Кароль: “Прызналі не Лукашэнку, прызналі Беларусь”

Аляксей Кароль

Менскі палітоляг Аляксей Кароль, ацэньваючы вынікі праскага саміту “Ўсходняга партнэрства” для Беларусі, заявіў, што яны ў цэлым адпавядаюць цяперашнім магчымасьцям, якія існуюць у краіне і ў сьвеце.

Удзел Беларусі ў якасьці паўнавартаснага сябра “Ўсходняга партнэрства” Эўразьвязу і прысутнасьць на саміце афіцыйнай беларускай дэлегацыі спадар Кароль ацаніў наступным чынам:

“Я ня думаю, што гэта прызнаньне Лукашэнкі. Гэта прызнаньне ролі Беларусі, якая знаходзіцца ў выгаднай пазыцыі паміж Захадам і Ўсходам. І гэтае геаграфічнае становішча патрабуе стасункаў на абодва бакі. Яны зафіксаваныя ў формуле моста паміж Захадам і Ўсходам, формуле, якая была народжаная ў апазыцыйных структурах”.

Спадар Кароль мяркуе, што паміж Беларусьсю і Эўразьвязам пакуль няма сапраўднага дыялёгу. Пакуль што адбываецца аднаўленьне кантактаў. Краіна вяртаецца да сытуацыі, якая існавала, пакуль кіроўная эліта Беларусі не ініцыявала ў другой палове 90-х гадоў самаізаляцыю краіны.

“А гэта прадугледжвае кантакты з афіцыйнымі структурамі і кантакты з апанэнтамі рэжыму. Яны будуць карыснымі як для эканамічнага супрацоўніцтва, гэтак і для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці... Сумаваць апазыцыі, на мой погляд, няма прычын, гэтак жа як і ўпадаць у эўфарыю. Сапраўды, скончыўся адзін этап і пачынаецца новы. Ён патрабуе ад уладаў разуменьня новай сытуацыі і зрухаў у бок дэмакратызацыі, у тым ліку палітычнай. Ён патрабуе і ад апазыцыі асэнсаваньня свайго месца ў новай сытуацыі, якая пашырае ёй магчымасьці для палітычнага манэўру”.

Спадар Кароль прызнае, што цяперашні аўтарытарны рэжым, які імкнецца ўтрымаць уладу, ня будзе асабліва разьвіваць унутраны дыялёг. Аднак ён разьлічвае, што будуць актывізавацца сілы ўнутры сыстэмы, якія разумеюць тупіковасьць ранейшай мадэлі паводзін Беларусі — як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне.