Галадоўка салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі, дзейнасьць улады і апазыцыі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.
Лідэры і актывісты апазыцыі, былыя палітвязьні распачалі галадоўку на знак салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. Ад 8 лютага ваўкавыскія прадпрымальнікі знаходзяцца ў турме паводле падазрэньня ў падрыхтоўцы збройнага замаху на міліцыянта. Ад 16 красавіка Мікалай Аўтуховіч трымае галадоўку пратэсту. Выказваньні на гэтую тэму:
Віктар: “Наконт галадоўкі хачу сказаць, каб не марнавалі часу і не падрывалі здароўя — нічога не даб’яцеся. Трэба зьбіраць парушэньні заканадаўства сьледчымі, пракуратурай, судом і г.д. І ўсе гэтыя зьвесткі — на сайт у інтэрнэт. Вы паведамляеце сотую ці нават тысячную частку беззаконьняў. Уявіце, што твораць гэтыя стварэньні боскія па ўсёй краіне, якія і цяпер жывуць, атрымліваюць вялікія заробкі і пэрсанальныя пэнсіі. І ўсё гэта з нашай працы і менавіта з нашых падаткаў. І паверце, што іх не турбуе ні сумленьне, ні рэлігія і г.д.”
Спадар: “Патрыёты Беларусі ставяць на кон сваё жыцьцё, галадаюць, каб правы беларусаў не праваліліся ў нябыт. А ўлады супраць нічога ня маюць, нічога не вырашаюць, яны толькі назіраюць. Сваё здароўе не губляюць. Мая патрыётам парада — зь іх боку ня будзе здрадаў. Досыць галадаць — трэба мэтады ўзьдзеяньня на ўладу мяняць. Здароўе лёгка згубіць, а потым яго цяжка здабыць. Параду даў беларус, таксама патрыёт”.
Наступныя выказваньні на адрас апазыцыі:
Ян Палёўнік, Віцебск: “Спрабуючы тым ці іншым чынам супрацоўнічаць зь цяперашнім рэжымам, пэўная частка нашай паважанай апазыцыі толькі працягвае яго існаваньне. Канструктыўнасьць не павінна характарызаваць апазыцыю, таму што людзі, якія маюць уладу, павінны быць на сваім месцы, іх каманда абавязана быць кампэтэнтнай. Працягваючы дзейнічаць так, як улада дзейнічала да сусьветнага крызісу, і пастаянна падкрэсьліваючы, што ў нас гэтага крызісу няма, нядоўга гэты рэжым будзе правіць”.
Спадарыня: “І ўсё-ткі раю апазыцыі, якая працуе на Лукашэнку, узяць энцыкляпэдыю, знайсьці слова “апазыцыя” і ў поўным аб’ёме даведацца пра яго значэньне, і вызначыць, ці зьяўляецеся вы наагул апазыцыянэрамі. І значэньне слова “дыялёг” таксама было б някепска даведацца. Напрыклад, у футболе паміж двума моцнымі супернікамі дыялёгам лічыцца пэнальці ў дадатковы час. Так што, выбачайце, зыходзячы з гэтых паняткаў, вы зьяўляецеся звычайнымі перабежчыкамі, аказваючы мядзьведжую паслугу простым грамадзянам Беларусі”.
Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні руху “За свабоду” Віктар Карняенка:
“Па-першае, дыялёг у грамадзтве павінен быць — гэта лепш, чым бойка. І шукаць магчымасьці дыялёгу — гэта цалкам нармальна. Нельга разглядаць палітычную сытуацыю выключна ў чорна-белым варыянце: альбо супрацоўнічаць, альбо не. Да прыкладу, калі Лукашэнка кажа — добрае надвор’е, то мы павінны адразу адказваць — не, дрэннае. Але так не бывае ў жыцьці.
Да прыкладу, у нас ёсьць такі агульнанацыянальны кансэнсус, як паляпшэньне візавых умоў для беларусаў. Чаму нельга разам дамагацца паслабленьня візавых абмежаваньняў для беларусаў? Я думаю, што можна знайсьці моманты, якія аб’яднаюць нават усю нашу нацыю. Што да апазыцыі, дык тая грамадзкая сіла, якую я прадстаўляю, у значна большай частцы момантаў разыходзіцца зь дзейнай уладай, чым знаходзіць паразуменьне. На жаль. Што да пазыцыі грамадзян, то я яе разумею. Шмат каму надакучыла жыць у сёньняшніх умовах. Але палітыка павінна быць абавязкова маральнай, і яна таксама абавязкова павінна быць выніковай”.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.