Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – пэнсіянэр-чарнобылец з Нароўлі Ўладзімер Бібік. Сёньня Ўладзімер Бібік расказвае журналісту Аляксандру Байчуну пра стасункі шарагоўцаў зоны зь дзяржаўнай вэртыкальлю.
– Я адношуся да “бунтаўшчыкоў” – да тых, каго ў свой час улады баяліся, калі змагаліся на пачатку Чарнобыля за свае правы. У нас высыпаўся ёд-131. Спрабавалі тармазіць актыўнасьць, але мы стаялі на сваім. Чалавек шэсьць тады было тут самых-самых, аднак неўзабаве пачалі даваць кватэры ў Берасьці, яшчэ недзе – карацей, куды далей ссылалі, каб не бунтавалі больш, і я застаўся тут адзін…
Уладзімер Бібік. Зусім хутка ў яго юбілей – 75 гадоў. Большую частку дарослага жыцьця пражыў у Казахстане. Дадому вярнуўся перад самым выбухам на ЧАЭС. Уласны дом сам будаваў ужо пасьля таго, як горад трапіў у радыяцыйную зону. Спадар Бібік на сёньня – адзін зь нямногіх “легальных”, як ён жартуе, апазыцыянэраў у Нароўлі. Сваім чалавека у падчарнобыльлі яго лічаць і БНФ, і АГП. |
– Уплыў вэртыкалі вельмі нэгатыўны: народ “з’абыякавіўся”… Хіба ці ня ўшчэнт…Маўляў, нібыта нічога і не здарылася, не было ніякай навалы. І цяпер людзі проста імкнуцца хоць нейкім чынам выжываць. А ня жыць… Ні рыба, ні мяса. Або інакш: нібы прэсная вада…
– Дык што: зона перастала адчуваць, што яны – зона?
– З аднаго боку нам крычаць: вось гэта забароненае, вось тое ня ешце, а зь іншага – усе зьбіраюць грыбы там, дзе тое рабіць нельга. Аднак жа робяць! Бо прывыклі да такой закускі… Але ў выніку дадаем сабе дозу.
Не, дзяржава ня дужа заклапочаная зонай.
– У чым тое выяўляецца?
– Страшэнны бюракратызм: фактычна нікуды ня мае сэнсу зьвяртацца са сваімі клопатамі. Хоць галавой разьбі сьценку! Нават для дзіцяці малога ня вырашыш ніякага пытаньня.
– То бок – няма дыялёгу?
– Усё кіраваньне скіраванае на той, каб, ня дай Бог, пра раён не сказалі нешта дрэннае, каб падсапсавалі раённы аўтарытэт – усё мусіць быць толькі ў чыстых яркіх фарбах.
– Высокі раённы аўтарытэт – гэта высокія тоны, цэнтнэры, літры?
– Галоўнае – тут ня можа быць нічога дрэннага! Выставіць яго папросту не дапусьцяць. Перакрыюць кісларод тым жа пісьмовым скаргам на любы верх. А калі і даляціць нешта ў Менск, дык адтуль усё вяртаецца ў кабінэты, на якія якраз людзі і скардзяцца.
– А мясцовая прэса?
– Ай, пра што вы?! І гамонкі няма. Я некалькі разоў спрабаваў адкрыта размаўляць з рэдактарам, дык у адказ: “Мы – орган Нараўлянскага райвыканкаму! Яны нам плоцяць грошы і робім тое, што скажуць”.
– Дык ёсьць жа яшчэ “абраньнікі народныя”, саветы…
– Гэта – фактычная намэнклятура кіраўніцтва тутэйшага. Ніхто з дэмакратаў у нашым раёне не пралезе туды ні за якія грошы. Ні пры якіх умовах.
– І дэпутаты маўчаць пра чарнобыльскую праблематыку?
– У нейкую там палату ад нас нехта зь Ельскага раёну, дык ня бачым…
– Маўчыць?
– Так – і ня бачым, і ня чуем…