Вольга Бандарэнка: Потым будзе і свабодная краіна, і свабодны муж

Your browser doesn’t support HTML5

Пракурор прасіў тры

Сваякі Зьмітра Бандарэнкі, якога 27 красавіка асудзілі на 2 гады зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня, зьбіраюцца абавязкова абскардзіць прысуд.

Судзьдзя Тацяна Равінская ўклалася ў хвіліну, зачытаўшы прысуд Зьмітру Бандарэнку і задаўшы яму дзяжурныя пытаньні:

«Бандарэнку Зьмітра Яўгенавіча прызнаць вінаватым у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, разам зь яўным непадпарадкаваньнем патрабаваньням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэньня працы транспарту і арганізацый, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяньнях. Прызначыць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на 2 гады з адбыцьцём пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму. Прысуд зразумелы?».

Бандарэнка: «Так».

«Тэрмін і парадак абскарджваньня зразумелы?».

Бандарэнка: «Так».

«Судовае паседжаньне абвяшчаецца закрытым».

Голас з залі: «Слава героям!».

Міліцыянт: «Выходзім з памяшканьня!».

Дзяржаўнага абвінаваўцу Сіманоўскага для камэнтару журналісты не дачакаліся. Адмовілася камэнтаваць прысуд і адвакат Бандарэнкі Мар’яна Сямешка.

Жонка Бандарэнкі Вольга адразу заявіла, што працэс быў неаб’ектыўны і прысуд яны ў абавязковым парадку абскардзяць. У суд Вольга Бандарэнка прыйшла ў той жа сукенцы, у якой 5 гадоў таму вянчалася са Зьмітром у касьцёле. Сказала, што гэтым хацела прадэманстраваць мужу, што любіць яго і будзе чакаць з турмы:
Потым будзе і свабода, спадзяюся, свабодная краіна і свабодны муж.

«Такое жыцьцё. Раней было адно, зараз пачынаецца іншае. Зараз прысуд, потым будуць касацыі і ўсё астатняе. Але нічога, перажывём. Потым будзе і свабода, спадзяюся, свабодная краіна і свабодны муж».

Вользе не дазволілі пасьля прысуду перамовіцца з мужам хаця б словам, каб распытаць пра ягоны стан здароўя. «Але заяву на спатканьне я ўжо напісала», — паведаміла Вольга Бандарэнка пасьля суду. На пытаньне, што ёй вядома пра абыходжаньне з мужам у турме КДБ, жонка вязьня згадала спатканьне зь ім у СІЗА КДБ:

«Ён тады казаў, што ў лютым „маскі“, як называлі супрацоўнікаў у масках на твары, сышлі і ўсё больш-менш праходзіла нармальна. Але нават калі ён хварэў на грып і тэмпэратура была пад 40, хоць лячылі яго, казаў, добра, але ўсе гэтыя жарсьці, пра якія казаў Міхалевіч, з выхадам з камэры, распрананьнем на холадзе, расьцяжкамі, гэта ўсё працягвалася».

Зінаіда Літвінава, жонка бацькі Зьмітра Бандарэнкі, прысутнічала на ўсім працэсе. Жанчыну не пераканалі доказы, сабраныя сьледчымі:

«За што? Калі б было за што! Вось учора праслухалі сьведак, якія там былі. І ў чым ён вінаваты? Ну, быў ён там, і што? Там шмат было, так мусілі рабіць і паўсюль так робіцца. Дык за што яму такое пакараньне?»

Пакуль Зьміцер Бандарэнка застаецца ў «амэрыканцы», дзе ўжо адбыў больш за 4 месяцы. Гэты тэрмін яму залічаць у агульны тэрмін зьняволеньня з разьліку 1 дзень у СІЗА КДБ за 1 дзень у калёніі.