Чаму літаратары перабіраюцца ў Менск?


Літаратарам у правінцыі заўжды было цяжэй існаваць, у іх радзей выходзілі кнігі, чым у іхніх калегаў у сталіцы. Таму бадай да апошняга часу існуе тэндэнцыя, калі паэты і пісьменьнікі стараюцца перабрацца жыць у Менск.

Аднак, як паказвае апошні досьвед, нават па-за сталіцай пры жаданьні можна наладзіць ілтаратурнае жыцьцё і выданьне кніжак мясцовых аўтараў.

Каля году ў Горадні выходзяць кнігі “Гарадзенскай бібліятэкі”, заснаванай рухам “За свабоду”. Яна паўстала пад патранатам кіраўніка руху Аляксандрам Мілінкевіча, а непасрэдна выдавецкім праектам займаецца Павал Мажэйка.

Мажэйка: “Мы калі заснавалі сваю “Гарадзенскую бібліятэку”, то адна з асноўных мэтаў была — абудзіць нашае інтэлігенцкае асяродзьдзе, паспрабаваць зьяднаць яго, нават у нейкім сэнсе змусіць да дыскусіі, да абмену меркаваньнямі. Мы перакананыя ў тым, што ў нашым горадзе дастаткова людзей, думкі якіх вартыя таго, каб яны былі пачутыя. І таму, акрамя ўласна выданьня менавіта гарадзенскіх аўтараў, мы задумалі яшчэ й праводзіць амаль штотыдзень прэзэнтацыі, сустрэчы дзеля абмену думкамі аб тым, як разьвівацца нашаму гораду, чаго ў ім не хапае. І лічу, што нам у нейкім сэнсе ўдалося менавіта сфармаваць такое кола людзей, якія прыходзяць ня толькі таму, што ім цікава, але й таму, што яны маюць што сказаць людзям”.

З прапановамі правесьці сустрэчу ў Горадні цяпер зьвяртаюцца літаратары, гісторыкі, музыкі са сталіцы, бо іх прываблівая мясцовая атмасфэра, кажа Павал Мажэйка. Апошняй была прадстаўленая чытачам кніга Аляксея Карпюка “Разьвітаньне з ілюзіямі” з гарадзенскай сэрыі, і да яе быў падрыхтаваны відэафільм з апошнім інтэрвію ўдавы пісьменьніка Іны Карпюк, якая аспавядала пра мужа.

“Гарадзенская бібліятэка” не магла паўстаць без грунтоўнай дапамогі, хто яе аказаў Руху “За свабоду”?

Адказвае Павал Мажэйка:

Мажэйка: “Нашая выдавецкая сэрыя, яна фактычна паўстала дзякуючы польскаму гораду Ўроцлаву, яго ўладам і творчым элітам. Яны зразумелі, што варта падтрымліваць мясцовую літаратуру ў Беларусі менавіта таму, што ў нас супольная гісторыя, сапраўды супольныя героі нацыянальныя, і ёсьць літаратура, якая вартая таго, каб быць заўважаная, пачутай і ў Польшчы, і ў Эўропе, і ў сьвеце таксама”.

Яшчэ год назад сытуацыя ў Горадні выглядала горшай за берасьцейскую. Абласной арганізацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў у Берасьці ўдавалася выдаваць творы сваіх удзельнікаў. Гарадзенскія літаратары, якія не належаць да створанага ўладамі Саюзу пісьменьнікаў пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца, толькі цяпер атрымалі магчымасьць друкавацца ў рэгіянальнай кніжнай сэрыі. Адным з аўтараў, якім пашанцавала, будзе гарадзенец Віктар Сазонаў.

Сазонаў: “У гэтай сэрыі будзе выдавацца зборнік кароткіх апавяданьняў, некаторыя друкаваліся ў першую чаргу ў “Ніве”, пасьля былі надрукаваныя ў часопісе “Дзеяслоў” у скарочаным варыянце. Яны называліся “Маленькія гісторыі зь вялікай палітыкі”. Калі мне прапанаваў Павал Мажэйка выдаць гэтую кніжку, то зразумела, я быў узрадаваны, кожны творца хоча, каб ягоныя творы друкаваліся. Я іх перачытаў і ўбачыў, што яны не састарэлі, што яны могуць быць цікавыя. І вельмі добра, што ўтвараецца такая сэрыя для гарадзенскіх пісьменьнікаў, гэта была мара па сутнасьці ўсіх творцаў, каб мець тут нешта сваё рэгіянальнае, мець выдавецкі праект менавіта для літаратуры мастацкай. Таму мяне гэта натхніла, падштурхнула адрэдагаваць свае апавяданьні. А на канчатковую рэдакцыю я хачу гэтую кніжку аддаць Яўгену Вапу ў Беласток, які першы надрукаваў мае гэтыя апавяданьні, і неўзабаве, спадзяюся, мая кніжка выйдзе”.

У Віктара Сазонава ўжо ёсьць першая кніга, яна выйшла ў Беластоку, ягонаму стылю ўласьціва іронія. А якой будзе новая кніжка?

Сазонаў
: “Па мастацкім стылі яна нечым падобная да “Занатовак кантрабандыста”, якія ў мяне выйшлі раней. І я нават бяру на пачатак кніжкі словы Мюнхаўзэна з фільму “Усё той жа Мюнхаўзэн”: “Не сумуйце, весяліцеся, бо сур’ёзны твар яшчэ не прыкмету розуму. Усё подласьці на сьвеце рабіліся менавіта з сур’ёзным выглядам твару”. Да ўсяго трэба ставіцца з іроніяй, таму ў кніжцы ёсьць іронія, якая датычыць і нашых супраціўнікаў і нас саміх, і сябе асабіста таксама”.

Я цікаўлюся, ці былі цяжкасьці з назвай новай кнігі?

Сазонаў
: “Сандалі мітрапалітыка” альбо “Маленькія гісторыі зь вялікай палітыкі”, ці гэта магла б быць падвойная назва. Многія апавяданьні з гэтай кніжкі былі агучаныя на Радыё Рацыя, там яны выйшлі проста пад назвай “Мітрапалітык”. Над назвай можна будзе працаваць, але першая мне падабаецца найболей, хаця яна, можа, не адразу зразумелая, але прачытаўшы кніжку, чытач зразумее, у чым там справа”.

Калі стала вядома, што кніга Віктара Сазонава выйдзе ў “Гарадзенскай бібліятэцы”, яго прынялі ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Журналіст і літаратар Уладзімір Хільмановіч кажа, што і новая кніжная сэрыя, і літаратурныя сустрэчы, якія наладжвае ў Горадні Рух “За свабоду”, вельмі прывабліваюць яго і ягоных сяброў.

Хільмановіч: “Я мяркую, што цікавасьць да сучаснай літаратуры, яна ўзрастае, у пэўным сэнсе гэта рэнэсанс цікавасьці, якая назіралася дваццаць гадоў таму, у часы гарадзенскага клюбу “Паходня”, калі на такія сустрэчы прыходзіла вельмі шмат людзей. Цяпер перажываецца нешта падобнае, людзі “наеліся” палітыкі, жарсьцяў грамадзка-палітычных і іх цікавіць літаратура. Мне здаецца, што зараз спрыяльны, удзячны час для пісьменьнікаў у тым сэнсе, што беларуская эліта, людзі, якія цікавяцца творчасьцю, яны маюць сёньня смагу і голад гэтага чытаньня, слуханьня. Таму добра, што выходзяць кніжкі, што адбываюцца сустрэчы літаратурныя, шкада, што такіх сэрыяў недастаткова, што наклады не такія вялікія. Але назіраецца цікавасьць да такіх прэзэнтацый, да літаратуры ўвогуле ў розных жанрах”.