Палескi вязень

genosse-u

містычна-этнаграфічная радыёп'еса з жыцьця глыбокага Палесься




ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Шпіён

Дзед

Баба


Мова Дзеда і Бабы — беларуская на грані трасянкі, у яе сельскай, вясковай інтэрпрэтацыі.

genosse - Вольны мастак і халодны філёзаф.

1. Навошта я пішу блог

Таму што мае інфармацыйныя магчымасьці ў блогасфэры значна перавышаюць мае інфармацыйныя магчымасьці ў жыцьці. Апошнюю пэрсанальную выставу я меў у правінцыйным горадзе больш за дзесяць гадоў таму назад, а ў сваім блогу я магу ўладкоўваць сабе сьвята кожны дзень, ні ад кога пры гэтым не залежачы.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Дэмакратычнасьць, шырокі ахоп, адсутнасьць межаў, магчымасьць знаходзіць аднадумцаў і цікавых людзей.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Балбатню, безадказнасьць і вялікую колькасьць дурняў. У паўсядзённым жыцьці, аднак, апошніх ніяк ня менш.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

Глыбокая ноч. Бедная вясковая халупа. На драўлянай лавачцы, склаўшы рукі й твары толькі так, як іх умеюць складаць вясковыя жыхары, сядзяць Дзед і Баба. На гэткай жа лавачцы насупраць прыходзіць у прытомнасьць Шпіён. Ачуўшыся, ён выяўляе, што прывязаны да яе.

Баба. Прачнуўся.

Дзед. На здароўкi.

Шпіён (спрабуючы вызваліцца, зь ледзь прыкметным акцэнтам). Дзе я? Што гэта?

Дзед. Гэта, хлопча, зьвязалі мы цябе, каб ты ня ўцёк.

Баба. Пайду прынясу яму пад'есьці чагосьці.

Дзед. Добра, маці, няхай падсілкуецца.

Баба ўстае і сыходзіць па ежу для Шпіёна. Дзед працягвае сядзець побач, задумённа сузіраючы яго.

Дзед (клапатліва). Як ты там, бакі не баляць? Бач, выскачыў, як Піліп з канапель!

Шпіён. Разьвяжыце мяне! Я прыйшоў у лес зьбіраць суніцы.

Дзед. Не, сыне, пад Радар у нас у суніцы ня ходзяць.

Баба (зьяўляючыся ў дзьвярах зь міскай). Ды й нэграў у нас тутака ад цара Батура не было.

Шпіён. Я навуковец-антраполяг, прыехаў з Гародні...

Дзед. З парашутам?

Баба. Да нас, хлопчык, сюды даўно ўжо ніхто ня езьдзіць. Ані з Гародні, ані зь Мiнску, ані з Гомля. Раней прыяжджаў сын з Бабруйску, ды толькі ён ужо дваццаць пяць гадоў як захварэў і памёр.

Дзед. Затоека шпіёны, як і за Савецкай уласьцю, пагэтака падаюць. Вы, дзеткі, думаеце, што Радар дагэтуль працуе? Гэта ж раней быў сакрэтны аб'ект. Цяперака даўно ўжо тут нікога няма. Усе памёрлі ад радыяцыі гэтай: зараз няма ад каго яго й засакрэчваць.

Баба (корміць Шпіёна з лыжкі). Вёска наша завецца Задняя Рэкта, усяго і засталося ў ёй народу, што Баба зь Дзедам.

Шпіён. Не разумею. Паслухайце, я навуковец-антраполяг, мяне чакаюць ва ўнівэрсытэце...

Баба (лагодна пасьмейваючыся). Прыдумаюць такое — нтраполяг. У нас такіх людзей, дзетачка, ня тое што ў вёсцы, а і ў горадзе няма.

Дзед (паважліва). Хаця, канешне, можа ў вас у Мэрыцы і ёсьць...

Баба (задуменна). Ета так.

Дзед. Усё ў вас ёсьць, а ўнадзiлiся да нас у Рэкту. Пашлюць дурнога, а ўсьлед другога. Сьвярбiць вам гэты Радар, каб яго цямiла!

Баба. Ай, дзед! Ты дарма ня лайся: які ні ёсьць Радар, а безь яго горай было бы.

Дзед. А й то праўда! Гнілая калода, ды сук смаляк! Чаго скардзіцца. А без Радара нам тутака ніяк. Без Радара што? Двор нешырокі, збор невялікі. А гэтак вось і ты, хлопча, да дзеда з бабай завітаў.

Дзед і Баба пільна і ацэньвальна, як мясьнікі на карову, глядзяць на Шпіёна, ад чаго яму становіцца не па сабе. Падаецца, што іх старэчыя вочы сьвецяцца жудаснаватым ліхім сьвятлом у прыцемку беднай хаты.

Шпіён. Але я сапраўды працаўнік інстытута ў Гародні, у мяне ёсьць дакумэнты...

Дзед. Які твой дакумэнт, мы ведаем. Ён у цябе ў зубе.

Шпіён (з прыкметным акцэнтам, хвалюючыся і не прыкмячаючы лыжкі, якую яму клапатліва совае ў зубы баба). Аб чым вы гаворыце, дзядуля?

Баба. Тое й баба ведае, што дзед табе скажа. У цябе ў зубе дупло, а тамака еты... чып. Ета ў вас накшталт пашпарту. Вам усім еты чып туды ўстаўляюць, як вы ды нас леціцё на парашутах сваіх.

Шпіён. Я сапраўды не разумею... Якія парашуты... Я вучыўся ў Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы, застаўся працаваць у...

Дзед. Гэта мы ўсё ведаем. Гэта твая легенда. А на самой справе ты шпіён: ці хто сюды, акрамя шпіёна, сунецца? Колькі сябе памятаю, усё тутака шпіёны. Ужо й вёскі няма, а шпіёны ўсё ходзяць. З усяго сьвету па злодзею. А на Радары ж даўно ўжо ніхто не працуе, стаіць Радар. Толькі радыяцыя гэтая ад яго паўсюль. Таму й няма нікога, толькі вы ўсё плустаецеся, дый баба зь дзедам сядзяць тута ў хаце. Як тыя старадрэвіны.

Баба. Яны, дзед, шукаюць тутака етых... цехналогій, памятаеш, вось якраз перад етым хлопчыкам быў у нас іншы хлопчык, дык ён такое казаў.

Дзед. А можа й цекналохій, тут чаго спрачацца. Мы людзі не адукаваныя, нам з грамаці хлеба ня нямаці. Старыя мы ўжо к гэтым цекналохіям. У нас што? Ад ліха ціха, ды дабра не чуваць...

Шпіён (змагаючыся з хваляваньнем). Пераканаўча прашу вас, разьвяжыце мяне. У Гародні вам пацьвердзяць...

Дзед. Баба, хадзі прынясі нажа, а я пакуль тут зь ім пасяджу.

Баба. Ды тутака нож, тутака, стары, ніколі ж ты ня памятаеш, дзе што ляжыць. Хлопчык, мабыць, не пад'еў яшчэ.

Дзед. Ці ты ня бачыш: ён больш тваёй кашы ня хоча. Ня есьць.

Баба (клапатліва). Ты пад'еў, дзетачка?

Шпіён. Спадзяюся, вы зьбіраецеся разрэзаць мне вяроўкі?

Дзед. Не, будзем зуб раскалупваць, пакажам табе твой чып.

Шпіён (з прыкметным акцэнтам, хвалюючыся). Гэта ёсьць нецывілізавана!

Баба (лезе да яго з нажом). Вось жа ж выхаваны, здаецца, мужчына, а ўжо мацюкацца пачаў.

Дзед. Вось табе й гарадзкея.

Баба (соваючыся з нажом). Разяўляй, сыночак, рот, каб шчокі не абдзерці.

Шпіён (крычыць). Спыныцеся! Так, ёсьць чып.

Дзед. Ну зразумела ж, ёсьць. Мы ж пра то й кажам.

Баба. Яго б усё ж выкалупаць, ад граху далей.

Дзед. Народ мы цёмны, асьцерагаемся такіх прылад. Хаця Радар такое ізлучэніе дае, што цябе тутака i па чыпу ня знойдуць.

Баба. Ня знойдуць; мінулых таксама шукалі, а не знайшлі.

Дзед. Вядома ж, шукалі. Шпіёны ня бульба.

Шпіён. Павінен выказаць вам свае захапленьне. Вы вельмі прафэсійна дзейнічалі і хутка дэшыфравалі мяне. Вядома ж, вы зьвязаныя з КДБ.

Дзед. Якое ў нас тут, хлопча, КДБ. Вёска наша — Задняя Рэкта, усяго й ёсьць, што я ды баба. Нікому да нас клопату няма. Ані КДБ твайму, ані піянэрам якім, ані гацударцтву.

Баба. Быў, праўда, калісьці ў нас тута калгас “Прасьвет”, дык зараз які калгас. Няма нікога, дзетачка, нікога не засталося, толькі баба й дзед.

Шпіён. Але яма, у якую я праваліўся...

Баба (з гонарам). Пасткі нашыя. Дзед мой паляваць мастак.

Шпіён. Я жадаю зрабіць вам прапанову ад імя спэцыяльных служб маёй дзяржавы. Калі вы яе прымеце, гэта будзе азначаць карэнную зьмену вашага жыцьця. Вы зажывяце значна лепш. Мы са свайго боку будзем шчасьлівыя працаваць з такімі прафэсіяналамі, як вы. Натуральна, вы адпусьціце мяне. Ваш дабрабыт значна ўзрасьце. Мы можам даць вам...

Баба (Дзеду). Адно і тое ж балаболяць. Языком, як цяля хвастом.

Шпіён. Тысяча даляраў у месяц кожнаму — калі параўнаць гэта з вашай пэнсіяй, дык гэта ў некалькі раз больш! Усе рамонтныя працы ў вашай хаце будуць праводзіцца за наш рахунак...

Дзед і Баба сьмяюцца са скептычным вясковым выглядам.

Баба (Дзеду). А гэты хлопец будзе сквапнейшы за таго. (Шпіёну.) Не, хлопча, мы самі па сабе. Да нас усё жыцьцё нікому справы не было, дык мы самастаяцельна сушчэстваваць навучыліся.

Шпіён. Цалкам незразумела, што вы будзеце рабіць са мной зьвязаным? А вось калі вы прымеце маю прапанову, вырашацца ўсе вашы самыя сур'ёзныя праблемы. Зразумела, я гатовы абмеркаваць усё ва ўсіх дэталях ужо зараз.

Дзед (лагодна). Хваліла сябе Тадора і сёньня і ўчора. Тыц-мыц — няма чаго гаварыць. Годзе табе, хлопча, дванаццаць ужо: нам з Бабай сьнедаць пара.

Шпіён. Я разумею, што стрымлівае вас. Гэта — так званы патрыятызм. Мы таксама патрыёты; але мы патрыёты не сваёй дзяржавы, а сваёй краіны. Задумайцеся, што зрабіла для вас ваша дзяржава? Пакінула паміраць каля радыёактыўнага Радара?

Баба. Нешта ты не разумееш, дзетачка? Нам памерці ніяк нельга. Бо мы ўжо даўно памерлыя.

Дзед. Мы, хлопча, не падрыоты, — мы вампіры. Па-нашаму, па-простаму — крывасмокi. Мерцьвякі мы. Хіба ж хто іншы тутака працягне? Людзі мы дзеравенскія, сьціплыя, многа нам ня трэба: птушачка праляціць, зьверык прабяжыць — тою кроўкай і сытыя. Жылі сьціпла, памерлі — таксама сьціплымі засталіся. Хоць ня ўежна, але ўлежна. А як жа ж йнакш?

Баба. Бывае, аднак, і на нашай вуліцы сьвята. Часам і нам, старым, можна добра пасьнедаць. Вось як сёньня.

Шпіён глядзіць на іх, вырачыўшы вочы.

Шпіён. Зараз ня час для дрэнных жартаў. Я зрабіў вам прапанову...

Дзед. Ну, хопіць ужо! Прыйшлі вестачкі, што хочацца естачкі.

Баба. Будзько набыўся, хвалько нахваліўся, а Франка зьелі.

Выскаляюцца, агаляючы доўгія вострыя зубы, і павольна нахіляюцца да горла палоннага.