“Выяўлена, што сьпіс заснавальнікаў і пратакол статутнага сходу зьезду дадзенай арганізацыі ўтрымліваюць несапраўдныя зьвесткі”, – гаворыцца ў паведамленьні Мін’юсту.
Прадстаўнікі міністэрства называюць і іншыя прычыны нерэгістрацыі:
- “у сьпісе заснавальнікаў Партыі БХД пазначаныя асобы, якія ня ўдзельнічалі ў правядзеньні сходаў у справе вылучэньня дэлегатаў на статутны зьезд”;
- “шэраг заснавальнікаў не змаглі назваць месца і дату правядзеньня сходаў, якіх яны нібыта прысутнічалі, колькасьць прысутных на гэты сходах асобаў, а таксама каго яны абралі ў якасьці дэлегатаў на статутны зьезд”.
“Такім чынам, статутны зьезд партыі БХД ад 28.02.2009 г праведзены са шматлікімі парушэньнямі парадку стварэньня палітычнай партыі, і гэтыя парушэньні носяць непапраўны характар”, - робіць выснову Мін’юст.
Рашэньне можа быць абскарджана цягам месяцу ў Вярхоўным судзе.
“Мы лічым, што рашэньне Мін’юсту беспадстаўнае. Адной з асноўных прычынаў нерэгістрацыі называецца той факт, што ня ўсе людзі, якія ўдзельнічалі ў сходах па вылучэньню кандыдатаў на зьезд, памятаюць, колькі было ўдзельнікаў і колькі дэлегатаў прызначана. Але людзей апытвалі для праверкі гэтых зьвестак, калі прайшло болей за два месяца пасьля сходаў. Натуральна, што ня ўсе яны з больш чым трох тысячаў чалавек гэта дакладна памятаюць”, - заявіў БелаПАН сустаршыня Партыі БХД Аляксей Шэйн.
Шэйн таксама паведаміў, што на дадзены момант вядома каля 30 выпадкаў застрашваньня ўдзельнікаў сходаў па вылучэньню дэлегатаў і саміх дэлегатаў.
Статутны зьезд Партыі БХД адбыўся ў лютым 2009 году.
Пазьней у Міністэрства юстыцыі былі пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю.
Мін’юст адмовіўся зарэгістраваць БХД, але ў той самы дзень, празь некалькі гадзін, прыпыніў сваё рашэньне.
Пакуль разглядалася пытаньне рэгістрацыі партыі, сябры БХД атрымлівалі пагрозы наконт звальненьня працы і выключэньня з вучобы. Пагрозы сыходзілі ад адміністрацыяў прадпрыемстваў і навучальных установаў.
Некалькіх сябраў БХД звольнілі з працы.