Калі жывеш з думкай пра зьмены, пра тое, што так доўжыцца ня можа ці не павінна, што гэтая рэальнасьць – пераходная, бо ўсё ня так, -- ты сам і ўвасабляеш часовасьць усяго, што адбываецца навокал. Ты адкладаеш свае задумкі на заўтра, калі “стане лепей”, калі “прыйдуць нашы”, калі “скончыцца гэтае бясчасьсе”. Але насамрэч ты жывеш у блаславёныя дні. Бо ніколі ў памятнай табе гісторыі ні ты, ні іншыя не пачуваліся нагэтулькі вольнымі ды раскаванымі што да словаў, што да справаў, як цяпер. З досьведу ўсяго, што адбывалася на нашым веку, з досьведу іншых краінаў сьвету, з досьведу шматлікіх рацыянальных тэорыяў мы ня знойдзем для свайго часу такіх прапановаў, як можа быць чалавеку яшчэ лепей. Як у казцы? Як на Захадзе? Як дзе?..
Лепей ня будзе
Для таго, хто займаецца беларушчынай, не было іншага лепшага часу за ўсю гісторыю беларушчыны й тых, хто ёю займаўся. Было толькі горш. Што, безумоўна, стымулявала імкненьні патрыётаў і ў змаганьні і ў творчасьці. Сёньня мы можам казаць толькі пра адну перашкоду – не спрыяе дзяржава. Але мала таго, што гэткі закід ніяк ня тычыцца тваіх уласных творчых магчымасьцяў і жаданьняў, дык ён яшчэ й не стоадсоткавы. Дзяржава і спрыяе, і не спрыяе.
Зрэшты, так уладкаваны чалавек -- ён заўсёды будзе наракаць на сваю долю, бо яму патрэбная нейкая незалежная ад яго прычына ягонага нежаданьня або няўмельства. Ён скардзіцца без увагі на тое, у якой краіне жыве й якую ролю ў ягоных памкненьнях адыгрывае дзяржава. Скардзіцца і паляк, і француз, і амэрыканец. Штосьці заўсёды ня так.
Як зразумець, што ты жывеш у блаславёным месцы і ў блаславёны час? Для гэтага існуюць кнігі.
Напэўна, вы заўважалі, што ў розным веку адна й тая ж кніга можа ўспрымацца па-рознаму? Дый грамадзкія дыскусіі пра тое, што Дастаеўскага ня варта чытаць у школе, ня першы год абуджаюцца то там, то тут. “Злачынства й пакараньне”, якое пасьля дваццаці можа стаць падручнікам жыцьця, у пятнаццаць застаецца ў памяці толькі брутальнай сцэнай забойства, якая зараз жа ператвараецца ў анэкдот.
Але тое, што тычыцца адпаведнасьці чытва вашаму асабістаму веку, можна сказаць і пра адпаведнасьць абранай кнігі той эпосе, у якой вы сёньня жывяце й вашым з гэтай эпохай адносінам.
Ну калі гэта ўсё скончыцца?
У сваіх “Акаянных днях” Іван Бунін апісвае ўласныя назіраньні ў часы бальшавіцкага перавароту ў Расеі. Лейтматыў дзёньніка – пытаньне: калі гэта скончыцца? Гэта – неверагодныя бясчынствы, поўная маральная дэградацыя, вынішчэньне ўсяго лепшага, што было нажыта за мінулыя часы. Прыблізна гэтак многія ўспрымаюць і сёньняшнюю сытуацыю ў Беларусі. Бунін бескампрамісна й пасьлядоўна адмаўляе ўладу часовага ўраду й бальшавікоў. Камісары – спрэс учорашнія катаржнікі, Ленін – бязь лішніх словаў – жывёла. Расея – адзін вялікі канец сьвету. Прыблізна гэтак шмат хто выказваецца пра сёньняшні рэжым у Беларусі. Нават словы падбіраюцца тыя самыя. Інакш кажучы, “Акаянныя дні” – надзвычай дакладнае пападаньне ў нашу сёньняшнюю сьвядомасьць. І той, хто даўно ці не аднойчы ўжо чытаў гэтую кнігу, сёньня, перачытваючы, апынецца з аўтарам на адной хвалі й адкрые для сябе шмат праўды, найперш, пра сябе самога. Вось характэрныя словы пра змагароў з рэжымам:
“Мне Скабічэўскі прызнаўся аднойчы:
-- Я ніколі ў жыцьці ня бачыў, як расьце жыта. То бок, можа, і бачыў, ды не зьвярнуў увагі.
А мужыка, як асобнага чалавека, ён бачыў? Ён ведаў толькі “народ”, “чалавецтва”. Нават знакамітая “дапамога галодным” адбывалася ў нас неяк літаратурна, толькі з прагі лішні раз убрыкнуць урад, падвесьці пад яго лішні падкоп. Страшна сказаць, але праўда: ня будзь народных бедзтваў, тысячы інтэлігентаў былі б проста найняшчасьнейшыя людзі. Як жа тады засядаць, пратэставаць, пра што крычаць і пісаць? А бяз гэтага й жыцьцё было б не жыцьцё”.
Галоўнае адрозьненьне ад нашага часу палягае ў тым, што ў Буніна ледзьве ня ў кожным радку – факты масавага бясчынства, рабунку й забойстваў. Мужыкі, якія восеньню сямнаццатага году напалі на панскую сядзібу, “абшчыпалі, абарвалі для пацехі пер’е з жывых паўлінаў і пусьцілі іх, скрываўленых, лётаць, кідацца, тыкацца з пранізьлівымі крыкамі абы куды”. Гэты прыклад зьдзічэньня выглядае ледзьве не мэтафарай сярод бясконцай чарады банальных і беспрычынных забойстваў людзей. Напоўніцу дастаецца і паўсталаму народу. Рымляне, -- піша аўтар, -- ставілі на лоб сваім катаржнікам адмысловае таўро. А гэтым і ставіць нічога ня трэба, і так усё бачна.
“Званкі на Свабоду”
Уражвае тое, што наш час у параўнаньні з апісаным у Буніна -- ня тое, што не такі, а процілеглы яму. Ніхто не жыве ў пастаяннай боязі быць зараз і ні за што забітым, не чытае ў газэтах пра масавыя расстрэлы й пагромы на суседняй вуліцы. Але словы для характарыстыкі сваёй эпохі людзі часьцяком падбіраюць тыя самыя, “максымальныя”. Маю на ўвазе некаторых сталых удзельнікаў перадачы “Званкі на Свабоду”, апазыцыйных палітыкаў і аўтараў старонак у інтэрнэце. Турбуе ня столькі тое, што “максымальныя” словы ад частага ўжываньня страчваюць сваю сілу й імі ўжо нельга будзе перадаць сапраўдную бяду, колькі тое, што скажаецца адчуваньне эпохі, у якой мы жывем.
Вандруючы па Беларусі, я заўважаю, што паўсюднае катэджнае будаўніцтва, якое яшчэ ўчора абурала сваёй бесталковасьцю, сёньня пачынае сябраваць з эстэтыкай. Чалавек ужо не імкнецца проста закапаць грошы, а хоча, каб ягоная сядзіба выглядала прыгожа, ня горш, чым дзе-небудзь у Эўропе. Побач з масавым прывыканьнем да таго, што Беларусь – незалежная краіна, зьяўляецца больш глыбокае разуменьне, што яна яшчэ й самабытная. Мы ня проста набудуем усякіх казіно – “як там” – а будзем культываваць тое сваё, чаго “там” няма. Найперш – сваю некранутую цывілізацыяй прыроду, свае традыцыйныя звычаі, здаецца, яшчэ крыху, і беларусы дададуць у гэты шэраг -- сваю родную мову.
Вядома, ёсьць мноства праблем, але не такіх, якія нельга было б вырашыць. Працягваючы Бунінскую мэтафару, трэба сказаць, што ў Беларусі сёньня час разьвядзеньня паўлінаў, а не жывадзёрскага шалу й забойства. Што будзе потым, ня ведае ніхто. Адзінае з таго нямногага, чаму вучыць гісторыя, – што перамены ў лепшы ці горшы бок адбываюцца часьцяком тады, калі іх патрабуюць нашы сэрцы й нашы душы. Гэта значыць, што жывучы ў блаславёныя часы са сьветаадчуваньнем акаянных дзён, мы міжволі спрыяем прыходу апошніх.
Казкі на заўтрашні дзень
І вось тут трэба сказаць пра тое, што адрозьнівае дзёньнікі Буніна ад сёньняшніх апакаліптычных прагнозаў. Пісьменьнік, які апынуўся ў сытуацыі поўнага адчаю й зьняверанасьці ў сваім народзе ды ў гістарычнай справядлівасьці, ня толькі перамагае свой адчай ужо тым, што піша й хавае свае нататкі перад пагрозай ператрусу, а яшчэ й тым, што вышуквае й фіксуе ў інфармацыйным патоку крыві й бесчалавечнасьці, які абрынаецца штодня з газэт, з чутак і пераказаў, тыя выключныя выпадкі супрацьлеглага самапачуваньня й паводзінаў людзей у гэты кашмарны час. Такіх прыкладаў зусім няшмат, але яны павінны быць. Калі не ў рэальнасьці, дык у памяці – з тых колішніх дзён, якія цяпер выглядаюць для Буніна як блаславёныя. Яны як крохкія крупінкі надзеі на тое, што бясчынствам некалі прыйдзе канец, бо ў прыродзе твайго народу ёсьць ня толькі крымінальная антрапалёгія, бо чалавек заўсёды можа зьмяняцца.
Мужыкі асуджаюць аднавяскоўца-дэзэрціра:
“-- Што ж мала наваяваў?.. Ты што ж, казённую шапку, казённыя порткі надзеў, каб дома сядзець? Ты б ужо лепей зусім туды ня езьдзіў, сволач ты гэткая! Вазьму вось, зьдзяру зь цябе порткі й чобаты ды галавой аб сьцяну! Рады, што начальства цяпер у вас няма, падлюга! Навошта цябе бацька з маці кармілі?
Мужыкі падхапілі, паднялі агульны абураны крык”.
Аўтару важна, што гэткае абурэньне паспалітыя людзі выказваюць ад сябе на фоне агульнае ўхвалы дэзэрцірства, што сыходзіць ад бальшавікоў. Салдат, які ўцёк дадому, перажывае сапраўдны канфуз, бо там, адкуль ён уцёк, дэзэрцірства прызнаецца за доблесьць.
Па сутнасьці ўвесь Бунінскі дзёньнік – ня столькі фіксацыя катастрофы, колькі вышукваньне гэтых самых крупінак адваротнага. Можа быць, нашы сёньняшнія пэсымісты ня робяць гэтага, бо станоўчых прыкладаў занадта шмат, каб зьвяртаць на іх увагу? Але, назіраючы за тым, як цяжка пісьменьніку вывуджваць з газэт і з памяці сьветлыя прыклады рэчаіснасьці, міжволі зробіш выснову пра тое, што ў блаславёныя часы трэба пісаць блаславёныя кнігі, каб было чым ратавацца ў акаянныя дні.