Сёньня калегія Гарадзенскага абласнога суду разгледзела скаргі прэс-сакратара незарэгістраванага Саюзу палякаў Ігара Банцара і кіраўніка гарадзкой арганізацыі Саюзу ў Горадні Мечыслава Яскевіча.
Яны лічаць неправамерным тое, што Ленінскі раённы суд гораду аштрафаваў іх за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, хоць яны не атрымлівалі позвы і не прысутнічалі на паседжаньні. Калегія абласнога суду пакінула рашэньне ў сіле. Паводле яго, І.Банцар і М.Яскевіч павінны заплаціць штраф: кожны — па 525 тысяч рублёў.
Адвакат Ігар Сазановіч зазначыў пасьля калегіі, што яны па-ранейшаму лічаць рашэньне суду Ленінскага раёну адносна Банцара і Яскевіча незаконным. Апроч таго, было дапушчана грубае парушэньне іхніх правоў пры разглядзе спраў, аднак нішто з гэтага не было ўзята пад увагу абласным судом, зазначыў адвакат.