Прыехалі ў Беларусь, а трапілі ў няволю

Суд Фрунзенскага раёну.

26 красавіка Фрунзенскі суд Менску аштрафаваў на 525 — 700 тысяч рублёў удзельнікаў пікету супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Сярод пакараных грамадзяне Беларусі, Нямеччыны і Польшчы.

12 з амаль 25 удзельнікаў пікету, які адбыўся 25 красавіка ў Менску ў раёне менскай станцыі мэтро «Пушкінская», былі затрыманыя міліцыянтамі і правялі ноч у турме на Акрэсьціна. Яны зьяўляюцца актывістамі экалягічных і сацыяльных рухаў, а таксама анархісты. Сёньня іх судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце.

Працэсы працягваліся да позьняга вечара. Удзельнікаў акцыі абвінавацілі ў тым, што яны знаходзіліся на прыпынку транспарту, перашкаджалі руху грамадзянаў, трымалі ў руках расьцяжку белага колеру з надпісам «Мы супраць ядзернага рэактару», выкрыквалі лёзунгі і прыцягвалі да сябе ўвагу. Такія паказаньні давалі сьведкі-міліцыянты, якія затрымлівалі ўдзельнікаў пікету. Сёньня ў Фрунзенскім судзе іх прызналі вінаватымі і аштрафавалі. Яшчэ аднаго актывіста Ігара Трухановіча затрымалі 26 красавіка каля будынку суду, калі ён спрабаваў фатаграфаваць, і зьвярнуўся з пытаньнямі да міліцыянта.

Аляксандар Ярашэвіч распавёў, што 25 красавіка ўдалося зладзіць пікет каля ўнівэрсаму «Рыга» і там ніхто ня быў затрыманы. А потым усе паехалі да станцыі мэтро «Пушкінская», дзе вырашылі зладзіць яшчэ адну акцыю супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі:

«Як толькі пачалі разгортваць расьцяжкі, да іх пад’ехаў аўтобус з супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным і адразу ўсіх запхнулі ў гэты аўтобус. Затрымалі 12 чалавек. Сярод іх 6 грамадзянаў Нямеччыны, адна грамадзянка Польшчы і пяць беларусаў. Усе разам яны рабілі сумесны пікет супраць будаўніцтва АЭС, за дзень да „чарнобыльскага“ дня. Замежныя актывісты вырашылі падтрымаць мясцовых, бо ў сваёй краіне яны таксама змагаюцца супраць АЭС, каб тыя зачынілі і новых не будавалі. Каля амбасады Беларусі ў Нямеччыне адбылася спантанная акцыя салідарнасьці, людзі прыйшлі да амбасады патрабаваць, каб затрыманых у Беларусі адпусьцілі».

Нас амаль што не кармілі і не было чаго піць. Было вельмі халодна і немагчыма было спаць.
Грамадзянка Нямеччыны Гюдэ Хансан сваю віну ў судзе не прызнала. Калі адвакатка спыталася сьведкаў-міліцыянтаў, на якой мове Хансан выкрыквала лёзунгі, міліцыянты сказалі, што ня памятаюць. Адвакатка прасіла апраўдаць падабаронную, бо доказаў яе віны ў судзе не ўстаноўлена. Аднак судзьдзя Сьвятлана Місуна аштрафавала дзяўчыну на 700 тысяч рублёў. Гюдэ Хансан згадвае, што падчас затрыманьня не былі патлумачаныя юрыдычныя падставы і не было належнага перакладу:

«Нас зусім не кармілі і не было чаго піць. Спальныя месцы былі вельмі дрэнныя, драўляныя нары. На іх можна было толькі ляжаць, не было покрыўкі. Было вельмі халодна і немагчыма было спаць».

Беларусам далі штрафы таксама па 700 тысяч рублёў, і толькі Аляксандру Бугаёву — 525 тысяч рублёў. Аляксандар Ярашэвіч адзначае, што ў адрозьненьне ад Беларусі зладзіць пікет у Нямеччыне ня так складана:

«На фоне падзей, якія адбываліся раней, такія прысуды ня вельмі цяжкія, але гэта таксама грашовыя выдаткі, трэба думаць, дзе гэтыя грошы знайсьці, каб аплаціць. Але гэта лепей, чым сядзець на сутках».