьць жыцьця. Кар’ера мае для іх вялікае значэньне, але духоўнае самаўдасканаленьне зьяўляецца ня менш істотным. Яны чытаюць разумныя кніжкі, глядзяць элітарнае кіно, вядуць інтэлектуальныя размовы, аддаюць перавагу роварам, займаюцца спортам і не шкадуюць грошай на падарожжы. І хаця далёка ня ўсе з маіх знаёмых бобо бяруць актыўны ўдзел у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі, большасьці зь іх уласьціва абвостранае пачуцьцё сацыяльнай адказнасьці.
Ірына Віданава. Нарадзілася ў Менску. Дзесяць год таму скончыла гістарычны факультэт БДУ. Пазьней займалася ў асьпірантуры, дасьледавала гісторыю Беларусі. З 1998 да 2003 году была галоўнаю рэдактаркаю часопісу “Студэнцкая думка”. Выкладала гісторыю Беларусі ў ліцэі пры БДУ, працавала выкладчыкам на катэдры гісторыі старажытных часоў і сярэдніх вякоў Беларусі гістарычнага факультэту БДУ. Два гады вучылася ў ЗША, дзе скончыла магістратуру па спэцыяльнасьці “Грамадзкая палітыка і міжнародныя адносіны”. Цяпер займаецца незалежнымі аналітычнымі праектамі. |
Бэстсэлер Брукса “Бобо ў выраі” (“Bobos in Paradise”, 2000 г.), напісаны ў стылі “камічнай сацыялёгіі”, стаў надзвычай папулярным, бо аўтар ухапіў і трапна апісаў трэнд, які вызначаў жыцьцё 30-40-гадовых амэрыканцаў на пачатку 2000-х. Тытулаваныя навукоўцы крытыкавалі сам тэрмін і некаторыя высновы Брукса, але асабіста мне ягоная кніга дапамагла зразумець маіх амэрыканскіх аднакурсьнікаў, для якіх імкненьне забясьпечыць уласны матэрыяльны дабрабыт ужывалася з жаданьнем зрабіць гэты сьвет крыху лепшым.
Жыцьцё ў Беларусі для бобо мала нагадвае вырай, але іх колькасьць, па маіх назіраньнях, з кожным годам павялічваецца. Ва ўсялякім выпадку ў менскіх кавярнях таксама не адразу адрозьніш мастака ад бізнэсоўцы. Не заўжды лёгка знайсьці вольныя месцы ў групах па ёзе. А геаграфія падарожжаў маіх знаёмых ужо даўно перасягнула межы эўрапейскага кантынэнту. Зрэшты, бобо – гэта стан душы і стыль жыцьця, які адаптуецца да мясцовых асаблівасьцяў.
Бобо не цярпяць палітычнага радыкалізму і не імкнуцца да высокіх уладных пастоў. Нааадварот, яны вераць у грамадзка-палітычнае дзеяньне на лякальным узроўні, калі размова вядзецца твар у твар, а ў публічных дэбатах менш ідэалягічнага налёту. І гэтым бобо мне таксама вельмі імпануюць. Дарэчы, Дэйвід Брукс, калі працаваў замежным карэспандэнтам шэрагу вядучых амэрыканскіх пэрыёдыкаў, бываў і ў Менску. Мабыць, таму, даведаўшыся, што я актывістка зь Беларусі, а ў ЗША вывучаю грамадзкую палітыку, да стандартнага аўтографа “Ірыне ад аўтара” ён дадаў “Посьпехаў ува ўсім!”