Удзельнікі: былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі і шэф-рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько.
Ці адчувае Лукашэнка сябе пераможцам?
Валер Карбалевіч: “Некаторыя рэплікі Лукашэнкі даюць падставу сьцьвярджаць, што пасьля запрашэньня ў Прагу, вяртаньня з Рыму ён адчувае сябе пераможцам. Адчуваецца нават нейкая эўфарыя: маўляў, мяне прызнала Эўропа, адступіла ад сваіх патрабаваньняў.
12 умоваў ЭЗ, якія былі вылучаны раней, Лукашэнка называе “наіўнымі і непрымальнымі”, іх, маўляў, прыдумалі неразумныя людзі, і выконваць іх ён не зьбіраецца. Ці сапраўды ёсьць у яго падставы для эўфарыі?”
Пятро Садоўскі: “Здаецца, Лукашэнка сам разумее, што гэта радасьць на паказ. Бо ня ўсё так добра. Найперш, за сьпінаю ў яго стаяць вялізарныя эканамічныя праблемы. Другое: у ягонай памяці заўсёды захоўваецца тое, што ёсьць зьніклыя палітыкі. І тыя 12 патрабаваньняў ніхто не забыў, і рана ці позна яны зноў будуць пастаўленыя.
Яму прыдае духу тое, што ссоўваюцца акцэнты ў замежнапалітычных інтарэсах ЭЗ, і там няма адзінства. У кіраўнікоў некаторых дзяржаваў геапалітычныя інтарэсы пераважваюць пытаньні каштоўнасьцяў, дэмакратыі на ўсходзе Эўропы. Эканамічны крызіс, зацікаўленасьць у супрацоўніцтве з Расеяй, Кітаем надае сілу гэтым двайным стандартам. Лукашэнка гэта адчувае і імкнецца гуляць з ЭЗ”.
Андрэй Дынько: “Здаецца, па-чалавечаму, пасьля таго як Лукашэнка ня стаў прэзыдэнтам ці царом Расеі, ён ужо ніколі ня будзе адчуваць сябе да канца пераможцам. Інтэграцыя з ЭЗ павінна прыносіць яму задаволенасьць. Бо гэта дае яму надзею на няхай сабе і далёкую, але шчасьлівую і забясьпечаную старасьць”.
Балянсаваньне паміж Расеяй і Эўропай
Карбалевіч: “Лукашэнка станоўча ацэньвае палітыку ЭЗ адносна афіцыйнага Менску, запрашэньне Беларусі ў праграму “Ўсходняе партнэрства”. Але адначасова ён падкрэсьлівае, што ня хоча, каб гэтая праграма была скіравана супраць Расеі. Лукашэнка кажа, што Беларусь прапаноўвала, каб у некаторых праектах “Усходняга партнэрства” ўдзельнічала Расея.
То бок Лукашэнка прапануе палітыку балянсаваньня паміж ЭЗ і Расеяй. Ствараецца ўражаньне, што такая мадэль для яго блізкая да аптымальнай”.
Садоўскі: “Расея з насьцярожанасьцю ўспрыняла праграму “Ўсходняе партнэрства”. Насамрэч гэта нармальнае геапалітычнае змаганьне за зону ўплыву і з боку Масквы, і з боку Брусэлю. Але ЭЗ робіць гэта трохі разумней”.
Дынько: “Мадэль балянсаваньня выгадная ня толькі для Лукашэнкі, але і для нацыянальных інтарэсаў Беларусі. У ідэале, каб Беларусь стала нацыянальнай і дэмакратычнай дзяржавай, нам патрэбна поўная інтэграцыя ў ЭЗ і НАТО. Але сёньня, як першы крок, — гэта праграма “Ўсходняе партнэрства”. Яна садзейнічае росту і крэдытнага рэйтынгу Беларусі, і яе інвэстыцыйнай прыцягальнасьці, увогуле натхняе беларускі бізнэс і грамадзтва”.
Дачыненьні Беларусі з ЗША
Карбалевіч: “Лукашэнка сказаў, што вяртаньне амэрыканскіх дыпляматаў, амбасадара ў Менск магчыма толькі пасьля таго, як ЗША адменіць санкцыі, уведзеныя супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Прычым ён выказаў спадзяваньне, што з новым прэзыдэнтам Злучаных Штатаў удасца дамовіцца, і нават казаў камплімэнты на адрас Б. Абамы”.
Садоўскі: “Зімоўскі калісьці параўнаў Лукашэнку з Абамам. Але здаецца, што з ЗША будзе размаўляць цяжэй, чым з ЭЗ. Бо для амэрыканцаў дэмакратыя (найперш — права народу вырашаць свой лёс на выбарах) — большая каштоўнасьць. Але збліжэньне — справа станоўчая”.
Дынько: “Ніхто яшчэ не адмяняў правіла клясычнай геапалітыкі, што сусед твайго суседа — твой сябар. ЗША — сусед нашага суседа, то бок Расеі. Згодзен з Лукашэнкам, што наперадзе нас чакаюць добрыя адносіны з ЗША.
Сёньня няма падставаў, каб санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў захоўваліся. Бо яны шкодзяць нашым нацыянальным інтарэсам. Было б добра, каб выйшлі з турмы апошнія палітвязьні: Аўтуховіч і яго таварышы. Гэта дало б падставу для скасаваньня санкцый. Гэта той выпадак, калі торг недарэчны”.
Карбалевіч: “Тут, мусіць, пытаньне ў тым, хто першым саступіць. Што спачатку: адмена санкцый ці вяртаньне дыпляматаў?”
Як разумець запрашэньне апазыцыі да працы?
Карбалевіч: “Яшчэ адзін цікавы і новы сюжэт. Лукашэнка заявіў, што не выключае прыцягненьня да працы людзей з апазыцыі. Тым больш што нібыта некаторыя апазыцыянэры просяцца, каб далі ім працу ў дзяржструктурах. Што гэта азначае?
Гэта ж нават не расейская мадэль кіраванай дэмакратыі, калі ўлады надаюць апазыцыі сыстэмны статус, але адводзяць ёй закуток і прапануюць гуляць строга па вызначаных для яе правілах.
А прапанова Лукашэнкі, па сутнасьці, азначае капітуляцыю. Ён прапаноўвае адмову ад апазыцыйнай дзейнасьці ў абмен на дазвол працаваць у дзяржструктурах”.
Садоўскі: “Дзіўна, спачатку назваць людзей “ворагамі”, “вошамі”, а потым прапаноўваць ім працу. Але пакуль гэтага няма. Нават стварыўшы нейкія кансультатыўныя рады, вось тую, на чале з Макеем, апазыцыю туды не запрасілі. Бо калі б прыйшла апазыцыя, то яна б прыйшла зь нейкім пакетам патрабаваньняў. Але ўлады запрашаюць у гэтыя рады прыватных людзей. Зрэшты, паглядзім, як іх будуць слухаць. Нічога новага ў гэтай гульні няма”.
Чаму і куды запрашаюць?
Карбалевіч: “Запрашэньне ў гэтыя рады — гэта проста запрашэньне пагаварыць. Але я Лукашэнку зразумеў у тым сэнсе, што ён запрашае апазыцыю да сталай працы, прапаноўвае пасады — можа, нават ва ўрадзе”.
Дынько: “Я як толькі прачытаў гэты сюжэт, то адразу падумаў: няўжо сытуацыя ў эканоміцы такая дрэнная, што спатрэбілася клікаць на дапамогу апазыцыю? Нядаўна прачытаў кнігу польскага гісторыка пра каляпс камуністычнага рэжыму ў Польшчы. Па меры нарастаньня цяжкасьцяў у эканоміцы кіраўніцтва Ярузэльскага вырашыла запрасіць апазыцыю ва ўрад і прапанаваць ёй найбольш цяжкія сэктары: перамовы з МВФ, будаўніцтва (бо ў людзей не было кватэраў), міністэрства працы (бо было вялікае беспрацоўе).
Прапанова робіцца ў характэрнай для Лукашэнкі стылістыцы. Маўляў, тут да мяне просяцца на працу. Хто ўжо да вас просіцца? Асабліва ў такой дрэннай эканамічнай сытуацыі.
Што да рады на чале з Макеем. Зьвяртае на сябе ўвагу, што за вялікім выняткам запрошаныя туды людзі не ўзначальваюць нейкіх незалежных інстытуцый. Туды запрасілі публіцыстаў. Туды не запрасілі лепшага беларускага эканаміста Данейку, кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Літвіну, кіраўніцу Згуртаваньня беларусаў сьвету Макоўскую. Каго прадстаўляюць запрошаныя туды людзі? Нікога”.