“Будзьма беларусамі!” сьвяткуе паўгода

Агульнанацыянальная грамадзкая культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” сёньня адзначала паўгода. Гэта час, за які яна пасьпела заявіць сваю прысутнасьць у культурным полі краіны і сфармавала сталае кола партнэраў. Так ацанілі эфэктыўнасьць кампаніі яе каардынатары на сустрэчы з журналістамі.

На пачатку назаву колькі лічбаў, якія сёньня прагучалі на прэсавай канфэрэнцыі. Паўгода таму ініцыятыву наладзіць кампанію па кансалідацыі беларусаў на глебе нацыянальных каштоўнасьцяў падтрымала адзінаццаць арганізацыяў, цяпер партнэрамі кампаніі зьяўляюцца ўжо трыццаць адна грамадзкая структура. Свае прапановы па супрацы за гэты час прыслалі каардынатарам больш за сто арганізацыяў. За паўгода праведзена больш 450 культурніцкіх акцый, якія зрабілі кампанію вядомай ва ўсіх кутках Беларусі.

Алена Макоўская
“Мы пераканаліся, што кампанія разьвіваецца ў правільным накірунку”, — сказала адна з каардынатараў старшыня “Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская і дадала важную дэталь:

“У рэгіёнах мерапрыемствы кампаніі адбываюцца па ўзгадненьні і з дазволу раённых выканкамаў. Прадстаўнікі гэтых выканкамаў бяруць удзел у шмат якіх імпрэзах. Перашкодаў на сваім шляху мы ня бачылі. Мы можам сказаць, што толькі некалькі мерапрыемстваў не адбыліся з-за асабістых перасьцярог нейкіх чыноўнікаў на месцах”.

Спадарыня Макоўская падкрэсьліла, што кампанія культурніцкая і адкрытая для ўсіх.

“Мы лічым, што такое пытаньне, як кансалідацыя беларусаў — гэта пытаньне дзяржаўнай важнасьці і некалькі тыдняў таму мы разаслалі лісты да мясцовых выканкамаў, да іншых арганаў улады з прапановай сумеснай дзейнасьці ў рэалізацыі іх культурных задачаў. Таксама такі ліст пайшоў у адміністрацыю прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Можам сказаць, што сёньня ўжо ідуць водгукі ад мясцовых выканкамаў, водгукі досыць пазытыўныя”.

«Фольк-мадэрн Беларусі» — кружэлка ад «Будзьмы»
Сустрэчы зь пісьменьнікамі, мастацкія выставы, канцэрты беларускіх музыкаў і да таго падобныя акцыі праводзіліся і да кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Што зьмянілася зь яе пачаткам? Намесьніца старшыні Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская сказала, што галоўны плюс кампаніі ў тым, што яна надала гэтым акцыям рэгулярнасьць і зрабіла беларускую прысутнасьць заканамернай ва ўсіх рэгіёнах краіны.

“Ідучы разам пад адным лёзунгам „Будзьма беларусамі!“ з аднолькавым візуальным лягатыпам і „Бацькаўшчына“, і Таварыства беларускай мовы, і іншыя арганізацыі мы імкнёмся давесьці грамадзянам усёй нашай краіны адчуваньне значнасьці, шматграннасьці, сучаснасьці і пэрспэктыўнасьці ўсіх відаў і жанраў беларускамоўнай культуры. Каб тыя, хто сутыкаецца зь беларускамоўнымі імпрэзамі, тыя, хто цікавіцца, ці тыя, у каго гэта мімаходзь паўстала на шляху, каб у гэтых людзей узьнікала спрычыненасьць да супольнай культурнай беларускай прасторы”.

Першая паштоўка сэрыі “Знакамітыя людзі Беларусі” — з Камоцкім і Барадуліным
Пра эфэктыўнасьць кампаніі мэтафарычна выказаўся адзін зь яе актыўных удзельнікаў мастак Артур Клінаў:

“Гэтая як тое аграмаднае заржавелае кола, якое трэба раскруціць. І першы штуршок даецца неверагоднымі высілкамі. Але з кожным наступным штуршком каэфіцыент карыснага дзеяньня будзе расьці і прыйдзе час, калі гэтае кола закруціцца само, і тады ўжо яго будзе ні спыніць, ні стрымаць”.

Пад час сёньняшняга сьвята была прэзэнтаваная першая паштоўка сэрыі “Знакамітыя людзі Беларусі”, на якой партрэты народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна і барда Алеся Камоцкага. А таксама быў прадстаўлены першы музычны дыск “Фолькмадэрн Беларусі”.