23 траўня, на гэтым тыдні, мае нечарговы зьезд апазыцыйнай ПКБ. На ім, магчыма, вырашаць зьмяніць назву партыі, а таксама правядуць галасаваньне аб даверы цяперашняму складу ЦК ды асабіста старшыні Сяргею Калякіну.
Так пастанавіў Пленум ЦК ПКБ, які прайшоў у гэтыя выходныя. Зацьверджаныя шэсьць новых варыянтаў назвы, якія прапануюць для абмеркаваньня дэлегатам.
Такім чынам, ПКБ можа атрымаць адну з наступных назваў: “Беларуская партыя левых”, “Партыя дэмакратыі і справядлівасьці”, “Новы курс”, “Радзіма”, “Партыя справядлівасьці і народаўладзьдзя” ці проста “Справядлівы сьвет”. Ініцыятыва “мадэрнізацыі”, як называюць працэс зьмяненьня назвы партыйныя функцыянэры, належыць моладзі, якая прыйшла ў партыю. Кажа першы сакратар ЦК ЛКСМБ Зьміцер Яненка:
брэнд “камуністычны” ня вельмі працуе ...
“У нашым моладзевым асяродзьдзі бачна, што брэнд “камуністычны” ня вельмі працуе. Некалькі год таму ЛКСМБ зьбірала подпісы супраць таго, каб Палата прадстаўнікоў прымала закон аб павялічэньні тэрмінаў адпрацоўкі студэнтаў. І калі прыходзілі, відаць было, што студэнты выступалі дзьвюма рукамі за гэтую ініцыятыву. Але сама назва “камуністычная” адварочвала. І прагучала меркаваньне, што “пакуль зьбіраеце подпісы, а пасьля ўсіх запішаце ў камуністычную партыю”. А па-другое, калі паглядзець на мерапрыемствы, якія праводзяць АДС — на “сацыяльны марш”, дзе арганізацыйную ролю выконваюць камуністы, прыходзіць вельмі мала моладзі, а на “Чарнобыльскі шлях” вельмі шмат...”
Рэдактар партыйнай газэты “Товарищ” Сяргей Вазьняк сам сябе называе “ідэолягам” і “лякаматывам” мадэрнізацыі:
“Мы сутыкнуліся з праблемай — словы “камуніст” і “камуністычная” застаюцца папулярнымі ў значнай колькасьці людзей старэйшага пакаленьня, але сярод сярэдняга і малодшага ўзросту маюць усё больш нэгатыўнае ўспрыманьне. Таму пакідаем марксісцкую сутнасьць нашай праграмы, але мяняем назву. Гэта на мове паліталёгіі “рэбрэндынг”. Трэба зыходзіць ад жыцьця, а не ад догмаў. Ёсьць эўрапейскі досьвед. Кампартыя Швэцыі зараз — Левая партыя Швэцыі і мае больш за 10% у парлямэнце. Кампартыя Кіпра зараз — Прагрэсіўная партыя працоўнага народу Кіпра і знаходзіцца ва ўладзе: старшыня там прэзыдэнт краіны. Пры тым, што партыі марксісцкія...”
Пытаюся: ці прывядзе зьмена назвы да выхаду з партыі часткі яе сяброў?
“Так будзе адназначна, але мы правялі апытаньне — гэта ня будзе крытычная маса. Тых, хто прыйдзе, будзе больш...”
З 50 сяброў ЦК ПКБ 42 падтрымалі на Пленуме “мадэрнізацыю” назвы. Тым ня менш сутычкі на зьезьдзе чакаюцца. Кажа сябра ЦК з Барысава Віктар Капульцэвіч:
Дыскусія аб зьмене назвы вядзе да расколу...
“Пытаньне аб зьмене назвы я лічу безгрунтоўным. Дыскусія вядзе да расколу. Якая б частка ні засталася ў партыі, яна ўжо ня будзе мець кворуму, каб зарэгістравацца. На мой погляд, ледзь не “заказная” палітыка! Калі прыбіраецца слова “камуністычны”, чыста фармальна адкідаецца ўся гісторыя. Кажуць, што камуністычны рух губляе аўтарытэт. Хоць, калі прааналізаваць, сьвет разьвіваецца па ленінскім шляху. Ніхто так ня змог абгрунтаваць рынак і плянавую сыстэму, як гэта зрабіў Ленін у НЭП. Найбуйнейшы заходні эканаміст Кейнс пераканаў Рузвэльта, што плянаваньне павінна панаваць на рынку. Рузьвельт сабраў капіталістаў і кажа — 40% сваіх даходаў кладзіце ў дзяржфонд. Яны кажуць — “гэта ж Марксам патыхае”. А ён — “Маркс настолькі вялікі, што мы ня маем права аддаць яго на зьядзеньне адным камуністам”. І Амэрыка пераадолела крызіс. Абама пачынае мяняць сваю палітыку — прапрацоўваецца працэс нацыяналізацыі банкаў...”
Старшыню ПКБ Сяргея Калякіна пасада абавязвае стаяць па-над дыскусіяй.
“Я разьлічваю, што партыя атрымае больш магчымасьцяў даносіць да насельніцтва свае мэты, прынцыпы, каштоўнасьці. Мы маем намер у выніку мадэрнізацыі павялічыць колькасьць прыхільнікаў у грамадзтве...”