Раніцай на прывакзальнай плошчы ў Берасьці затрымалі двух актывістаў “Маладога фронту” — Андрэя Шарэнду і Міхаіла Ільіна. Вось якія падрабязнасьці затрыманьня паведаміў падрабязнасьці праваабаронца Раман Кісьляк.
“Іх спынілі супрацоўнікі міліцыі і запатрабавалі прад’явіць дакумэнты. У Андрэя Шарэнды дакумэнтаў не было, і для ўстанаўленьня іх асобаў яны былі дастаўлены ў Ленінскі РАУС”.
Якія абвінавачваньні могуць быць выстаўлены ў дадзеным выпадку?
“Ідуць размовы, што яны могуць быць абвінавачаны ў зьдзяйсьненьні дробнага хуліганства”, — адказвае Раман Кісьляк.
Аднак насамрэч за затрыманьнем бачацца зусім іншыя матывы.
“Атрымліваецца, берасьцейская міліцыя вярнулася да практыкі затрыманьняў напярэдадні якіх-небудзь акцый пратэсту. Задача — ізаляваць актывістаў, каб не дапусьціць іх удзелу, бо яны найбольш актыўныя ўдзельнікі разнастайных мерапрыемстваў”, — камэнтуе Раман Кісьляк.
Ён мяркуе, што міліцыя паспрабуе затрымаць іх, каб не дапусьціць у Менск:
“Відаць, яны будуць абвінавачаны ў дробным хуліганстве. Як правіла, гэта выражэньне нецэнзурнымі словамі. Гэта такая практыка, якую выкарыстоўваюць праваахоўныя органы, каб затрымаць. Дробнае хуліганства — гэта такая палачка-выручалачка. Туды можна што заўгодна”.
Нядаўні супрацоўнік міліцыі Алег Сукач пагаджаецца з гэтым меркаваньнем і дадае:
“Калі я служыў у міліцыі, то сяржантам, пераапранутым у цывільную вопратку, загадвалі ледзь ня круглыя суткі перад якой акцыяй назіраць за грамадзкімі актывістамі, за іх месцазнаходжаньнем і перасоўваньнем. Так што тут няма нічога дзіўнага”.