Чаму Лукашэнку абавязкова патрэбныя перамогі?

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 21-га красавіка.
Пасьля перамогі зборнай каманды Гомельскай вобласьці па хакеі над камандай прэзыдэнта зьявілася інфармацыя, што трэнэр гамяльчан Лебедзеў быў звольнены з працы. Чым патлумачыць прагу Лукашэнкі да перамог у спартовых спаборніцтвах? Як ацаніць культ спорту, які ствараецца ў Беларусі? Чаму рацыянальныя паводзіны Лукашэнкі як палітыка не распаўсюджваюцца на яго спартовыя захапленьні?

Удзельнікі: кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук і рэдактар аналітычнага бюлетэня “Беларускі тыдзень” Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Лукашук
Аляксандар Класкоўскі
Валер Карбалевіч

Патрэба ў пераможным допінгу?


Валер Карбалевіч: “Скандал са звальненьнем хакейнага трэнэра, чыя каманда перайграла каманду прэзыдэнта, дае падставу пагаварыць аб праблеме, якая сягае далёка за межы спорту, хакею. Лукашэнка ўжо амаль 15 гадоў — адзіны ўсеўладны кіраўнік дзесяцімільённай краіны. Дзяржаўныя мэдыі стварылі вобраз мудрага, чыстага, бясхібнага кіраўніка, якога любіць і аднадушна падтрымлівае ўвесь народ. Здавалася б, гэта павінна было б поўнасьцю задаволіць ягоную прагу да ўлады, перамогаў, славы, велічы.

Але ж вось атрымліваецца, што статусу палітычнага трыюмфатара яму недастаткова. Ён увесь час імкнецца стаць кумірам тысяч заўзятараў, перамагаць пад шум трыбунаў. Што гэта такое? Патрэба няспыннага допінгу ў выглядзе штодзённых перамог? Ці рэалізацыя дзіцячай мары стаць спартовай зоркай, пра што ён сам казаў у некаторых інтэрвію?“

Аляксандар Лукашук: “Мне падаецца ўвогуле вельмі цікаваю тая ўвага, якую Аляксандар Лукашэнка аддае спорту і свайму ўдзелу ў ім. У пэўным сэнсе ён абапіраецца на гістарычныя традыцыі. Скажам, у старажытным Рыме на баях глядыятараў прысутнічалі ўсе, ад імпэратара да народу.

Вядома, шмат кіраўнікоў дзяржаваў аддаюць увагу спорту, самі займаюцца ім. Прэзыдэнт ЗША Барак Абама — баскетбаліст і ходзіць на баскетбольныя матчы. Папярэдні прэзыдэнт Джордж Буш цікавіўся бэйсболам, быў уладальнікам спартовай каманды. Былы прэзыдэнт Расеі Пуцін захапляецца дзюдо, горнымі лыжамі.

Але тут, у Беларусі, мы маем нешта іншае: імкненьне да татальнай перамогі. Гэта азначае, што кіраўнік дзяржавы ўспрымае сьвет як гульню з нулявой сумаю: альбо ты абсалютна перамог, альбо ты ўсё прайграў. Калі здаўся і стаіш перада мною на каленях, тады я магу цябе памілаваць. Яшчэ адзін крок, і ўзгадаем словы пісьменьніка Максіма Горкага: “Калі вораг не здаецца, яго зьнішчаюць”. Гэтая лексыка перамогі аднолькавая што ў палітычным, што ў сацыяльным, што ў спартовым вобразе кіраўніка дзяржавы.

Толькі татальная перамога

Лукашук: “Тры гады таму я патрапіў на адну гульню з удзелам Лукашэнкі. Тады каманда прэзыдэнта гуляла з камандай прэсы Расеі ў спарткомплексе “Юнацтва” ў менскім парку Горкага. Да прэзыдэнцкіх выбараў заставалася недзе дзесяць дзён. Вось некалькі ўражаньняў ад гэтай гульні.

Уся заля была запоўненая “сувораўцамі”, якіх прыгналі туды больш чым за гадзіну да пачатку гульні. Адна трыбуна была для гасьцей, туды панура прыцягнуліся міністры, рэдактары дзяржаўных газэт і інш.

І вось пачалася гульня. У камандзе прэсы Расеі гулялі журналісты. А ў камандзе прэзыдэнта гулялі прафэсіяналы, сябры зборнай Беларусі, якія гулялі ў вышэйшых лігах, удзельнічалі ў чэмпіянатах сьвету. Плюс некалькі аматараў: сыны Лукашэнкі, ён сам.

Пад уражаньнем убачанага я даў прагноз, што перамога Лукашэнкі будзе 82% галасоў. Бо чалавек прымае толькі татальную перамогу.
Першы пэрыяд заканчваецца зь лікам 2:1 на карысьць каманды прэзыдэнта. Пасьля перапынку расейская каманда выходзіць на лёд, а беларускай няма. Няма 5 хвілін, няма 10 хвілін. Яны зьяўляюцца на лёд праз 25 хвілін. Яны выходзяць самі не свае, з тварамі забойцаў. І пачалі проста зьнішчаць расейскую каманду. Было відавочна, што адбылося з камандай у перапынку. Пачалося зьбіцьцё праціўніка. Гэта далёка выходзіла за межы таварыскай гульні.

Запомніўся яшчэ адзін эпізод. Там былі свае правілы, за парушэньні гульцоў не выдалялі, а прабівалі буліты. Лік быў 15:2. Думалася, што дадуць забіць камусьці з аматараў. Але Лукашэнка запатрабаваў, каб буліт прабіваў лепшы гулец каманды, майстар спорту міжнароднай клясы. Гэта было дабіваньне да апошняга канца.

Пасьля гульні я даваў інтэрвію тэлеканалу СNN. Пад уражаньнем убачанага я даў прагноз, што перамога Лукашэнкі будзе 82% галасоў. Бо чалавек прымае толькі татальную перамогу“.

Рэалізацыя дзіцячых летуценьняў

Аляксандар Класкоўскі: “Тут працуе комплекс чыньнікаў. Першае, што ляжыць на паверхні, — спартовыя перамогі як складнік іміджу. Лукашэнка вызнае імідж моцнага лідэра. А моцны лідэр павінен быць моцны ва ўсім. А спорт — гэта тая сфэра, дзе моц праяўляецца ў аголеным, першабытным выглядзе.

Але тут трэба карыстацца ня толькі паліталягічным інструмэнтарыем, але і інструмэнтарыем з сфэры ідэалёгіі. Псыхолягі даводзяць, што чалавек імкнецца кампэнсаваць, дабраць тое, чаго не дабраў у дзяцінстве.

Яго перагульваць — гэта, калі хочаце, замах на дзяржаўную ідэалёгію.
Я належу да таго ж пакаленьня, што і Лукашэнка. Памятаю, у 60-х — пачатку 70-х гадоў была эпоха трыюмфу савецкага хакею. Гэта ўздымалася на ідэалягічную вышыню. І калі хлапчукі бачылі, як асілкі савецкай зборнай атрымлівалі мэдалі, кубкі, думаю, многія марылі апынуцца на іхнім месцы. А ў вёсцы жылі небагата, ня ўсе маглі дазволіць сабе купіць канькі, клюшку. У кагосьці зь цягам часу гэтыя комплексы выветрыліся, а камусьці гэтыя летуценьні запалі глыбока ў душу.

І вось уявім сабе чалавека, у якога зьдзейсьніліся мары, якія здаваліся недасягальнымі, у палітычнай плашчыні, — і настала чарга рэалізоўваць увесь рэестар летуценьняў.

Ёсьць і ідэалягічны момант. У нейкім сэнсе прэзыдэнт апынуўся закладнікам дзяржаўнай ідэалёгіі. Паводле яе, у краіне ёсьць адзін палітык, і ён павінен быць першым ва ўсім. Ён лепей за ўсіх ведае, як сеяць, жаць, заліваць бэтон. Паводле гэтай лёгікі ён і ў хакеі павінен быць найлепшым. І яго перагульваць — гэта, калі хочаце, замах на дзяржаўную ідэалёгію“.

Як ацаніць культ спорту, які ствараецца ў Беларусі?


Карбалевіч: “Можа, у такой празе да спорту нічога дрэннага няма? Можа, як даводзяць афіцыйныя мэдыі, праз гэты культ спорту ствараецца вобраз Беларусі як спартовай нацыі? І, дарэчы, краіна мае зусім нядрэнныя спартовыя посьпехі. І ў будаўніцтве 20-30 лядовых палацаў у райцэнтрах падчас крызісу — няма нічога дрэннага? А прэзыдэнт падае народу прыклад здаровага ладу жыцьця? Як вы лічыце?”

Лукашук: “Ніводзін прэзыдэнт, у ніводнай краіне ня можа выкарыстоўваць дзяржаўныя сродкі для задавальненьня свайго хобі. Хакей — вельмі дарагі спорт. Будаваць лядовыя палацы і падтрымліваць іх у працоўным стане пры нашым клімаце — гэта вельмі дорага, патрэбна шмат энэргарэсурсаў. Патрэбна спэцыяльнае абсталяваньне, форма, канькі. Таму ні пра які масавы спорт і аздараўленьне гаварыць не даводзіцца”.

Класкоўскі: “Зразумела,
Можна было за гэтыя грошы пабудаваць больш прасьцейшых спартовых пляцовак у розных мікрараёнах.
сучаснай эўрапейскай краіне патрэбная добрая спартовая інфраструктура. Нават калі краіна і ня надта багатая, але трэба будаваць нешта навырост.

Але тое, што ствараецца, нагадвае “пацёмкінскія вёскі” ў выглядзе дарагіх спартовых аб’ектаў, якія выкарыстоўваюцца ня надта эфэктыўна. Сапраўды, хакей — ня самы масавы і дарагі від спорту. Можна было за гэтыя грошы пабудаваць больш прасьцейшых спартовых пляцовак у розных мікрараёнах, а іх катастрафічна нестае. Тыя спартовыя арэны, якія ёсьць, пераведзеныя на камэрцыйную аснову.

І адначасова шалёнымі тэмпамі расьце п’янства і алькагалізм. Бо продаж алькаголю дае добры прыбытак. У выніку атрымліваюцца фарысэйскія развагі пра здаровы лад жыцьця, а народ проста спойваюць“.

Аб’ектыўныя законы сыстэмы

Карбалевіч: “Няма сумневу, што ў палітычнай сфэры Лукашэнка — рацыянальны палітык з выдатнай палітычнай інтуіцыяй, адчуваньнем соцыюму, яго мэнтальных імпульсаў. У гэтым зь ім цяжка спаборнічаць.

А вось калі Лукашэнка надзявае спартовую форму, усе гэтыя таленты раптам зьнікаюць. Прага да перамогі засланяе здаровы сэнс. Яго каманда перамагае каманды, складзеныя з алімпійскіх чэмпіёнаў з былой зборнай СССР ці канадзкіх прафэсіяналаў з НХЛ. Спаборніцтвы з удзелам прэзыдэнта ператвараюцца ў падзею вялікага палітычнага маштабу, на якія сілай зганяюць людзей. Падаецца, што сам Лукашэнка абсалютна не адчувае фарсавасьці сытуацыі і, мусіць, сапраўды лічыць сябе выбітным хакеістам. Як гэта ўсё патлумачыць?“

Лукашук: “Цяжка патлумачыць, што ён насамрэч думае пасьля гэтых перамогаў. У тым матчы, пра які я расказваў, пасьля гульні Лукашэнка пад’ехаў да расейцаў, была цырымонія фатаграфаваньня, яна цягнулася хвілін 20.
Падаецца, што яго пераконваюць, што ён выйграе па заслугах, у справядлівай гульні.
Кожнаму гульцу расейскай каманды ўручылі прызы ў выглядзе каробак. Падаецца, Лукашэнка вельмі хацеў прызнаньня гэтых пераможаных, зь якімі ён гуляў на адным полі. Тут быў і інстынкт папуліста. Падаецца, што яго пераконваюць, што ён выйграе па заслугах, у справядлівай гульні.

У цэлым яму цяжка ўспрымаць сьвет, у якім цэніцца ўменьне годна прайграць, не абавязкова быць першым. Відавочна, мы маем справу з адзінокім чалавекам, які мае мала прасторы, каб быць самім сабой. Бо ў публічнай прасторы ён павінен абавязкова выйграваць з разгромным лікам“.

Класкоўскі: “Былыя Лукашэнкавы калегі часоў ягонага дэпутацтва ўзгадваюць, што ён хваравіта ўспрымаў паразы пры гульні ў футбол. А стаўшы прэзыдэнтам, стварыўшы сыстэму аднаасобнай улады, няцяжка страціць самакантроль.

Потым, ёсьць аб’ектыўныя законы сыстэмы. У гэтай сыстэме няма месца канкурэнцыі. Калі хтосьці замахваецца на ўладныя прэрагатывы Лукашэнкі, той абвяшчаецца адмарозкам. Вобраз непераможнага правадыра экстрапалюецца і на спорт. Калі палітычная сыстэма выродлівая, то яна дэфармуе ўсе астатнія сфэры”.