“У Лукашэнкі ня будзе шанцаў вярнуцца наступны раз ва ўладу”

Пасьля візыту ў Рым і Ватыкан кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка паабяцаў найбліжэйшым часам вырашыць пытаньне, хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце “Ўсходняга партнэрства” ў Празе, які адбудзецца 7-га траўня. Паводле А.Лукашэнкі, “калі некаму няёмка, што на саміт паедзе Лукашэнка, то Лукашэнкі там ня будзе”. Аднак ён заявіў, што нібыта прэм’ер Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі спадзяецца ўбачыць яго на саміце, “як і іншыя кіраўнікі”. Ці ўдалося кіраўніку Беларусі праціснуцца ў Эўропу праз Рым і Ватыкан? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з палітолягам Алесем Лагвінцом.

Дашчынскі: Нагадаем, што ад сярэдзіны 90-х гадоў гэта быў першы значны візыт кіраўніка Беларусі ў Заходнюю Эўропу. Раней ён быў зь візытам у Францыі на запрашэньне Жака Шырака. А таксама падчас наведваньня Гановэрскай выстаўкі напрыканцы 90-х яму ўдалося пагутарыць з тагачасным кандыдатам на пасаду канцлера Нямеччыны Гэрхардам Шродарам. Пасьля цяперашняга візыту, ці можна меркаваць, што А.Лукашэнку ўдалося-такі трапіць у асяродзьдзе эўрапейскіх палітыкаў?

Лагвінец: “Тое, што адбываюцца сустрэчы, ёсьць адлюстраваньнем наяўнасьці і разьвіцьця кантактаў беларускіх кіраўнікоў з эўрапейскімі лідэрамі. Але ці стаіць у адным шэрагу А.Лукашэнка з дэмакратычна абранымі лідэрамі Заходняй Эўропы – асабліва ў тым кантэксьце, што яны ўвесь час падлягаюць кантролю з боку грамадзянскай супольнасьці, прынамсі, у выглядзе вольнай прэсы? Гэтае пытаньне застаецца адкрытым.

Заўсёды трэба пакідаць для чалавека шанец і магчымасьць выправіцца. Але папярэднія дзеяньні ўнутры палітыкі і вельмі нядаўнія выказваньні А.Лукашэнкі па ранейшаму робяць яго ў пэўнай ступені ізгоем нармальнай цывілізаванай палітыкі
Заўсёды трэба пакідаць для чалавека шанец і магчымасьць выправіцца. Але папярэднія дзеяньні ўнутры палітыкі і вельмі нядаўнія выказваньні А.Лукашэнкі па ранейшаму робяць яго ў пэўнай ступені ізгоем нармальнай цывілізаванай палітыкі. Той факт, што ён узяў у Італію дзіця і паўсюль сьвяціў яго, ня ёсьць таксама агульнапрынятымі дыпляматычнымі нормамі паводзінаў эўрапейскіх лідэраў. Таму, каб далучыцца да цывілізаваных, адказных палітыкаў Эўропы, А.Лукашэнку трэба зрабіць вельмі шмат намаганьняў адносна сваіх дзеяньняў, выказваньняў і наогул сваёй палітыкі найперш у дачыненьні да свайго ўласнага народу”.

Дашчынскі: Ці паедзе ж ён на саміт у Прагу? Вакол гэтага пытаньня выказваюцца, фактычна, процілеглыя пазыцыі і розныя вэрсіі?

Лагвінец: “Я думаю, што пытаньне штучна разьдзьмутае. Пасьля візыту Лукашэнкі ў Рым, сустрэчаў з папам рымскім і прэм’ер-міністрам Італіі ягоны ўдзел ці няўдзел у саміце ў Празе зараз губляе сваю вастрыню. Факт сёньня ёсьць такі, што дзьверы ў Эўропу для беларускіх чыноўнікаў сёньня пакінутыя адчыненымі. Эўрапейскі зьвяз будзе спрабаваць паўтараць жэсты добрай волі ў дачыненьні беларускіх кіраўнікоў, спадзеючыся, што яны ўрэшце рэшт зразумеюць, што ёсьць агульнапрынятыя правілы гульні. І што варта гэтыя правілы прымаць, бо па іх гуляюць усе цывілізаваныя эўрапейскія краіны”.

Тое, што прэм’ер-міністар Італіі вельмі неадназначная асоба і што ў яго могуць быць пэўныя аўтарытарныя тэндэнцыі, як у лідэра, гэта агульнапрызнана ў той жа Італіі
Дашчынскі:
Але я нагадаю такі пасаж А.Лукашэнкі на адрас Бэрлюсконі: “Які б ён ня быў дыктатар, як яго называюць, але 75% італьянцаў яму давяраюць”. Кіраўнік Беларусі знайшоў блізкіх сабе па духу?

Лагвінец: “Тое, што прэм’ер-міністар Італіі вельмі неадназначная асоба, і што ў яго могуць быць пэўныя аўтарытарныя тэндэнцыі, як у лідэра, гэта агульнапрызнана ў той жа Італіі. Але давер вымяраецца таксама паводзінамі і здольнасьцю палітыка выйграваць у канкурэнтнай, адкрытай барацьбе. Бэрлюсконі пацьвердзіў гэта некалькі разоў, быў двойчы пераабраны, гэта яго трэці ўрад. Я думаю, што калі А.Лукашэнка сыдзе ў апазыцыю, то калі раскрыецца праўда, як ён сябе паводзіў цягам апошніх гадоў, у яго ня будзе ніякіх шанцаў вярнуцца наступны раз ва ўладу”.

Дашчынскі: Чаму ж кіраўнік Беларусі, аднак, паехаў у Рым і Ватыкан? І нават выступіў арганізатарам сустрэчы папы рымскага з патрыярхам Кірылам?

Лагвінец: “А.Лукашэнку вельмі моцна залежыць, каб дагрукацца да новых мэтавых групаў у беларускім грамадзтве, паколькі ён адчувае, што ягоная мадэль дажывае апошнія дні. І яму трэба дэманстраваць дзівосы свайго палітычнага майстэрства, якое ён, на вялікі жаль, мае. Дзеля таго, каб захоўвацца хоць як на плыву. І апошняя інтэнсыфікацыя палітычных камунікацый з грамадзтвам, ягоныя вандроўкі па краіне, сустрэчы за мяжой і такая вельмі актыўная палітыка ў дачыненьні да каталіцкай царквы можа сьведчыць пра пачатак новага цыклю палітычнай кампаніі А.Лукашэнкі”.