Крызіс на руку крамам second-hand’у

Продаж адзеньня сэканд-хэнд на адкрытым рэчавым рынку ў Менску

Перад крамамі second-hand у дні прывозу новага тавару зьявіліся чэргі: людзі імкнуцца туды патрапіць у першых шэрагах. Прадаўцы кажуць, што на адсутнасьць попыту ніколі ня скардзіліся, але цяпер, у часы крызісу, пакупнікоў паболела. Чым ёсьць сэкэнд для беларусаў?

У Эўропе і Злучаных Штатах Амэрыкі тэрмін second-hand (даслоўна “другія рукі”) азначае любую рэч, якая была ва ўжытку — ад аўтамабіля, кніг да вопраткі і абутку.

У Беларусі назва прыжылася толькі ў адносінах да апошніх.

За дзесяцігодзьдзі ад часоў, калі тут зьявіліся “сэкэнды”, спэцыфіка іх прапаноў крыху зьмянілася. Мой суразмоўца Валеры карыстаецца тымі крамамі ўжо 10 год. Нягледзячы на добрыя заробкі (ён працуе ў сфэры гандлю аўтамабілямі) і магчымасьць апранацца дзе заўгодна, звычку за вопраткай хадзіць у сэкэнд лічыць карыснай. Большасьць гардэробу — адтуль:

— Працэнтаў 85. Асабіста я не набываю там абутак і курткі, верхнюю вопратку, а так — майкі, байкі, швэдары, рубашкі, джынсы — усё гэта там. Вось нядаўна на Ждановічах, прыкладам, дзе вялізны сэкэнд — я там набыў джынсы Levis за 100 тысяч беларускіх рублёў. Прычым у мяне 36-я даўжыня і 31-ы памер па поясе — мне вельмі цяжка па памеры знайсьці мадэль. І ў крамах я яе не знаходзіў. Ня кажучы ўжо пра кошт — дзе вы такое купіце за 35 даляраў?

Іншая мая суразмоўца, Юлія, таксама пастаянная наведніца і пакупніца гэтых крамаў. Падкрэсьлівае: калі хочаш знайсьці добрую рэч, трэба наведваць сэкэнды не абы калі, пад настрой, а рэгулярна, падстройваючыся пад дні, калі прывозяць чарговую партыю.

— Я магу сабе дазволіць набываць рэчы ў звычайных крамах. Я дастаткова зарабляю для гэтага.
Мне падабаецца набыць добрую, якасную брэндавую рэч у 10 разоў таньней.
Але мне падабаецца набыць добрую, якасную брэндавую рэч у 10 разоў таньней. Апошняя ўдалая пакупка — джынсы Disel, якія я набыла на Ждановічах за 40 даляраў. Выдатная мадэль, якую я доўга шукала. У фірмовай краме ў горадзе яны каштавалі 350. Прычым яны новыя. Абсалютна.

Часам можна пачуць — маўляў, рэчы ўбіраюць у сябе энэргію колішніх уладальнікаў, а яна можа стацца зусім не на карысьць новаму гаспадару. Такія аргумэнты Валер лічыць глупствам:

Па-першае, рэч, перад тым як яе апрануць ці абуць, трэба памыць. Вада лепш за ўсё забірае ўсялякую энэргетыку, ачышчае. Па-другое, а што інакш у тых рэчах, якія мы набываем у звычайных крамах? Яе мог мераць хто заўгодна! Тое самае! Прыйшоў чалавек з дрэннымі нейкімі энэргетычнымі палямі, памацаў, памераў на сябе — і будзе аднолькава. Але ў сэкэндзе яна апрацаваная перад тым, як на паліцу патрапіла.

Дырэктарка крамы second-hand на сталічным бульвары Талбухіна Вольга кажа, што да таго, як вопратка пройдзе мяжу Эўропы і Беларусі, яна апрацоўваецца паводле міжнародных стандартаў:

— Напрыклад, у нас тавар з Англіі і Галяндыі. Адпаведна, яшчэ ў тых краінах тавар сартыруюць, апрацоўваюць, дэзынфікуюць газам. І толькі з дакумэнтамі, якія пацьвярджаюць гэта, тавар можа прайсьці мяжу ды мытню. У нас гэта ўсё кантралюе санэпідэмстанцыя. І прадаецца толькі дэзынфікаваны, апрацаваны тавар.

Слабы саладкаваты пах, якія прысутнічае ў кожным сэкэндзе — гэта пах газу.
Але гэта не азначае, што пасьля набытку рэч можна адразу на сябе апрануць і пайсьці, лічыць спадарыня Вольга:

— Кожнаму пакупніку мы рэкамэндуем абавязкова рэч памыць. Таму што такі вось слабы саладкаваты пах, якія прысутнічае ў кожным сэкэндзе — гэта пах газу. Мыць рэкамэндуецца любую рэч, нават якую набылі ў ГУМе, ЦУМе і гэтак далей. Бо рэчы захоўваюцца на складах, рэчы пыляцца… Можа ж быць элемэнтарная алергія ці на пыл, ці на пэўны пах.

На погляд маёй суразмоўцы, у час крызісу пакупнікоў у крамах сэкэнд-хэнд стала болей.

І гэта тлумачыцца найперш коштамі, якія могуць быць вельмі нізкімі:

— Вось дапусьцім, паглядзіце: жаночыя нагавіцы. Віскоза 100%, цудоўны стан, выглядаюць новымі — кошт 25 тысяч. Але, магчыма, для некага і гэта празьмерна высока. Ці, прыкладам, хоча чалавек набыць вопратку для дачы, для хатняга ўжытку. Тады ён можа набыць яшчэ значна больш танныя варыянты — па вазе.

Цікава, што сама зьява сэкэнд-хэнду ўзьнікла дзякуючы дабрабыту эўрапейцаў. “Ад добрага жыцьця” яны мелі магчымасьць набываць усё болей і болей рэчаў. Шопінг стаў забавай, а ня толькі неабходным працэсам. І ад рэчаў трэба было некуды пазбаўляцца.

У нашай жа краіне рэчы з Эўропы прыйшліся да месца “не ад добрага жыцьця”, а найперш з-за нізкіх коштаў.

Але, апроч выгод матэрыяльных, некаторых пастаянных пакупнікоў сэкэнд-хэндаў прывабліваюць і зусім далёкія ад утылітарнасьці мэты. Распавядае супрацоўніца кансалтынгавага агенцтва Вольга:

— Прывозяцца яны зазвычай у адзінкавых экзэмплярах. Максымум — будзе два экзэмпляры аднолькавай сукенкі ці майкі. І гэта вельмі важна, бо гарантуе табе адсутнасьць сытуацыі, калі ты ў мэтро апынешся побач зь дзяўчынай у такой самай сукенцы, як на табе. А беларускія прадпрыемствы, на вялікі жаль, вельмі грашаць вялізнымі накладамі той ці іншай папулярнай мадэлі. Ня ведаю, як хто, а я хацела б пазьбегнуць такіх сытуацый.

На думку супрацоўнікаў крамаў сэкэнд-хэнд, папулярнасьць недарагой вопраткі з Эўропы застанецца пры іх заўсёды. Кожны там знойдзе сваё. Нехта танныя кошты, нехта — унікальнасьць асобніка мадэлі, нехта — арыгінальнасьць, сапраўднасьць брэндавых рэчаў.