Бэнґальскі падарунак беларусам

prochainestation

Мне было вельмі прыемна, калі сёлета 21 лютага ў Беларусі па ініцыятыве ТБМ адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы. Добра бачыць выказваньне пашаны да матчынай мовы, асабліва калі яна знаходзіцца ў такім небясьпечным стане. Аднак на Беларусі мала хто згадваў крыніцу гэтага дня: бэнґальскі Дзень моўнага руху, таксама вядомы як Дзень пакутнікаў.

Маё імя Рашэд Чоўдхуры. Я дактарант па гісторыі ў МакГілаўскім унівэрсітэце (Манрэаль, Квебэк, Канада). Нарадзіўся ў Менску ў беларуска-бэнґальскай сям’і, вырас у Банґлядэш ды Кувэйце. Жыву ў Паўночнай Амэрыцы амаль 10 год.

1. Навошта я пішу блог

Галоўная мэта — каб больш думаць па-беларуску, жывучы ў горадзе, дзе думкі звычайна падзяляюцца на ангельскамоўныя ды франкамоўныя. Таксама каб захоўваць сувязь са сваёй краінай, адкуль я зьехаў 24 гады таму.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Шчырасьць, спантаннасьць, а таксама павагу да іншых.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Лаянку і высьмейваньне іншых поглядаў. Калі з кім-небудзь не пагаджаесься, дык дакажы, чаму маеш рацыю ты. Навошта ўсіх, хто не пагаджаецца з табою, запісваць у дурні ці зладзеі?

У 1947 г., у выніку падзелу Брытанскае Індыі на незалежныя Індыю й Пакістан, Усходняя Бэнґалія, па прычыне сваёй мусульманскай большасьці, апынулася ў складзе новай дзяржавы Пакістан. Дарма што бэнґальцы складалі большасьць пакістанскага насельніцтва, палітычная эліта краіны, якая амаль выключна абапіралася на Заходні Пакістан, зрабіла адзінаю афіцыйнаю моваю краіны мову урду. Дарэчы, нават у Заходнім Пакістане урду была роднаю моваю для менш як 10% насельніцтва. Бэнґальскі народ, асабліва найбольш палітычна актыўная яго частка — студэнты — няспынна пратэставаў супраць гэтага становішча.

21 лютага 1952 г., падчас мірнай маніфэстацыі ў сталіцы правінцыі Дацы за наданьне бэнґальскай мове статусу дзяржаўнай, паліцыя адкрыла агонь па ўдзельніках. Былі забітыя пяць чалавек: дэманстранты Абдус Салям, Рафік Удзін Ахмед, Абуль Баркат і Абдуль Джабар, а таксама Шафіюр Рахман, які проста ехаў міма на ровары. З 1953 году 21 лютага ў тагачасным Усходнім Пакістане (сёньняшняя Банґлядэш) пачалі адзначаць як дзень смутку па гэтых пяці чалавеках, якія аддалі жыцьцё за права бесьперашкодна карыстацца ўласнаю моваю.

У 1954 г. бэнґальская мова атрымала статус дзяржаўнай побач з урду. Але барацьба за мову натхніла бэнґальцаў на барацьбу за дзяржаўную незалежнасьць ад Пакістану, чыё кіраўніцтва працягвала зьневажаць бэнґальскую культуру. У 1971 г., пасьля рэпрэсіяў супраць бэнґальскага нацыянальнага руху, Банґлядэш абвясьціла незалежнасьць і адстаяла яе ў ходзе крывавай дзесяцімесячнай вайны.

21 лютага застаецца адным з галоўных сьвятаў Банґлядэш. Гэта ня толькі дзень ушанаваньня памяці ахвяраў моўнага руху, але адначасова й дзень надзеі на дастойнае, свабоднае жыцьцё. Звычайна ўвесь люты па краіне гучаць дзьве песьні. У адной пяецца: “21 лютага, счырванелы крывёю маіх братоў, я ніколі не забуду”, а ў іншай: “Наш гонар, наша надзея — мая собская бэнґальская мова”.

Штогод раніцаю 21 лютага тысячы людзей праходзяць басанож па вуліцах Дакі і ўскладаюць кветкі да помніку тым пяці ахвярам, забітым у 1952 г. Яны сьпяваюць, ідучы плячо ў плячо. У гэты дзень усе ўсім браты. Хтосьці ў ноч на 21-га стварае малюнкі на вуліцах, па якіх раніцаю будуць ісьці людзі да помніка. Гэтыя малюнкі, зробленыя крэйдай, упрыгожваюць горад нейкі час, а потым, празь некалькі дзён, раствараюцца й зьнікаюць.

Але што не зьнікае, гэта пачуцьцё гордасьці за тое, чаго здолелі дасягнуць бэнґальцы пры даволі складаных умовах. Праўда, што Банґлядэш знаходзіцца на 147-м мейсцы (са 179) у ААНаўскім Індэксе разьвіцьця чалавечага патэнцыялу за 2008 г. (у той час як Беларусь знаходзіцца на 67-м) і што 47% дарослых банґлядэшцаў усё яшчэ непісьменныя. Аднак грамадзяне Банґлядэш жывуць у дэмакратычнай краіне, дзе праходзяць свабодныя выбары, дзе збольшага паважаецца свабода слова і дзе дзяржава аднолькава ахоўвае чатыры веры: іслам, гіндуізм, будызм і хрысьціянства.

Дарма што хрысьціяне складаюць толькі 0,3% насельніцтва краіны, Раство зьяўляецца дзяржаўным сьвятам у Банґлядэш. Тысячы вучняў-мусульман вучацца ў каталіцкіх школах.

А што тычыцца мовы, дык яе паважаюць усе, нават тыя, хто праз кожныя тры бэнґальскія словы ўстаўляе адно ангельскае. У адрозьненьне ад Індыі, дзе ў некаторых штатах амаль 99% школьнікаў вучацца на ангельскай мове, у Банґлядэш навучаньне ва ўсіх дзяржаўных школах вядзецца на бэнґальскай.

Па ініцыятыве Банґлядэш ЮНЭСКА абвясьціла 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы ў 1999 г. За некаторымі выключэньнямі, такімі, як творы ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры за 1913 г. Рабіндраната Таґора, бэнґальская культура застаецца амаль невядомай за межамі паўднёвае Азіі. Але Міжнародны дзень роднай мовы — гэта падарунак Банґлядэш усяму сьвету, у тым ліку й Беларусі. Хай жа ён штогод нагадвае нам, беларусам, рупліва дбаць аб сваёй мове і натхняе нас захоўваць тыя каштоўнасьці, якія дазваляюць нам “людзьмі звацца”.

Тыповая вуліца ў Дацы. Фота аўтара


Сад у Лалбаґскай крэпасьці (XVII ст.), брама крэпасьці й навакольныя сучасныя будынкі, Дака.