Маладафронтавец Зьміцер Хведарук, якога гвалтоўна забралі ў войска, зноў у шпіталі. Гэтым разам мэдыкі высьвятляюць ці прыдатны ён, наагул, да вайсковай службы. Франак Вячорка абскарджвае рашэньне міжгарнізоннага вайсковага суду. Іван Шыла будзе здаваць не два, а адзін экзамэн, а Алесь Каліта адзначыў свой першы юбілей.
Зьміцер Хведарук праслужыў два дні пасьля таго, як правёў амаль месяц у мэдычнай роце ў Барысаве. Перад тым ён знаходзіўся ў шпіталі, дзе яму зрабілі апэрацыю на венах, а яшчэ раней ў санчастцы ў Жодзіне, куды гвалтоўна прывезьлі служыць маладафронтаўца.
Гэтым разам хлопца вырашылі абсьледаваць наконт прыдатнасьці да вайсковай службы, тое, чаго не зрабіла мэдычная вайсковая камісія перад тым, як накіраваць хлопца на службу ў войска.
Зьміцер Хведарук апавёў, што ў яго зноў пачаліся праблемы з-за таго, што ён размаўляе па-беларуску.
“Самы першы лекар, які правяраў маю прыдатнасьць да службы ў войску, быў псыхіятар, палкоўнік мэдычнай службы. Размаўлялі зь ім: я па-беларуску, ён – па-расейску. Раптам у яго зьмяніўся настрой. Ён амаль пачаў крычаць ня мяне, што я яго не паважаю, бо ён палкоўнік, а я толькі шараговы, што ён размаўляе са мной па-расейску, а нібыта зьдзекуюся зь яго, размаўляючы па-беларуску.
Ён спытаў мяне дзе я жыву. Я адказаў, што ў Менску на вуліцы Славінскага. Ён сказаў, што мой дом будавалі расейцы і таму я павінен размаўляць па-расейску.
У нашай краіне 90% людзей, як ён сказаў, размаўляюць па-расейску. Як я, увогуле, маю нахабства і права размаўляць па-беларуску.
Пагражаў мне, што напіша заключэньне, што я дэбіл, бо ня змог вывучыць расейскую мову.
Я спытаў чаму беларус ня мае права размаўляць па-беларуску і сказаў, што мы жывем у Беларусі, а не ў Расеі”.
Франак Вячорка падаў скаргу на рашэньне міжгарнізоннага суду. 5 траўня вырашыцца ці пагадзіцца вышэйшая інстанцыя зь яго высновамі.
Бацька Франка Вінцук Вячорка будзе прысутнічаць на разглядзе скаргі.
“Для міжнародных структураў гвалтоўны палітычны прызыў, такая ж тэма як і палітычныя вязьні. Мы абскарджваем рашэньне фактычна спыніць расьсьледаваньне аб незаконным прызыве.
На жаль, застаюцца праблемы са здароўем: праблемы з ціскам, з сэрцам.
Мы чакаем выкананьня абяцаньня мясцовага камандаваньня накіраваць яго спачатку ў паліклініку мясцовую, а потым яго трэба зьмяшчаць у вайсковы шпіталь”.
Франак падаў рапарт, каб яму дазволілі прыехаць на разгляд касацыі. Пакуль няма адказу камандаваньня.
Іван Шыла рыхтуецца здаваць 9 чэрвеня экзамэн па ангельскай мове. Тыдзень таму ён атрымаў дазвол здаваць экзамэн на атэстат у Лепелі, але ў школе паведамілі, што, магчыма, давядзецца яшчэ здаць экзамэн па інфарматыцы. Сёньня пытаньне вырашылася на карысьць аднаго экзамэну.
Гаворыць бацька Івана Уладзімер Шыла:
“Ён будзе ўсё ж здаваць адзін экзамэн. Адзінае пытаньне застаецца: адпусьцяць, ці –не. Я спрабаваў высьветліць як там рухаюцца справы ў Менскім абласным судзе. Так і не знайшлі ні справу, ні чалавека, які будзе ёй займацца. Думаю, што пасьля выходных буду ўжо нешта ведаць”.
Алесю Каліце 1 траўня споўнілася 25 гадоў. Ягоныя сваякі і сябры не змаглі ў гэты дзень паціснуць яму руку, бо ў частцы дагэтуль працягваецца карантын з-за вятранкі. Сябры накіравалі Алесю віншавальныя паштоўкі і лісты.
Жонка Алеся Наста Александровіч распавяла, што яе мужа павіншавалі салдаты. У вайсковай частцы існуе на гэты конт традыцыя.
“На дзень народзінаў салдаты аддаюць сваё сьметанковае масла імяніньніку. Каліта на свой дзень народзінаў на вячэру атрымаў больш за кіляграм масла. Трэба есьці тое масла, якое табе скінулі ў талерку”.
Зьміцер Жалезьнічэнка рыхтуецца на так званы “дэмбель”. Праз два месяцы скончыцца тэрмін ягонай вайсковай службы і Зьміцер будзе дома. Хлопец, які вучыўся ў Гомельскім унівэрсытэце на выдатна, у войску рыхтуецца да ўступных экзамэнаў у ВНУ.