Лябедзька: “Акт палітычнай капітуляцыі з рук Эўропы”

Анатоль Лябедзька

Знаходзячыся зь візытам у Рызе, міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў пацьвердзіў, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка разам зь іншымі кіраўнікамі постсавецкіх краін — удзельніц праграмы “Ўсходняе партнэрства” будзе прысутнічаць на саміце ЭЗ у Празе. Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, некаторыя палітыкі меркавалі, што кіраўнік Беларусі, маўляў, не паедзе ў Прагу, бо яго прысутнасьць на саміце непажаданая.
“Лукашэнка зыходзіць са сваіх прагматычных інтарэсаў. Яму патрэбна прыняць у Празе акт палітычнай капітуляцыі з рук Эўропы ў прысутнасьці першых асобаў эўрапейскіх краінаў. Па другое, яму трэба накіраваць некалькі пасланьняў-мэсыджаў да асобных групаў насельніцтва ў Беларусі.

У сытуацыі крызісу для Лукашэнкі надзвычай важна даць сыгнал намэнклятуры, што ён моцны палітык, што яго прызнае Эўропа, што ён кантралюе сытуацыю. І гэта будзе пасыл, каб вэртыкаль не распаўзалася. Яму трэба пасланьне да сваіх апанэнтаў, што прызнаюць менавіта яго і ён будзе на сустрэчы зь лідэрамі, а не прадстаўнікі АДС. І яму трэба псыхалягічная перамога, каб умацаваць дэзынтэграцыйныя тэндэнцыі ўнутры дэмсілаў. І яму патрэбна пасланьне для тых, хто вагаецца, — што для яго адчынены эўрапейскія дзьверы.

Ён пастараецца сабраць з гэтага максымум, што яму патрэбна. І я прагназую, што ня будзе ніякіх дэмаршаў у Празе. Нават калі скажуць, што тут дэфіцыт дэмакратыі, то для Лукашэнкі гэта будзе ўсё роўна як пахвала. Але на ўсю катушку будуць працаваць некалькі камэраў беларускай тэлевізіі“.