Гданьскія мастакі з выставай у Горадні

Сёньня ў Горадні адкрылася выстава маладых польскіх мастакоў з Гданьску, якая мае назву “Абсэрваторыя рэчаіснасьці” — паводле назвы іхняга аб’яднаньня.
Прадстаўленыя працы дзевяці майстроў, на адкрыцьцё ў Горадню прыехалі чатыры зь іх — Анна Валігурска, Томаш Кухарскі, Марэк Вшэсіньскі і Войцех Канюшэк (на здымку).

Цяперашняя выстава — трэцяя па ліку, якую прадставіла гарадзенцам галерэя мастацтваў гораду Сопат, што побач з Гданьскам. А яе арганізатарамі ў горадзе над Нёманам выступіла Генэральнае консульства Рэспублікі Польшчы ў Горадні й гарадзкая выставачная заля.

Дарэчы, на адкрыцьцё прыйшоў старшыня праўладнага Саюзу палякаў Юзаф Лучнік, кіраўнікоў іншага Саюзу палякаў — на чале з Анжалікай Борыс, які не прызнаецца ўладамі, не было, хоць звычайна яны наведваюць мастацкія выставы, што ладзяцца польскім консульствам.