“Палова нашых мужчын — з чырвонымі ад гарэлкі тварамі”

Год роднай зямлі ў Беларусі, падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў, 55-годзьдзе Радыё Свабода, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.
Гэты год ў Беларусі афіцыйна абвешчаны Годам роднай зямлі. Выказваньне на гэтую тэму:

Cпадарыня: “У гэтым годзе, які абвешчаны годам роднай зямлі, найлепш, каб гэта быў бой п’янству. Нават у маршрутных аўтобусах пачалі так пісаць, толькі п’янства не зьмяншаецца. Палова нашых мужчын ходзяць з чырвонымі тварамі, носяць гэтыя твары, як мэдалі, без усялякага ўнутранага дыскамфорту. Ну, дзе яшчэ, у якой краіне так свабодна пачуваецца ім? Нават на працы, нават інтэлігенты. У Беларусі, ну можа яшчэ ў Расеі. Нейкая хваткая саветчына, якая яшчэ ня выветрылася, а ўжо з новым смуродам!”

Наступныя тэлефанаваньні на тэму прэзыдэнцкіх выбараў.

Спадар: “Цудоўна памятаю, калі ў далёкім ужо 1994 годзе колішні кандыдат у прэзыдэнты дэпутат Лукашэнка біў сябе кулаком у грудзі і гучней за ўсіх крычаў, абяцаючы вярнуць нашы ўклады. Прайшло ўжо 15 год, а Рыгорыч нам нічога не вярнуў”.

Спадар: “Прапаную зрабіць гісторыю, гісторыю адліку фальшаваньняў прэзыдэнцкіх выбараў. Давайце, калі ласка, спадары, працуйце, дэмакраты. Іншага ў нас шляху няма, як рабіць гісторыю фальшаваньня выбараў”.

Вадзім Шаргей, Менск: “Хацелася б пачуць меркаваньні экспэртаў наконт таго, колькі яшчэ Лукашэнка будзе сядзець на прэзыдэнцкай пасадзе. А таксама такі прагноз: хто прыйдзе ды зойме гэтую пасаду пасьля яго? Я лічу, што такія прагнозы трэба рабіць ужо зараз, бо гэта павінна наблізіць для нас доўгачаканы час пераменаў у грамадзтве”.

На пытаньне адказвае палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі
“Калі адказваць коратка, то тут вельмі проста, бо ў выніку ўсё вырашае народ, электарат. Найперш варта думаць пра тую сытуацыю, калі воля народу можа быць асэнсаванай і выбар можа быць сумленна адлюстраваны ў выніках галасаваньня”.

Працягваем праграму. 20 траўня спаўняецца 55 год Радыё Свабода. Тэлефанаваньні слухачоў:

Віктар Буто: “Крыху пра працу беларускай службы Радыё Свабода. Вы сапраўдныя прафэсіяналы сваёй справы і знаходзіцеся першымі ў асабліва небясьпечных месцах. Вас абліваюць брудам розныя непрыстойныя прадстаўнікі ўладаў і іх пасярэднікі і падначаленыя. Зь вялікай павагай”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Вітаю вас і сардэчна віншую з 55-гадовым юбілеем, Радыё Свабода. Няхай у вас заўсёды будзе шмат прыхільнікаў, гледачоў і радыёслухачоў. Вам мой новы верш, які называецца “Паслухай Свабоду”:

Калі прачынаюся раніцай я,
Са мной, як заўсёды, “Свабода” мая.
Старэнькі прыймач уключаю,
На хвалях “Свабоду” шукаю.
Навіны паслухаць люблю я часамі,
Знаёмымі, блізкімі мне галасамі.
Так многа у нашай “Свабоды” гасьцей,
Хацелася б бачыць і чуць іх часьцей.
Так цяжка дайсьці да свабоды,
Калі на шляху перашкоды.
Улады крычаць: “Мы усё для народа”,
Злаві і паслухай, што скажа “Свабода”.
Жыве Radio Liberty”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.