Лідэры апазыцыйнай Партыі камуністаў Беларускай на пазачарговы зьезд вынесьлі прапанову аб зьмене сваёй назвы. На думку палітолягаў, гэта сьведчыць пра заняпад камуністычнай ідэі ў Беларусі.
СЛУХАЦЬ:
Партыя камуністаў Беларуская атрымала дазвол на правядзеньне пазачарговага зьезду 23 траўня ў памяшканьні Палаца культуры МТЗ. На парадак дня вынесенае пытаньне мадэрнізацыі партыі. У рамках падрыхтоўкі да зьезду адбылася дыскусія, цягам якой большасьць выказалася за зьмену камуністычнай назвы партыі пры захаваньні марксісцкай сутнасьці яе праграмы.
Адмысловая камісія прапанавала зьезду 6 варыянтаў новай назвы: Беларуская партыя левых, Партыя дэмакратыі і справядлівасьці, Партыя “Новы курс”, Партыя “Справядлівасьць і народаўладзьдзе”, Партыя “Справядлівы сьвет”, Партыя “Радзіма”. Зьезд мае выбраць тры зь іх для далейшай дыскусіі. Мяркуецца, што новую назву канчаткова ўхваляць у верасьні. Але зьезд можа прыняць і іншае рашэньне.
Адзін з ініцыятараў зьмены назвы партыі — яе лідэр Сяргей Калякін. Ён кажа, што ёсьць шмат прычын для гэтага. Перш за ўсё — тая, што большасьць людзей не ўспрымае камуністычныя прынцыпы, і гэта замінае працы з насельніцтвам. Па-другое, ПКБ і ня ставіць задачу пабудовы камуністычнага грамадзтва. Па-трэцяе, партыя адмяжоўваецца ад нэгатыўнай спадчыны КПСС, рэпрэсіяў, парушэньня правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў у СССР. Гаворыць Сяргей Калякін:
“Калі многім людзям сёньня гаворыш “Пойдзем з намі”, яны адказваюць: “Мы ня хочам назад у Савецкі Саюз”. А мы і не прапануем ім туды ісьці. Таму трэба зьмяніць назву, таму што яна не дазваляе нас ацаніць такімі, якімі мы ёсьць. Нас ацэньваюць як КПСС. А гэта кепска. Гэта дрэнна ўспрымаецца большасьцю нашага грамадзтва. Ёсьць нашая беларуская спэцыфіка, якая патрабуе зьмены назвы. Пры гэтым партыя ня зьменіцца ўнутрана, яна застанецца той партыяй, якой зьяўляецца сёньня, — партыяй сацыяльнага прагрэсу, партыяй дэмакратыі, партыяй свабоды і сацыяльнай справядлівасьці”.
Сяргей Калякін зазначыў, што ягоная партыя застанецца левай, значна лявейшай, чым традыцыйныя сацыял-дэмакраты, і будзе выказвацца за сацыялістычны шлях разьвіцьця.
Паводле менскага палітоляга Аляксандра Класкоўскага, ПКБ, арыентуючыся на старэйшы электарат, моцна спазьнілася са зьменай назвы, бо камуністычная ідэя стала непапулярнай у Беларусі.
“Гэта зьвязана з выміраньнем старэйшага пакаленьня, для якога танная каўбаса і гарэлка была нейкім ідэалам дабрабыту. А моладзь абсалютна не ўспрымае гэтую ідэю. І ў партыі ўжо сёньня няма апірышча сярод моладзі. І тым болей для партыі, якая прэтэндуе на нейкую пэрспэктыву, каб весьці людзей да лепшага варыянту ўладкаваньня Беларусі. Гэты скампрамэтаваны сьцяг ня мае ніякай будучыні”.
Аляксандар Класкоўскі зьвяртае ўвагу на тое, што нават сама назва Партыі камуністаў выклікала праблемы пры стварэньні апазыцыйных кааліцыяў зь яе ўдзелам. Цяпер жа, у чаканьні новай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, лідэр ПКБ Сяргей Калякін шмат кім расцэньваецца як магчымы адзіны кандыдат ад апазыцыі. І калі ён будзе прадстаўляць не камуністычную партыю, а, скажам, Партыю “Радзіма”, то яму будзе значна лягчэй аб’яднаць вакол сябе апазыцыйныя сілы.