“Мы на паўтара мільярда даляраў зьелі больш, чым стварылі”

Нацыянальны банк Беларусі адзначае, што калі “крызісныя тэндэнцыі” будуць разьвівацца і надалей, то ўстойлівасьць банкаўскага сэктару можа быць парушаная. Такая выснова зроблена ў апублікаваным дасьледаваньні Нацбанку “Фінансавая стабільнасьць у Беларусі ў 2008 годзе”. Сярод асноўных рызыкаў, якія ўзмацняюцца, Нацбанк выдзяляе крэдытную і рызыку ліквіднасьці банкаў. Як гэта стасуецца з аптымістычнымі заявамі кіраўніцтва краіны пра адсутнасьць крызісу ў Беларусі? Алесь Дашчынскі гутарыць з былым старшынём Нацбанку Беларусі Станіславам Багданкевічам.
Дашчынскі: “Фактычна, ужо даўно абмяркоўваецца ў незалежных мэдыях праблема атрыманых рэальнай эканомікай пазыкаў. Бо прадукцыя застаецца на складах альбо адгружанай, але неаплачанай, альбо ў выглядзе дэбіторскай запазычанасьці. І Вы ўжо не аднойчы закраналі гэтую праблему”.

Багданкевіч: “Так, яна існуе ўжо даволі даўно. І калі казаць пра афіцыйную банкаўскую статыстыку, то зь яе не вынікае, што ў нас ёсьць праблема ліквіднасьці. Там толькі каля 2% сумнеўных пагашэньняў пазыкаў афіцыйна ўлічваюцца нашай статыстыкай. Я мяркую, што гэта ўсё заніжана. Афіцыйныя дадзеныя ў 2% - гэта надзвычай мала для таго, каб турбавацца за ліквіднасьць банкаўскай сыстэмы. Калі, насамрэч, гэтыя лічба праўдзівая. Нарматыў – гэта 5-6%. Відаць, сумнеўных пагашэньняў пазыкаў павінна быць больш, бо столькі прадукцыі ляжыць на складах. І такая вялізная дэбіторская запазычанасьць. Таму сам Нацбанк, відаць, хавае рэальную карціну.

Я лічу, што праблема ў нас ёсьць, і яна сур’ёзная. Калі адцягнута са звароту каля 40 трыльёнаў беларускіх рублёў у астатках гатовай прадукцыі і ў дэбіторах, то гэта велічыня надзвычай дрэнная. Гэта трохмесячны аб’ём вытворчасьці. І я лічу, што ўраду трэба больш энэргічна праводзіць рэфармаваньне эканомікі. І тое, што мы шмат разоў прапаноўвалі – гэта адмовіцца ад патрабаваньня да дырэктараў прадпрыемстваў вырабляць, нягледзячы на рэалізацыю. Вырабляць на склад прадукцыю – гэта вырабляць энэргію, матэрыялы, камплектуючыя, працу ў неліквіды. Гэта шлях у нікуды. У паглыбленьне крызісу. Мы разьвіваемся як і ўвесь сьвет – у нас рэцэсія. Але рэцэсія ў адміністратыўным валавым выглядзе”.

Дашчынскі: “Але ж пры гэтым прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заяўляе, што беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, маўляў, даказала сваю эфэктыўнасьць ва ўмовах пераадоленьня крызісу. Відаць, дзякуючы крэдытам Расеі і Міжнароднага валютнага фонду, гэтая “мадэль” можа абыходзіцца без істотных рэформаў. Неўзабаве місія МВФ у справе выдзяленьня чарговай траншы крэдыту завяршае працу ў Менску. Ці атрымае Беларусь грошы ад МВФ?”

Багданкевіч: ”Я думаю, што знойдуць нейкі кампраміс. Бо Беларусь мае патрэбу ў крэдытах і пойдзе на пэўныя саступкі. Саступкі, відаць, у накірунку далейшай дэвальвацыі нацыянальнай валюты і скарачэньня прыбыткаў насельніцтва. Гэта абмежаваньне росту заробкаў, абмежаваньне росту пэнсій і гэтак далей. Паясы давядзецца тужэй зацягнуць, каб выйсьці з крызісу”.

Дашчынскі:
“Мы з Вамі не ўпершыню абмяркоўваем сытуацыю, якая склалася ў эканоміцы, у банкаўскай сфэры. Аднак рэальную сытуацыю не схаваеш, і яна будзе адчувальнай для звычайных грамадзянаў. Дык ці адчувальная яна?”

Багданкевіч: ”Я думаю, не адчуваюць. Ну, мы ж недзе праелі 7 мільярдаў даляраў за апошнія пару гадоў. То бок, мы жывём не за кошт уласнай працы, а ўжо ў значнай ступені за кошт зьнешніх пазыкаў. І плюс за кошт субсыдый, якія, як і раней дае Расея ў выглядзе больш нізкіх цэнаў на энэрганосьбіты. Бо што такое дэфіцыт гандлёвага балянсу? У першым квартале ён склаў паўтара мільярда даляраў. Гэта значыць, што мы на паўтара мільярда даляраў зьелі больш, чым стварылі. Народ жыве не па прыбытках. Урад замест таго, каб кардынальна вырашаць праблему, спрабуе зноў знайсьці дадатковыя зьнешнія пазыкі, каб працягнуць такое жыцьцё. Якое ўрэшце скончыцца, але цягнуць можна даволі доўга”.