Сёньня прэзыдыюм палітрады аб’яднаных дэмсілаў адмежаваўся ад выказваньняў старшыні БСДП ”Грамада” Анатоля Ляўковіча, зробленых у інтэрвію газэце “Советская Белоруссия”. Прэзыдыюм палітрады АДС заявіў, што зьмест гэтага інтэрвію супярэчыць рашэньням, якія прынятыя аб’яднанымі дэмсіламі.
СЛУХАЦЬ:
Паводле заявы прэзыдыюму палітрады АДС, старшыня БСДП “Грамада” Анатоль Ляўковіч пакуль ня мае права выступаць у якасьці сустаршыні АДС. Ацэнку выказваньням у інтэрвію палітыка павінны даць сябры ягонай партыі. З гэтай мэтай, паводле Мечыслава Грыба, БСДП “Грамада” правядзе свой прэзыдыюм. Спадар Ляўковіч, які выступіў на прэзыдыюме палітрады АДС, патлумачыў, што хацеў выкарыстаць трыбуну шматтыражнай газэты, каб даць ацэнку палітычнай сытуацыі ў краіне за апошнія 15 гадоў. Ён сказаў, што плянаваў шырэйшую дыскусію па гэтым пытаньні з удзелам рэгіянальных кааліцый АДС. Аднак бальшыня сяброў прэзыдыюму гэтую прапанову спадара Ляўковіча заблякавала. Кіраўнік інфармацыйнага цэнтру АДС Юры Пацёмкін адзначыў:
“Няма сэнсу гуляць на руку ўладам, бо відавочна, што гэта было адной з мэтаў публікацыі інтэрвію з такім зьместам, — каб распачаць такую дыскусію і справакаваць вось такі падзел на “канструктыўную” і “неканструктыўную” апазыцыю. І, як пажартаваў падчас паседжаньня Віктар Івашкевіч, гэта такая спроба ўладаў зрабіць “канструктыўны” АДС. Але гэтага не атрымаецца. Пазыцыя БНФ вельмі жорсткая: калі да канца ня будзе высьветленае гэтае пытаньне, то яны могуць выйсьці з кааліцыі”.
Паводле лідэра ПКБ Сяргея Калякіна, спадар Ляўковіч зрабіў пэўныя ацэнкі не таму, што ў яго такая пазыцыя, а з той прычыны, што яго заблытаў аўтар інтэрвію Вячаслаў Оргіш. Паводле Віктара Івашкевіча, калі гэта так, то ў спадара Ляўковіча ёсьць магчымасьць зрабіць абвяржэньне. Інакш сябры партыі павінны адмежавацца ад гэтых выказваньняў.
“Калі яны яго падтрымліваюць, то партыя павінна выйсьці з АДС. Калі не падтрымліваюць, то павінны адпаведнае заявіць і прыслаць адпаведна ў АДС чалавека, які б адлюстроўваў пазыцыю партыі”.
У інтэрвію карэспандэнту “Свабоды” спадар Ляўковіч заявіў: ён перакананы, што сябры партыі падтрымаюць яго пазыцыю.
“Я перакананы. Я выконваў волю сяброў партыі, па вялікім рахунку. Бо больш за год нізавыя арганізацыі казалі пра тое, што тактыкі, як Оргіш фармулюе, барыкаднай барацьбы — недастаткова. Што трэба працаваць і па-іншаму. Прынамсі Берасьцейская і Віцебская абласныя арганізацыі, найбольш моцныя ў партыі, даўно ўносілі ініцыятывы на ўзроўні мясцовых уладаў, што трэба рабіць гэта і гэта. Наша партыя абавязкова будзе дыскутаваць гэтае пытаньне”.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч адзначыў, што ў сёньняшнім паседжаньні ня браў удзелу прадстаўнік руху “За свабоду”. Камэнтуючы рашэньне АДС, Віктар Івашкевіч адзначыў:
“Ідэя ісьці на службу рэжыму, бо — надакучыла быць у апазыцыі, ня хочам быць дысыдэнтамі, хочам быць канструктыўнымі, пазытыўнымі, — гучыць ня толькі ад Ляўковіча. Ён яе проста ясна сфармуляваў. Тое самае заяўляе і Аляксандар Мілінкевіч у больш мяккай форме і шмат хто іншы. І ўся гэтая псэўдаканструктыўнасьць, а на мой погляд, капітуляцыя, — гэта кампанія дзеля легітымізацыі рэжыму ў Эўропе, якой займаецца і адміністрацыя прэзыдэнта, і шэраг эўрапейскіх палітыкаў, і шэраг былых дзеячаў апазыцыі, якім закарцела быць пазыцыяй”.
У сяброў палітрады ўзьнікала нават пытаньне адносна таго, ці правільна спадар Ляўковіч разумее дэмакратыю. Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін адзначыў:
“Самае галоўнае, ці ёсьць дэмакратыя? Калі зыходзіць з таго, што кіраўнік краіны павінен забясьпечваць толькі дабрабыт свайго народу, то гэта адно. Але дабрабыт можа забясьпечыць і нейкі фюрэр, дыктатар. Ніякі дабрабыт, тым больш што гэта такое яшчэ вельмі сумнеўнае пытаньне — ці ён быў, ня можа замяніць сапраўдную дэмакратыю. І няма ніякіх падстаў лічыць кіраўніка нашай дзяржавы дэмакратам — нават стыхійным”.