Падставіць, каб пасадзіць

У барацьбе са злачыннасьцю беларускія праваахоўнікі і кантралёры ўсё часьцей ужываюць гэтак званыя апэратыўныя экспэрымэнты, падчас якіх правакуюць людзей на парушэньні закону.
Летась Павал вярнуўся ў Гомель да маці з калёніі. Да таго адсядзеў некалькі гадоў за распаўсюд наркотыкаў, на волі трапіў у шпіталь, некалькі месяцаў хварэў. Калі ачуняў, пачаў шукаць працу. Убачыў аб’яву ў газэце: фірме патрэбныя тынкоўшчыкі. Раней калісьці “шабашыў” у Расеі і таму вырашыў: гэта для яго. Ужо праз паўгадзіны Павал быў на прызначаным месцы. Яшчэ праз колькі хвілін патрапіў на сёмае неба ад шчасьця: сказалі, што бяруць, не зьвярнулі ўвагі на судзімасьць, працаваць сказалі ўжо ад заўтра. Больш за тое, самі прапанавалі мільён рублёў у аванс. Павал падпісаў патрэбныя паперы і атрымаў грошы. І бухнуўся з сёмага неба на падлогу.

“Каб чалавек нікуды не падзеўся, не перайшоў на іншую працу, яму і даюць задатак. Гэта звычайная рэч. Вось і я гэта прыняў як належнае. А мне праз хвіліну паказваюць пасьведчаньне: гэта, аказваецца , кантрольная закупка ці экспэрымэнт. Карацей, што быццам я працую і не плачу падаткаў”.

Экспэрымэнт аказаўся ўдалы. Праз два тыдні быў суд. Судзьдзя палічыла, што Павал працуе незаконна, ухіляецца ад аплаты падаткаў і аштрафавала на 350 тысяч рублёў.

Маці парушальніка, Вольга Шамрыева, атрымлівае столькі пэнсіі у месяц. Жанчына не выключае, што сын працу так і ня знойдзе. Такім чынам ёй, каб сплаціць штраф сына, давядзецца ашчаджаць год. Калі Вольга Міхайлаўна разьбіралася з правінай сына, даведалася, што падобныя экспэрымэнты — шырока распаўсюджаная ў Гомелі практыка.

“Хадзіла ў падаткавую інспэкцыю. І даказвала ім, і лаялася. А яны паказвалі мне цэлы журнал такіх самых, як сын. Але, канечне, працу па аб’явах не шукаюць жа тыя, у каго ўсё добра. А вось як мой сын, які вызвалены зь месца зьняволеньня — куды не хадзіў, паўсюль не бяруць”.

Найбольш маці беспрацоўнага абурае тое, што кантралёры самі правакуюць на парушэньне: прапануюць грошы, а потым за іх жа цягнуць у суд.

Вольга Міхайлаўна дала мне тэлефон, на які званіў яе сын, каб знайсьці працу. Тэлефаную. Малады чалавек, які назваўся Русланам, адказаў, што пакуль тынкоўшчыкі непатрэбныя, а прыйдзе час — зьявіцца новая аб’ява.



Валер Леванеўскі
Былы вязень, прадпрымальнік Валер Леванеўскі перакананы, што міліцыі ды іншым праваахоўным і кантралюючым органам зьверху спускаюць плян выкрыцьця парушальнікаў, які немагчыма выканаць бяз гэтак званых апэратыўных экспэрымэнтаў. Паводле спадара Леванеўскага, гэта найчасьцей выкарыстоўваецца ў барацьбе з карумпаванымі чыноўнікамі, распаўсюднікамі наркотыкаў, несумленнымі мытнікамі. Там, дзе без удзелу другой асобы не абысьціся. Аднак Валер Леванеўскі заклікае адрозьніваць экспэрымэнты ад правакацыяў.

“Падкрэсьліваю, гаворка пра правакатараў. Правакацыя — гэта апэрацыя супраць чалавека, які раней ня быў заўважаны ў такім злачынстве. Гэта страшная зьява, яна паразіла грамадзтва, паколькі міліцыянту ці сьледчаму пракуратуры альбо кантралёру ня трэба праводзіць складанае расьсьледаваньне. Дастаткова ўзяць любога, арганізаваць супраць яго правакацыю, пасьля аформіць яе як апэратыўны экспэрымэнт і пасадзіць чалавека ў турму”.

На думку Валера Леванеўскага, беларускія ўлады, змагаючыся з карупцыяй праз правакацыі чыноўнікаў, дасягаюць адваротнага выніку: сапраўдныя хабарнікі становяцца больш асьцярожнымі і падымаюць свае тарыфы. А ў сілкі, расстаўленыя апэратыўнымі супрацоўнікамі, трапляюць людзі, якія без спакусы засталіся б сумленнымі.

Сяргей Парсюкевіч
Былы міліцыянт Сяргей Парсюкевіч згадвае: калі ён служыў у 1990-ых гадах у міліцыі, “экспэрымэнты” былі вельмі рэдкай з’явай.

“Экспэрымэнты былі, але не ў такіх памерах. За год па аддзеле было, прыкладам, два-тры хабары. А цяпер жа ідзе павальна. Паказчыкі ўвесь час давай, давай, а яны ўвесь час растуць. Але ж гэтак карупцыю ўсё роўна не перамагчы. Трэба сыстэму мяняць. Рабіць так, каб чыноўнік не вырашаў усё адзін. А калі ад яго ўсё залежыць, тады ён разьлічвае ад гэтага нешта атрымаць”.

З свайго досьведу Сяргей Парсюкевіч ня змог згадаць выпадку, каб апэратыўны супрацоўнік адмовіўся праводзіць экспэрымэнт, ведаючы наперад, што чалавек потым будзе асуджаны. “Аднак тады і не было экспэрымэнтаў супраць любога. Працавалі толькі супраць тых, пра каго дакладна была інфармацыя, што чыноўнік бярэ хабар”, — сказаў Сяргей Парсюкевіч.

Валянцін Сукала
Летась старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала запэўніў, што ўсе справы, заснаваныя на апэратыўных экспэрымэнтах, “вельмі ўважліва вывучаюцца на прадмет парушэньня закону з боку сьледчых”. Вядомы прыклад, калі ў Горадні звольнілі супрацоўніка міліцыі, які парушыў закон, справакаваўшы знаёмую дзяўчыну на злачынства. Пры гэтым прысуд ня быў адменены. Што да самой практыкі апэратыўных экспэрымэнтаў, старшыня Вярхоўнага суду сказаў, што “ёсьць віды злачыннасьці, з якімі інакш змагацца не ўдаецца”.



Два гады 70-ці гадовы вэтэран Айчыннай вайны Андрэй Кірылец чакае з калёніі ўнука Мішу:

“У яго адно гора на другое. Калі яшчэ быў на свабодзе, то зрабіў такое глупства: набыў кампутар, а грошы ўзяў у крэдыт”.

Унук Андрэя Кірыльца — таксама ахвяра апэратыўнага экспэрымэнту. Знаёмы прапанаваў адвезьці па пэўным адрасе невялічкі пакунак. За добрыя грошы. Знаёмы аказаўся правакатарам, а ў пакунку — наркотыкі. На судзе правакатар нават не прысутнічаў, унуку Андрэя Кірыльца далі 8 гадоў калёніі. Магчыма, на волі Міхал ужо знайшоў бы добрую працу, аддаў бы грошы за кампутар. А так будзе сядзець яшчэ 6 гадоў, з бацькоў суд будзе спаганяць грошы за кампутар, які сын так і не пасьпеў засвоіць. І яшчэ невядома, чым Міхал зоймецца па выхадзе з калёніі. Былы вязень Валер Леванеўскі кажа, што тыя, хто трапіў у турму праз экспэрымэнт і адбыў за кратамі болей за 5 гадоў, ужо ніколі ня стануць на шлях выпраўленьня, паколькі выходзяць на волю азлобленыя на ўсіх людзей.