Акцыя салідарнасьці. Паляваньне на ўдзельнікаў. Онлайн

Акцыя саладарнасьці прайшла без затрыманьняў. Затрыманьні пачаліся да яе. Пасьля ж акцыі разгарнулася сапраўднае паляваньне на актывістаў, найперш — галадоўнікаў.
20:00 — 21:00 Вызвалілі большую частку ўдзельнікаў акцыі, у тым ліку Міколу Дземідзенку, Тацяну Шапуцьку, Насту Лойку, Юлію Міхайлаву, Арцёма Дубскага. Засталося затрыманымі каля 5 чалавек.

Стала вядома, што ў пастарунку зьдзекваліся й зьбівалі адну з удзельніц галадоўкі Ірыну Губскую.

Наста Палажанка паказвае парваную куртку на Міколу Дземідзенку

19:40 Некалькі чалавек выпусьцілі пасьля таго, як сфатаграфавалі й перапісалі пашпартныя зьвесткі. Сярод іх — Антон Русін, Павал Кур’яновіч і іншыя.

19:10 Спэцназаўцы ў цывільным вярнуліся на Кастрычніцкую плошчу, спусьціліся ў мэтро й затрымалі там каля дзясятка ўдельнікаў акцыі салідарнасьці, якія спрабавалі ўцячы ад іх з плошчы Перамогі на цягніку. Затрыманых пасадзілі ў чырвоны спэцназаўскі аўтобус.

Перад затрыманьнем. Аліна Радачынская, Юлія Міхайлава, Наста Лойка,
Мікола Дземідзенка, Тацяна Шапуцька.


19:00 Урэшце каля дваццаці спэцназаўцаў чалавек жорсткім чынам затрымалі Міколу Дземідзенку, а таксама Тацяну Шапуцьку, Насту Лойку, Юлію Міхайлаву й яшчэ двух маладафронтаўцаў. Разам зь імі затрымалі карэспандэнтку навінавага агенцтва “Інтэрфакс” Алену Слаў.

Спэцназаўцы цягнулі дзяўчат і Міколу па зямлі. Укінулі ў аўтобус, білі там дзяўчат.

Яшчэ некалькі актывістаў былі жорстка затрыманыя ў раёне плошчы Перамогі.

Затрыманых адвезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску.

Сыпаліся пагрозы й на адрас журналістаў. Фотакарэспандэнту свабоды пагражалі разьбіць камэру.


18:50 Сем спэцназаўцаў сталі ля Міколы Дземідзенкі. Ён сеў на ходнік. Яны сказалі, што маюць загад затрымаць яго. Тады да Міколы кінуліся пяць дзяўчын, ухапіліся за яго й разам селі на ходнік. Тады спэцназаўцы выклікалі падмогу. Цяпер іх 13 чалавек.

18:43 Далей на плошчы спэцназаўцы затрымалі Арцёма Дубскага, які трымае галадоўку. Маняцца затрымаць дзьвюх дзяўчат-галадоўніц, якія ўдзельнічалі ў акцыі. За Міколам Дземідзенкам, які таксама трымае галадоўку, ідуць спэцназаўцы ў цывільным. Назіральнікі мяркуюць, што сілавікі маюць загад затрымаць галадоўнікаў.

18:35 І вось ужо па заканчэньні акцыі на Кастрычніцкай плошчы затрымалі трох чалавек, якія не пайшлі з усімі разам. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта жанчына і двое маладых людзей. Іх завялі ў міліцэйскі аўтобус.

У пастарунак на “Кастрычніцкай” станцыі мэтро прывялі Антон Койпіша. Цяпер там шэсьць чалавек. Анатоль Лябедзька па тэлефоне сказаў: “Калія яшчэ пасядзім гадзіну, то разам выйдзем на плошчу”.

18:30 Адбылася хвіліна маўчаньня ў памяць пра Юр’я Захаранку.

Пасьля гэтага акцыя скончылася. Удзельнікі сталі разыходзіцца. Сьледам пайшоў АМАП.


Наста Палажанка




Зьміцер Бандарэнка

18:00 Каля 100 актывістаў сталі на Кастрычніцкай плошчы ў ланцуг з партрэтамі палітвязьняў і зьніклых.

Лунае бел-чырвона-белы сьцяг. У руках актывістаў лёзунгі: “Хочам ведаць праўду”, “Малады фронт памятае”.
Скандуюць: “Свабоду!”, “Жыве Беларусь!”.

Сярод удзельнікаў знаныя палітыкі: Мікола Статкевіч, Андрэй Саньнікаў, Вінцук Вячорка, Аляксандар Бухвостаў.

17:55 Перад пачаткам чарговай акцыі саладірнасьці на “Кастрычніцкай” станцыі мэтро затрымалі Анатоля Лябедзьку. Цяпер яго трымаюць у міліцэйскім пункце на станцыі. Тады сама затрымалі яшчэ чатырох чалавек, гэта Аляксей Сенчыла, Максім Сергіец, Раман Багдановіч, Сяргей Казакоў.

Анатоль Лябедзька паведаміў з пастарунку: “Чатыры бандзюгі (пакуль яны не паказалі пасьведчаньні, я магу іх толькі так называць) наваліліся на мяне і, ужыўшы фізычную сілу, зацягнулі ў пункт міліцыі, які знаходзіцца на станцыі мэтро “Кастырчніцкая”. Тут, у пастарунку, адзін зь іх пачаў распускаць рукі: ударыў у грузі мяне і яшчэ аднаго маладзёна. Тут цяпер знаходзіцца 5 затрыманых.

Людзі ў цывільным не прадстаўляюцца, а тыя, хто з пагонамі, адмахваюцца ад нас як ад сьвінога грыпу.

Адзін з найбольш пыхлівых дэманстратыўна ўзяў рацыю, пачаў зь нейкім зьвязвацца: “Тут мне Лябедзька пагражае. Ці можна я на яго складу пратакол?” Значыць, яны ведаюць, на каго складаць пратакол, але пры гэтым кажуць, што затрымалі мяне, каб спраўдзіць асобу”.